З 2020 года — калі свет накрыла пандэміяй — сусветныя музеі і галерэі грунтоўна займаліся пераходам часткі экспазіцый і выставаў на анлайн. Прапануем топ-10 віртуальных тураў па славутых арт-сховішчах.
1. Луўр

Парыжскі Луўр — не толькі адзін з самых старых музеяў свету (заснаваны ў 1793-м), але, як адзначае аўтарытэтнае выданне The Art News Paper, і адзін з самых наведвальных на сённяшні дзень — 7,8 мільёнаў чалавек у 2022 годзе. І безліч віртуальных.
Палац, у якім знаходзіцца музей, пачынаўся як крэпасць пры Філіпе II у XII стагоддзі для абароны Парыжа ад ангельскай пагрозы. Цяпер гэта найбуйнейшы мастацкі музей у свеце з выставачнай плошчай 72 735 квадратных метраў. Тут знаходзяцца «Мона Ліза», статуя Венеры Мілоскай і шмат іншых шэдэўраў усіх эпох і краін. У Луўры ёсць некалькі віртуальных галерэй, напрыклад, твораў Дэлакруа, Рэмбранта. Каб праглядзець старонку віртуальнага тура па Луўры, націсніце тут.
2. Музеі Ватыкана
Гэта сукупнасць музеяў дзяржавы Ватыкан. Калекцыі збіраліся рымскімі папамі на працягу гісторыі і ўтрымліваюць мастацкія работы класічных майстроў, уключаючы творы эпохі Адраджэння. Музей быў заснаваны Папам Юліем II у пачатку XVI стагоддзя. У маршрут па музеях Ватыкана ўваходзяць Сіксцінская капэла са столевымі роспісамі Мікеланджэла і станцы Рафаэля. Музеі налічваюць 54 галерэі, сярод якіх апошняй з’яўляецца Сіксцінская капэла.
Гісторыя калекцыі музеяў Ватыкана пачынаецца з мармуровай скульптуры «Лаакоан і яго сыны», знойдзенай 14 студзеня 1506 года ў вінаградніках Эсквіліна. У Ватыканскай пінакатэцы знаходзяцца «Каранацыя Марыі» Рафаэля; «Св. Еранім» Леанарда да Вінчы; «Палажэнне ў труну» Караваджа; «Шлюб Маці Божай» Філіпа Ліпі.
Віртуальны тур — тут.
3. Брытанскі музей
Галоўны гісторыка-археалагічны музей колішняй Брытанскай імперыі, створаны ў 1753 годзе актам Брытанскага парламента. Па багацці калекцый спаборнічае з Луўрам.
Паглядзець віртуальныя экспазіцыі можна тут.
4. Галерэя «Тэйт»
Адна з самых знакамітых галерэй сучаснага мастацтва — галерэя «Тэйт» у Лондане. У Tate Modern прадстаўлена мастацтва ад 1900 года і да сённяшняга дня, шосты па наведвальнасці мастацкі музей у свеце і самы наведвальны ў Вялікабрытаніі.
На канале музея ў YouTube ёсць дзясяткі экскурсій, у тым ліку па выставах Эндзі Уорхала і Обры Бердслі.
5. Нацыянальныя музеі Карэі
У Нацыянальным музеі Карэі ў Сеуле захоўваецца калекцыя, якая складаецца прыкладна з 420 тысяч экзэмпляраў. Музей зараз — самы наведвальны ў Азіі, тут месцяцца калекцыі старажытных і гістарычных артэфактаў, твораў мастацтва, рэліквій, а таксама культурных артэфактаў Азіі.
Шмат віртуальных тураў па музеі тут.
6. Музей д’Арсэ
Месціцца ў VII акрузе Парыжа на левым беразе Сены, гэта адзін з найбуйнейшых у свеце збораў французскага жывапісу і скульптуры перыяду 1848–1914 гадоў. Аснову калекцыі складаюць працы імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў, творы дэкаратыўнага мастацтва ў стылі ар-нуво, фатаграфіі. Ёсць Сезан, Дэга, Гаген, Манэ, Рэнуар, Ван Гог.
Зайсці ў анлайн-галерэі можна тут.
7. Вашынгтонская Нацыянальная галерэя мастацтваў і яе ж Сад скульптур
Адкрытыя для публікі бясплатна. Музей заснаваны ў 1937 годзе для амерыканскага народа рэзалюцыяй Кангрэса ЗША. Гэта адзін з найвялікшых музеяў ЗША, які захоўвае неверагодныя творы Полака, да Вінчы, Дэга і Вермеера. На сайце музея ёсць таксама калекцыя адукацыйных рэсурсаў для настаўнікаў, сем’яў і дзяцей.
Анлайн-туры тут.
8. Метраполітэн-музей
Найбуйнейшы музей мастацтва ў Нью-Ёрку, знаходзіцца на так званай «Музейнай Мілі» 5-й авеню, дзе размешчана дзевяць розных музеяў. Пастаянная калекцыя змяшчае больш за 2 мільёны твораў класічнай антычнасці і Старажытнага Егіпта, карціны і скульптуры амаль усіх еўрапейскіх майстроў, а таксама шырокую калекцыю амерыканскага і сучаснага мастацтва. Метраполітэн-музей таксама мае вялікія фонды мастацтва Афрыкі, Азіі, Акіяніі, Візантыі і ісламу.
Азнаёміцца з калекцыямі можна тут і тут.
9. Цэнтр Пампіду ў Парыжы
З’яўляецца найбуйнейшым музеем сучаснага мастацтва ў Еўропе і другім па велічыні ў свеце. У музеі выстаўлена больш за 12 000 твораў мастацтва, у тым ліку работы Кандзінскага і Далі.
Цэнтр мае дзясяткі відэатураў на сваім канале YouTube.
10. Эрмітаж
У дзясятку найлепшых для анлайн-экскрусій сусветныя арт-рэсурсы ўключаюць і расійскі Эрмітаж у Санкт-Пецярбургу, у які зараз дакладна цяжка патрапіць замежным наведвальнікам. Але і без перасячэння мяжы Расейскай Федэрацыі можна паглядзець вялікую колькасць анлайн-выставаў,віртульны тур надзвычай шырокі і дазваляе «прайсціся» па ўсіх шасці будынках галоўнага комплексу.
У Эрмітажы захоўваецца больш за 60 000 твораў мастацтва, у тым ліку аўтарства Леанарда да Вінчы, Рэмбранта, Мікеланджэла і іншых геніяў.
Чытайце яшчэ:
Дзесьці ля анлайн-вытокаў. Гайд па віртуальнай музейнай прасторы Беларусі
Рыгор Сапежынскі, budzma.org