Любая вандроўка пачынаецца з дарогі. І, калі едзеш з дзеткамі, дарога можа стаць сур’ёзным выпрабаваннем. Паміма розных нязручнасцяў, з ёй звязаных, маленькім (ды й дарослым) часта стае сумна: у цягніку, машыне ці самалёце не зоймешся звыклымі справамі, не пабегаеш. Каб ваша дарога стала больш прыемнай, прапануем падборку гульняў ды забавак, якімі можна заняцца ў дарозе.
Такімі забаўкамі вы «заб’еце» адразу некалькі зайцоў. Па-першае, наладзіце больш цесныя камунікацыі (на якія звычайна бракуе часу) са сваімі дзеткамі. Праз некаторыя гульні можна даведацца пра псіхаэмацыянальны стан, мары, магчыма, нейкія цяжкасці ў жыцці вашага сына ці дачкі, пра якія яны не раскажуць у звычайным рэжыме. Па-другое, «дарожныя» гульні — цудоўная магчымасць развіваць назіральнасць, уважлівасць, фантазію, папаўняць слоўнікавы запас. Ну і, канешне, дарога з гульнямі значна весялейшая, і час пралятае хутка.
Гульні, якія патрабуюць мінімальнай падрыхтоўкі
«Чароўны мяшэчак». У якую-небудзь яркую торбачку складзіце дробныя, цікавыя рэчы. Гэта могуць быць улюблёныя цацкі, грэцкі арэх, старыя ключы, пясочны гадзіннік і д.п. Самым маленькім дзеткам будзе цікава нават проста перабіраць і разглядаць гэтыя прадметы. Можна распавядаць ім пра функцыі кожнага. Альбо прыдумляць цікавыя гісторыі-прыгоды, у якія траплялі прадметы з мяшэчка. Напрыклад, «Ты ведаеш, чаму гэты ключык патрапіў у наш мяшэчак? Даўным-даўно ён жыў у краіне ключоў. Але не хацеў проста адчыняць і зачыняць свой замочак. А вырашыў павандрааць па свеце...»
Яшчэ адзін варыянт гульні з «чароўным мяшэчкам» — адгадваць навобмацак, што там за прадметы. Альбо знайсці навобмацак названы прадмет, не адкрываючы мяшэчак.
«Гісторыі». Для яе патрэбны толькі аркуш паперы, асадка і ваша фантазія. Лепш, калі гульцоў 3-5, але можна гуляць і ўдваіх. На аркушы па чарзе гульцы пішуць словы, якія б адказвалі на наступныя пытанні:
— хто?
— з кім?
— калі?
— што рабілі?
— навошта?
Прычым пісаць трэба так, каб астатнія не бачылі, што напісана (напісаць і загнуць аркуш). Калі ёсць адказы на ўсе пытанні, аркуш разварочваецца і зачытваецца ўся «гісторыя» цалкам. Спіс пытанняў можна пашыраць/мяняць. Звычайна атрымліваецца вясёлая «гісторыя».
«Калякі-малякі». Таксама патрэбна папера і каляровыя алоўкі. Адзін з гульцоў (вядучы) задумвае карцінку і малюе адзін элемент (напрыклад, вуха). Астатнія па чарзе мусяць дамалёўваць таксама па адным элеменце карцінкі, але той, якую яны «ўбачылі». Задача вядучага — не гледзячы на ўсе дамалёўкі астатніх, усё ж намаляваць тое, што ён задумаў першапачаткова.
2-гі варыянт: вядучы малюе нешта незразумелае, астатнія прыдумляюць, што гэта і тлумачаць, чаму яны так вырашылі.
Напрыклад, гэта мядзведзь, які лезе па дрэве з аваротнага ад гледача боку. Чым больш абстрактная карцінка, тым цікавей прыдумляць, што на ёй намалявана.
Гульні са словамі
Для гэтых гульняў не патрэбны ні папярэдняя падрыхтоўка, ні дадатковыя прадметы ці інструменты. Толькі жаданне добра пабавіць час.
