Беларуская спявачка Ганна Шаркунова на пачатку жніўня выпусціла новую песню «Дарога дадому», якая стала нагодай для гутаркі з Delfi.
Крыніца: govorim.by
Па словах Ганны Шаркуновай песня была напісаная праз некалькі тыдняў пасля таго, як спявачка з’ехала з Беларусі, 1,5 гады таму.
«Як мне падавалася, я з’ехала тыдні на два з надзеяй, што ўсё ў краіне наладзіцца і можна будзе вярнуцца дадому», — гаворыць яна.
Гэта быў момант «фатальнага смутку», таму Ганна песню нікому не паказвала.
«Я знаходзілася ў жудасным стане, і толькі цяпер дазволіла сабе неяк жыць», — распавядае яна.
Таксама Ганна Шаркунова адзначае, што песня «Дарога дадому» актуальная зараз не толькі для беларусаў, але і для ўкраінцаў, якія таксама страцілі свой дом.
«Мы ўсе сумуем па доме, і гэтая песня аказалася важнай не толькі для мяне, а для многіх людзей, якія адчуваюць тое самае», — кажа Ганна.
На пытанне, пра ад’езд з Беларусі і што стала апошняй кропкай для прыняцця такога рашэння, Ганна Шаркунова кажа: «Проста ты знаходзішся ў прасторы, дзе тваё базавае пачуццё бяспекі парушанае. Калі пакутуюць блізкія людзі, сябры, калі побач усё менш людзей, якіх гэта не зачапіла. Проста не разумееш, як далей жыць. Працаваць немагчыма. Захацелася падыхаць іншым паветрам».
На несправядлівасць і жорсткасць уладаў спявачка адказвала песнямі.
«Мой пратэст (супраць падзей у жніўні 2020 г.) — гэта мая творчасць».
Так тады з’явілася «Песня шчаслівых людзей» — «песня вялікай надзеі мільёнаў беларусаў на светлае будучае, на шчасце, на мірныя перамены. Нам падавалася, што яны магчымыя».
«Я тады збірала сяброў, амаль усе яны пацярпелі. Цяпер гэта песня разбураных надзей», — гаворыць Шаркунова.
З Беларусі Ганна Шаркунова з’ехала ў Кіеў, які месцамі вельмі нагадваў ёй Мінск. Яна адзначае, што ў Кіеве ніхто ні разу яе не папракнуў, што яна размаўляе на рускай мове.
«...І я дакладна ведаю, што там не трэба было нікога ратаваць...»
24 лютага 2022 г. яна зноў была вымушаная з’язджаць.
«У мяне пяцігадовае дзіця, ты прачынаешся ў пяць гадзін ранку, чуеш выбухі — мабілізацыя ўсяго арганізма адбываецца. Ты настолькі сабраны. Не думаеш ні пра што, проста шукаеш машыну і суткі на вадзе і сухарах едзеш. Ты не разумееш, што цябе чакае, ты бачыш гэтыя самалёты, што над табой лётаюць. Проста ехалі і спадзяваліся на лепшае», — распавядае яна.
Спявачка ў эфіры таксама распавяла пра тое, што толькі зараз пачала выбірацца з таго стану, да якога шмат каго прывёў 2020 год, таксама падкрэслівае, што цяпер будзе «жыць у моманце». «Бо гэтыя два гады — яны проста парэзаныя».
«Але мне хочацца так шмат зрабіць для сваёй вуліцы, для сваёй краіны — гэта пачуццё нікуды не падзелася. Я ведаю, беларусы вельмі дбаюць пра сваю краіну. Яны павінны быць дома. Нам вельмі шмат трэба зрабіць», — перакананая Ганна.