Гарлячка — элемент неглюбскага строя, нацыянальнага касцюма, ці сучасны аксесуар?

28.05.2024 Гісторыя

Бісернае шыйнае ўпрыгожанне гарлячка набывае папулярнасць і як элемент нацыянальнага, і сучаснага строя з беларускім акцэнтам. Першапачаткова такія прыкрасы насілі ў некаторых раёнах Гомельшчыны. Ці варта надзяваць гарлячку да традыцыйнага строя з іншых рэгіёнаў? Ці спалучаецца яна з сучасным адзеннем? Распавядаем гісторыю гэтага традыцыйнага бісернага ўпрыгожання і спрабуем адказаць на пастаўленыя пытанні.


Sialianie ŭ tradycyjnym adzienni
 Сяляне ў традыцыйным адзенні. Сярэдзіна XX ст., Неглюбка, Веткаўскі раён. Апублікавана ў 1981 г. у альбоме Міхася Раманюка «Беларускае народнае адзенне»


Гарлячка ў традыцыі

Як піша Вольга Пярмінава ў кнізе «Бісерапляценне ў беларускай традыцыі», бісер і пацеркі вядомыя на тэрыторыі Беларусі з ранняга Жалезнага веку. Бісерныя маністы археолагі знаходзяць падчас раскопак па ўсёй краіне. У XVIII ст. на знакамітай урэцкай шкломануфактуры, адзінай у Рэчы Паспалітай, што займалася вытворчасцю люстэркаў, выраблялі і бісер. Другое месца яго прадукцыі — мануфактура шкляных пацерак у Гародні. Аднак у канцы ХІХ — пач. ХХ ст. бісерныя ўпрыгожанні былі часткай традыцыйнага строя толькі на Ніжнім Пасожжы, то-бок гэта лакальная, а не агульнабеларуская з’ява. Росквіт іх вырабу — сярэдзіна ХХ ст., калі традыцыйнае ўбранне ўсё яшчэ насілі, а ў крамах з’явіўся танны бісер.

Lietni stroj maladoj žančyny
Летні строй маладой жанчыны. 1950-я гг., Неглюбка, Веткаўскі раён. Апублікавана ў 1981 г. у альбоме Міхася Раманюка «Беларускае народнае адзенне»

Бісерныя ўпрыгожанні характэрныя для Гомельска-Бранскага памежжа. У Беларусі іх насілі ў Веткаўскім і Брагінскім раёнах. Магчыма, яшчэ ў Чачэрскім, але пытанне патрабуе дадатковых даследаванняў: падчас этнаграфічнай экспедыцыі ў вёсцы Бабічы на Чачэршчыне даследчыкі заўважылі старое фота дзяўчынкі ў вырабе, падобным да гарлячкі, але невядома, ці яно мясцовага паходжання. 


Найбольш вядомыя бісерныя шыйныя ўпрыгожанні, якія былі часткай традыцыйнага строя вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна. Іх называлі гарлячка, падгорнік, альбо пляцёнка.

Šyjnaje žanočaje ŭpryhožannie «pliacionka»
Шыйнае жаночае ўпрыгожанне «пляцёнка». 1930-я гг., Хракавічы, Брагінскі раён. Апублікавана ў 1981 г. у альбоме Міхася Раманюка «Беларускае народнае адзенне»

Адпаведна з палявым этнаграфічным дзённікам мастацтвазнаўцы Міхася Раманюка, у Брагінскім раёне сустракаюцца назвы кружка, лучка, лавачка, маніста, намісто, каралі, занізкі і пляцёнка. Гэтыя ўпрыгожанні адрозніваюцца ад неглюбскіх: «Характэрнае для брагінскага строя шыйнае ўпрыгожанне «кружка» — узорная бісерная стужка з геаметрычным арнаментам, якая нашывалася на абцягнутую тканінай лубяную палоску і зашпільвалася шчыльна вакол шыі на гузік і праразную пятлю», — піша мастацтвазнаўца Ірына Смірнова.

Tradycyjnaje adziennie žančyny
Традыцыйнае адзенне жанчыны, пач. ХХ ст., Камарын, Брагінскі раён. Апублікавана ў 1981 г. у альбоме Міхася Раманюка «Беларускае народнае адзенне»

Неглюбскія гарлячкі не нашываліся на аснову. Такое ўпрыгожанне яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст. насіла кожная жанчына ў Неглюбцы і прылеглых да яе пасёлках. Жанчыны рабілі іх уласнаруч. 