Асацыяцыі. Можна гуляць і ўдваіх, і ў вялікай кампаніі. Вядучы задумвае агульнага знаёмага (можна з кола гульцоў) альбо усім вядомую асобу. Астатнія гульцы задаюць вядучаму пытанні на асацыяцыі і намагаюцца адгадаць, каго ён задумаў. Прыклады такіх пытанняў: з якім колерам у цябе асацыюецца гэты чалавек? Дзеяннем? Горадам? Жывёлай? І да таго падобнае. Праз такую гульню можна адкрыць для сябе шмат чаго цікавага. Напрыклад, даведацца, з якой жывёлай вы асацыюецеся ў сваіх дзяцей.
«Бязглуздая бязглуздзіцца». Тут усё проста: трэба прыдумаць сказ (альбо нават апавяданне), усе словы ў якім будуць пачынацца на адну літару. Перамагае той, у каго сказ даўжэйшы. Сэнс тут асабліва значэння не мае. Напрыклад, абіраем літару «Г»: Голая гусь гучна гулялася грушамі.
«Знакаміты дэтэктыў». Вядучы агучвае які-небудзь вынік, астатнія — дэтэктывы. Яны мусяць прыдумаць гісторыю, якая б лагічна патлумачыла, што адбылося. Напрыклад, вядучы кажа: на беразе возера стаяць чырвоныя пантофлікі, на адным не хапае банціка. Гаспадыні нідзе не бачна.
Дэтэктывы мусяць «правесці сваё расследаванне» і расказаць усім, што тут адбылося. Іншыя гульцы могуць задаваць удакладняючыя пытанні, выказваць недавер. Задача «дэтэктыва» патлумачыць усё лагічна.
Адносна рухомыя гульні
Гэта ў асноўным гульні на ўвагу, але яны дазваляюць і парухацца, што важна асабліва для самых маленькіх.
«Мышы». Вядучы падымае руку далонню ўніз. Астатнія гульцы прыхінаюць знізу да яго далоні свае ўказальныя пальцы (у залежнасці ад колькасці гульцоў ці абодва, ці па адным) — гэта мышы. Вядучы кажа: «У мяне пад стрэхай для мышэй пацеха. Раз, два, тры — мышку ты злаві!» і сціскае далонь, намагаючыся «злавіць» чый-небудзь палец. Калі злавіў — той, чый палец злоўлены, становіцца вядучым.
«Піяніна». Гульцы сядаюць побач, так, каб сагнутыя ў каленях ногі, стаялі адным шэрагам. Кожны кладзе рукі далоніямі ўніз на калені суседзяў. І пачынаюць «разыгрываць нотныя гамы»: ад першага гульца ўсе па чарзе злёгку хлопаюць далонню па назе, на якой яна ляжыць. Калі увесь шэраг «прахлопаў», апошняя далонь пачынае занава — «гама» ідзе ў адваротны бок. Калі нехта хлопнуў не ў час альбо прапусціў сваю чаргу, ён прыбірае далонь. Так, пакуль не застанецца хтось адзін — самы ўважлівы. Пачынаць можна павольна, паступова павялічваючы хуткасць. Можна «ўскладняць» задачу: напрыклад, правай рукой «націскаем клавішу» 1 раз, а левай — 2. Альбо — кожная трэцяя «клавіша» мусіць «сыграць» 3 разы і г.д.
«Перагарні ды хлопні». Гэтая гульня разлічана на дваіх. У яе можна гуляць не толькі ў дарозе, але і чакаючы на прыпынку свайго аўтобуса, стоячы ў чарзе і г.д. Адзін з гульцоў выцягвае рукі наперад далонямі дагары. Другі — кладзе свае далоні наверх. Задача першага — раптоўна выцягнуць свае далоні з-пад далоняў другога гульца і хлопнуць імі зверху. Задача другога, адпаведна, — паспець прыбраць свае далоні да хлапка. Калі не паспеў, то гульцы мяняюцца месцамі.
Спадзяемся, з такімі гульнямі вашы вандроўкі стануць яшчэ больш цікавымі і прыемнымі!
АЯ, budzma.org