Згодна гістарычным даследаванням, тут пачынаўся Мінск, побач з ракой Менка. У 1067 годзе паселішча было знішчана, адбудавалі яго ў новым месцы, побач з ракой Свіслач, дзе зараз стаіць горад Мінск.
Самае ўнікальнае гарадзішча Беларусі
Даследавалі гарадзішча яшчэ з 1930-х гадоў. Першыя паўнавартасныя раскопкі прайшлі ў 1954 годзе пад кіраўніцтвам Аляксея Мітрафанава, пасля вал і селішча даследаваў Эдуард Загарульскі. Залаты час вывучэння гарадзішча быў у 1975 – 1983 гг., тады яны праводзіліся пад кіраўніцтвам самага аўтарытэтнага археолага БССР, доктара гістарычных навук Георгія Штыхава. Падчас даследаванняў археолаг даказаў, што менавіта на рэчцы Менка пачынаўся Менск.
Пасля вал доўгія гады даследаваў Юры Заяц, які таксама зрабіў нямала адкрыццяў. З 2011 года даследаванні вядзе археолаг і кандыдат гістарычных навук Андрэй Вайцяховіч. Па словах Глеба Лабадзенкі, аднаго са стваральнікаў сядзібы-музея «Стары Менск», што знаходзіцца на Менцы, за апошнія тры гады раскопы былі закладзеныя ў пяці месцах, адзін з іх на тэрыторыі самой сядзібы-музея.
Тады былі знойдзены парэшткі хаты ХІ стагоддзя і донцы з гербам Усяслава Чарадзея!
Як прафесар гісторыі злавіў «чорнага археолага»?
Месца даволі багатае на гісторыю і знаходкі, таму часам тут з’яўяліся вандалы: «Са сваім сябрам спачатку знаходзілі ямкі ў ваколіцах ад рыдлёвак. Два разы за апошні год бачылі людзей з металашукальнікамі і рыдлёўкамі. Выклікалі міліцыю, першага вандала аштрафавалі на 15 базавых велечыняў. 7 верасня 2021 года пасярод дня злавілі чорнага капальніка. Заўважыў яго прафесар Краўцэвіч», – распавядае Лабадзенка.

Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч прыехаў на гарадзішча з сям’ёй: «Ідзем і бачу – капальнік арудуе каля самога вала, з рыдлёўкаю і металашукальнікам. Я пазваніў Глебу і паведаміў пра гэтага вандала».
Глеб з сябрам заўважылі «чорнага археолага» ўжо каля могілак ХVIII стагоддзя: «Ён нас убачыў і пачаў уцякаць, пакуль мы выклікалі міліцыю. Бег ён да самай Пцічы, больш за тры кіламетры ад нас уцякаў, пераходзіў праз Менку, спрабаваў нас заблытаць». Пазней капальніка затрымаў нарад міліцыі, які прыбыў на месца. Калі мужчыну прывезлі на тое месца, дзе ён капаў, ён сазнаўся, што ямы былі выкапаныя ім.
Як караюцца законам «чорныя раскопкі»?
Згодна закону КаАП Рэспублікі Беларусь, мужчына парушыў артыкул 20.6 КаАП РБ «Незаконны пошук і абарот археалагічных артэфактаў». За гэта прадугледжаны штраф ад 15 да 50 базавых велічынь, магчыма яшчэ канфіскацыя металашукальніка. Сведкам у справе выступіў прафесар Краўцэвіч. Пасля трох судовых паседжанняў, 9 лістапада «чорнама археолага» пакаралі штрафам у памеры 435 рублёў. Глеб Лабадзенка зазнаўчыў: «Гэты выпадак павінен быць урокам для ўсіх вандалаў, што спрабуюць руйнаваць помнікі археалогіі». Пазнаёміцца з некалькімі сотнямі археалагічных знаходак Х-ХІ стагоддзяў, дазнацца пра гісторыю раскопак можна ў сядзібе-музеі «Стары Менск».
Алесь Масевіч, budzma.org