Яна агучвала гісторыі палітвязняў.
Галівудская актрыса Джыліян Андэрсан, вядомая многім па ролі ў серыяле «Сакрэтныя матэрыялы», удзельнічала ў стварэнні беларускага павільёна «Official. Unofficial. Belarus» для Венецыянскага біенале, піша «Наша Ніва».
Актрыса Джыліян Андэрсан. Фота: gilliana / Instagram
У сторыз інстаграма яна напісала:
«Я ганаруся тым, што працавала разам з гэтай камандай, даўшы свой голас для запісаных сведчанняў нядаўна вызваленых беларускіх палітычных зняволеных у межах гэтага праекта.
Іх моцныя гісторыі расказваюць пра тое, што значыць страціць свой дом і сваю сям’ю; пра тое, як нанова знайсці сябе і паспрабаваць стварыць новы дом у іншай краіне. Данесці гісторыі гэтых мужных людзей да свету жыццёва важна».
У акаўнта актрысы ў інстаграме 3,7 мільёна падпісчыкаў.
Гісторыі палітзняволеных агучвалі таксама акцёры Джуд Лоў, Стывен Фрай, Джаана Ламлі.
Беларускую выставу на біенале зрабіла каманда Беларускага свабоднага тэатра разам з мастакамі і кампазітарамі. Куратаркі праекта — Наталля і Даніэла Каляда.