Niehliubski stroj niezamužniaj dziaŭčyny
Неглюбскі строй незамужняй дзяўчыны. Фота са старонкі tradycyja.com

Як піша Ірына Смірнова, першую гарлячку дзяўчына надзявала ў падлеткавым узросце разам з кароткімі каралямі ў некалькі нітак. Аднак гарлячка лічылася галоўнай прыкрасай. Адначасова з упрыгожаннямі дзяўчына-падлетак пачынала насіць сарочкі з больш складаным у параўнанні з дзіцячым строем арнаментам. Разам з дзявочым строем дзяўчына атрымлівала права наведваць вечарыны.

Harliačka z uzoram «varoniaje voka»
Гарлячка з узорам «вароняе вока» з выставы ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску. 2014 г. Фота Алены Ляшкевіч

Класічны ўзор гарлячкі — чорна-белае лаканічнае «вароняе вока». Ён змяняецца з часам: дадаюцца дадатковыя элементы і колеры.

Harliačka
Гарлячка з выставы ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску. 2014 г. Фота Алены Ляшкевіч

Жанчыны 1940-х гадоў нараджэння ў Неглюбцы да сённяшняга дня носяць гарлячку на штодзень, а малодшыя ўжо не прытрымліваюцца гэтай традыцыі. Раней гарлячка была абавязковым элементам строя, у якім хавалі неглюбчанку.

Žycharka vioski Jaloŭka
Жыхарка вёскі Ялоўка Краснагорскага раёна Бранскай вобласці Расіі ў бісерным упрыгожанні. Фота зроблена падчас абраду «Пахаванне стралы» ў 2022 г. і апублікавана ў часопісе «Живая старина» № 1 за 2023 г.

У недалёкай ад Неглюбкі вёсцы Ялоўка на Браншчыне таксама можна пабачыць бісерныя ўпрыгожанні на старэйшых жанчынах. Традыцыйнае адзенне Ялоўкі, на думку мастацтвазнаўцы Ірыны Смірновай, адносіцца да неглюбскага строя. Даследчыца характарызуе яго так: «Неглюбскі строй бытаваў у ХІХ — сяр. ХХ ст. у Веткаўскім р-не Гомельскай вобл., а таксама ў Навазыбкаўскім, часткова Краснагорскім і Гардзееўскім р-нах Бранскай вобл. Расіі. Неглюбскі жаночы касцюм у параўнанні з іншымі беларускімі строямі больш прыземісты, цяжкаваты, падобны да паўднёварускіх і ўкраінскіх народных касцюмаў».

Bisiernaje ŭpryhožannie
Бісернае ўпрыгожанне ў экспазіцыі музея «Смаленскі лён». З архіва аўтаркі

Бісерныя стужкі, падобныя да неглюбскіх, сустракаюцца на Смаленшчыне, але там яны даўжэйшыя, накшталт караляў. 

Zakarpackija muziejnyja sи́lianki i ich sučasnyja kopii
Закарпацкія музейныя си́лянкі і іх сучасныя копіі. З сайта volynnews.com

Падавалася б, бісерныя ўпрыгожанні павінны быць распаўсюджаны і на недалёкай ад Неглюбкі Чарнігаўшчыне, але гэта не так. «Си́лянка — традиційна українська прикраса з бісеру у вигляді рівної смужки або комірця. Її назва походить від слова «силяння» — це техніка нанизування бісеру на нитку. Такі комірці почали виготовляти ще у середині ХІХ століття в гуцульських селах. Їх часто носили на Західному Поділлі, Гуцульщині, Бойківщині, Лемківщині. А от у народному одязі Волині та Полісся ці прикраси не поширилися», — распавяла парталу «Волински новини» майстрыца Аліна Ольхович. Праўда, адпаведна з іншымі крыніцамі, на Валыні (паўднёвы працяг беларускага Заходняга Палесся) бісерныя ўпрыгожанні ўсё ж трапляліся, хоць і не так часта, як у згаданых вышэй этнаграфічных рэгіёнах Украіны.

Žančyna z Vachanskaj daliny na Pamiry (Tadžykistan)
Жанчына з Ваханскай даліны на Паміры (Таджыкістан). Крыніца: zamkosmopolit.livejournal.com

Падобныя да беларускіх бісерныя ўпрыгожанні сустракаюцца ў розных рэгіёнах Расіі, а таксама ў Венгрыі, Румыніі і нават у Таджыкістане.


Працяг будзе.

Алена Ляшкевіч, budzma.org

Чытайце яшчэ:

Заснавальніца праекта «Этыка»:«Беларусь у вышыўцы — гэта не толькі полымя і валошкі»