Генпракуратура звінаваціла Кацярыну Ваданосаву ў рэабелітацыі нацызму праз гістарычны ролік пра забойства Вільгельма Кубэ. Ці ёсць у тым роліку «нацызм»? Ці ёсць — прапаганда? Зірніце і пераканайцеся.
Я зірнуў. Нідзе пра «геройства» Кубэ не сказана. Ніхто не малюе німбу вакол ягонай персоны. Вуліцы ягоным імем называць ніхто не прапаноўвае. Ёсць — факты. Ёсць — малавядомыя факты. Ёсць — непрыемныя факты. Ёсць — пытанні да аўдыторыі. А дзе прапаганда?
Так, у роліку няма гераізацыі забойцаў Кубэ. Тых, якія — героі Савецкага Саюза: Мазанік, Осіпава, Траян. Але ці правільна я разумею схему: калі ты не лічыш героя Савецкага Саюза героем, то гэтым самым «рэабілітуеш» нацызм? Так атрымліваецца? Пра герояў СССР — добра або нічога?
Нагадаю, што ў нас палова беларускай культуры — нерэабілітаваная. Прыроўненая да нацызму. Бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Гімн «Магутны Божа». Ларыса Геніюш. Наталля Арсеннева. Родны брат Якуба Коласа. Суцэльны «нацызм»...
Наталля Арсеннева і Максім Танк
Не верыце? У 2017 годзе ўнучка Якуба Коласа спрабавала правесці ў музеі імя Якуба Коласа выставу, прысвечаную малодшаму брату Якуба Коласа. Нельга. А справа ў тым, што коласаў малодшы брат Міхась Міцкевіч у 1944-м з’ехаў з Беларусі. Не хацеў чалавек жыць у БССР. За акіянам выдаваў газету «Беларус», перакладаў на беларускую Евангеллі. Па сукупнасці фактаў — «нацыст»?
І гэта не кажучы пра асобаў фармату Аляксандра Надсана. Гэта — «махровыя гітлераўцы». Але чамусьці, калі Надсан збіраў і вазіў у Беларусь дапамогу для дзетак Чарнобыля, ён нацыстам не быў. Ва ўсіх астатніх выпадках — быў. Так? «Сітуацыйны нацыст», правільна?..
Аляксандр Надсан і старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла (справа)
Давайце прыклад з іншага боку барыкадаў. Быў такі Уладзімір Гіль-Радыёнаў. Падпалкоўнік Чырвонай Арміі, у 1941-м трапіў у нямецкі палон. У лагеры для палонных узначаліў «Баявы саюз рускіх нацыяналістаў». Пайшоў на ўгоду з нацыстамі: стварыў 1-ю рускую нацыянальную брыгаду СС «Дружына». На мундзірах карнікаў была чорная стужка з надпісам «За Русь!».
Гіль-Радыёнаў са сваёй камандай знішчаў яўрэяў у Польшчы і беларусаў на Віцебшчыне, у раёне Бягомля, Лепеля, Полацка. Адзначыўся пад Смаленскам. Байцы Радыёнава займаліся карнымі экспедыцыямі — акурат як у фільме «Ідзі і глядзі». Гэта «нацызм», як думаеце?..
Але ў жніўні 1943 года, калі ўсім было ясна, што Германія прайграе вайну, Радыёнаў са сваёй брыгадай перайшоў на савецкі бок. Брыгада СС «Дружына» — пераўтварылася ў ...1-ю Антыфашысцкую партызанскую брыгаду. Магія? У верасні 1943-га Радыёнаў атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі і званне палкоўніка. Загінуў увесну 1944-га.
Сёння ў Беларусі можна набыць літаратуру, дзе чорным па беламу напісана пра «доблесть» і «мужество» Радыёнава. Яго праца апісаная як: «кропотливая, опасная, вдумчивая, многотрудная». Бо ён, бачыце, перавёў сваю Дружыну СС у правільны момант — на правільны бок. На бок Масквы.
Старонка з кнігі Уладзіміра Камінскага «Без права на славу»
Цікава, што пра яго «многотрудную» працу сказалі б яўрэі з-пад Любліна? Што б сказалі беларусы з-пад Полацка ці Докшыцаў?.. