Выйшла першая частка восьмага тома «Гербоўніка беларускай шляхты»

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі выпусціў першую частку восьмага тома выдання (літара «К»: Каборды — Карэцкія), якую сфарміравалі генеалагічныя роспісы 224 шляхецкіх родаў, пераважна з Мінскай губерні, што падавалі ў Мінскі дваранскі дэпутацкі сход дакументы на прызнанне і зацвярджэнне ў статусе дваранства Расійскай імперыі ў канцы XVIII — пачатку XX ст.


283477188_375888734582350_5238663160613027358_n.jpg

Выданне з’яўляецца працягам шматтомнай серыі, якая рэалізоўваецца у межах планавай навуковай тэмы «Генеалогія і геральдыка беларускіх шляхецкіх родаў», якая распрацоўваецца ў НГА Беларусі.

Аўтарскі калектыў тома: Я. С. Глінскі (кіраўнік), Д. Ч. Матвейчык, Ю. М. Снапкоўскі.

Навуковы рэдактар: прафесар, доктар габілітаваны А. Рахуба.

Кніга забяспечана асабовым і геаграфічным паказальнікамі, змяшчае каляровыя выявы гербаў шляхецкіх родаў, якія маюцца ў матэрыялах фонду Мінскага ДДС — у персанальных справах аб паходжанні родаў, генеалагічных табліцах і кнігах вывадовых пратаколаў, а таксама выявы некаторых уласна генеалагічных табліц.

Выданне ажыццёўлена ў партнёрстве з выдавецтвам «Беларусь».

Набыць кнігу без гандлёвай нацэнкі магчыма ў навукова-даведачнай бібліятэцы архіва.