Гістарычная палітыка і беларуская вайна памяці

09.10.2024 Гісторыя

Гістарычная палітыка фармуе гістарычную памяць грамадства — падмурак і найважнейшую частку нацыянальнай ідэалогіі. У Рэспубліцы Беларусь ад самых яе пачаткаў трывае змаганне паміж дзвюма адрознымі і месцамі процілеглымі плынямі гістарычнай палітыкі. З аднаго боку — афіцыёзная постсавецкая, з другога — грамадская нацыянальная. Якая плынь пераможа ў гэтым змаганні? Разважае Канстанцін Семяновіч.


Тры дзесяцігоддзі спробаў стварыць эрзац нацыянальнай ідэалогіі

Першая — постсавецкая, прарасійская ідэалогія — уводзіцца воляй аднаго чалавека з падключэннем усяго адміністрацыйнага рэсурсу. Другая — нацыянальная — пракладае сабе дарогу намаганнямі беларускіх патрыётаў, прысутных ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і ва ўсіх дзяржаўных інстытуцыях, ад школьных настаўнікаў да чальцоў лукашэнкаўскага ўрада. Першая, што называецца, «грыміць пад фанфары», другая пашыраецца паціху, часта непрыкметна, але няўхільна, як вада ў паводку.

Ужо тры дзесяцігоддзі працягваюцца ўпартыя спробы Лукашэнкі і ягоных ідэолагаў стварыць і ўвесці ў масавую свядомасць эрзац нацыянальнай ідэалогіі, збудаваны на двух галоўных пасылах: адвечнага беларуска-расійскага братэрства і міфалагізацыі/гераізацыі германа-савецкай вайны 1941-1945 гадоў.

Svietlahorski rajon, 2014 hod
 Светлагорскі раён, 2014 год. Фота: svetlogorsk.by

У гэтыя патугі ўкладваюцца агромністыя сродкі, мабілізуецца вялікі штат афіцыйных ідэолагаў (пасада намесніка па ідэалогіі ўведзеная ва ўсе дзяржаўныя ўстановы, ад міністэрстваў да калгасных фермаў), гісторыкі-прапагандысты пішуць адпаведныя падручнікі.

Патрыятычная праца «па-партызанcку»

З другога боку, беларускія патрыёты не менш упарта прасоўваюць у публічную прастору наратыў пра беларускую дзяржаўнасць, пачаўшы ад Полацкага княства, эстафету ў якога пераняло Вялікае Княства Літоўскае. Галоўную ролю тут адыгрываюць гісторыкі, многія з якіх занятыя ў навучальных, культурніцкіх і розных іншых дзяржаўных установах. Патрыятычную працу яны вядуць збольшага паводле даўняй беларускай традыцыі: па-ціхаму, «па-партызанcку».

Вось адзін невялікі эпізод: у 2014 г. у Беларусі не маглі афіцыйна адзначыць паўтысячагадовы юбілей Аршанскай бітвы, затое правялі праз Нацбанк выпуск памятнай срэбнай манеты ў гонар яе пераможцы гетмана Канстанціна Астрожскага.

Pamiatnaja manieta Kanstancin Astrožski
 Памятная манета Канстанцін Астрожскі. 2014 год

Гісторыкі не дапусцілі выдалення нацыянальнага наратыву са школьных падручнікаў гісторыі, там моцна ўкаранілася храналагічная схема беларускай дзяржаўнасці: Полацкае княства — Вялікае Княства Літоўскае — БНР — БССР — Рэспубліка Беларусь.

За трыццаць гадоў незалежнасці адбылася «беларусізацыя» Вялікага Княства Літоўскага. У пачатку 90-х гадоў ХХ ст. яго лічылі беларускай дзяржавай адно некаторыя гісторыкі, сёння — гэта трывалы стэрэатып гістарычнай свядомасці беларускага грамадства.

Абсалютнай большасці старадаўніх гарадоў вярнулі гістарычныя гербы часоў Вялікага Княства, у тым ліку з Пагоняй. Сярод абласных цэнтраў тое не ўдалося толькі ў Гомелі — там у 1997 г. прынялі царскі расійскі. За дзяржаўныя сродкі аднаўляюцца замкі ў Нясвіжы, Міры, Лідзе, Гародні, Крэве.

«Вайна помнікаў»

Найбольш выразна і наглядна змаганне дзвюх адрозных плыняў гістарычнай палітыкі праяўляецца ў беларускай «вайне помнікаў». Афіцыйная ўлада не толькі зберагае даўнія савецкія помнікі, але ў звязцы з расійскай царквой абстаўляе краіну дзясяткамі новых помнікаў савецкім і расійскім героям. Сярод іх ганаровае месца па колькасці займаюць помнікі міліцыянтам і чэкістам — наглядная дэманстрацыя, каму гэтая краіна належыць.

Adkryccio pomnika milicyjanieru ŭ Homieli
Адкрыццё помніка міліцыянеру ў Гомелі, 2017 г. Фота: sb.by

Але па ініцыятыве грамадскасці, а часта і выключна яе коштам, то тут то там паўстаюць іншыя помнікі, прычым у гістарычных цэнтрах — вялікім князям полацкім і літоўскім ад Усяслава Чарадзея да Гедыміна і Альгерда.

Adkryccio pomnika Hiedyminu ŭ Lidzie
Адкрыццё помніка Гедыміну ў Лідзе 2019 г. Фота: sb.by

Канцлеру Льву Сапегу беларусы паставілі як мінімум тры помнікі, Тадэвушу Касцюшку — амаль адначасова ў Мерачоўшчыне і ў швейцарскім Золаторне.

Adkryccio pomnika Kasciušku ŭ Mieračoŭščynie
Адкрыццё помніка Касцюшку ў Мерачоўшчыне. 2018 г. Фота: saboda.org

Ужо стаяў бы конны помнік Міндоўгу ў Наваградку, але справу тармазіць праваслаўная царква, маўляў, не дапусцім, бо язычнік. Гэтаксама ў цэнтры Віцебска з-за супраціву праваслаўных іерархаў тры гады стаяў пусты пастамент помніка Альгерду Гедымінавічу, але ўзяўшы паўзу, гарадскія ўлады ў 2014 г. паставілі на яго і сам помнік.

Прарасійская палітыка прайграе нацыянальнай

Сёння можна з упэўненасцю прагназаваць, што афіцыёзная прарасійская гістарычная палітыка ў Беларусі прайграе нацыянальнай.

Бо, па-першае, яна фальшывая. Звязаная з адносна нядаўнімі падзеямі ХХ ст., яна лёгка верыфікуецца ўспамінамі (шмат іх запісана) жывых яшчэ сведкаў, якія распавядаюць зусім іншую гісторыю. 

Па-другое, яна казённая, робіцца з-пад палкі па афіцыйнай разнарадцы, у той час як нацыянальную рухаюць энтузіясты, не па загадзе, а за ідэю. 

Па-трэцяе, такіх энтузіястаў хапае нават у адміністрацыйным апараце (здавалася б, вычасаным, вывераным-правераным на лаяльнасць). Маем там, так бы мовіць, нашых агентаў уплыву ў закансерваваным стане. Да пары да часу. Ён настане, і ўсё будзе!

Канстанцін Семяновіч, Budzma.org