Таямніцы мінулага, цікавыя факты, легендарныя асобы, шмат чаго невядомага вам раней з беларускай гісторыі вы зможаце даведацца ад доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Краўцэвіча ў відэапраекце Budzma.org «Гісторыя за 5 хвілін». Гэтым разам гісторык распавядае пра тры асноўныя племені, што жылі на нашых землях і з якіх паўсталі беларусы.
Многія з сённяшніх еўрапейскіх народаў бяруць свой пачатак з сярэднявечных племянных саюзаў. Не выключэнне і беларускі народ, які пачаў фарміравацца з плямёнаў крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Як склаліся гэтыя тры беларускія протасупольнасці і чым старажытная мода дапамагла сучаснай навуцы, даведаецеся ў новым выпуску «Гісторыі за 5 хвілін» ад прафесара Алеся Краўцэвіча.
Ведаць гісторыю сваёй Радзімы — абавязак сапраўднага грамадзяніна. Гэтая навука распавядае пра жыццё мінулых пакаленняў, іх ўнутраныя стасункі паміж сабой, знешнія дачыненні з суседзямі. Гісторыя ўказвае на памылкі мінулых часоў і вучыць не рабіць іх наноў.
У гэты няпросты час «Будзьма беларусамі!» прапануе пачаць вывучаць або пашырыць свае веды па гісторыі Беларусі разам з вядомым гісторыкам і археолагам Алесем Краўцэвічам, які зробіць экскурс ад самых старадаўніх часоў нашай мінуўшчыны да атрымання Беларуссю незалежнасці. Вас чакае гісторыя развіцця продкаў сучасных беларусаў, іх культура, гісторыя войнаў, загадкі з жыцця вядомых асобаў і аналітычныя высновы ад Алеся Краўцэвіча пра тое, чаму стужка мінулых часоў у пэўныя моманты паварочвала так, як вядома нам цяпер, а не іначай.
У наступным выпуску «Гісторыі за 5 хвілін» прафесар раскажа пра першыя беларускія дзяржавы: Полацкае княства, Смаленскае, Тураўскае.
Папярэднія выпускі глядзіце па спасылцы.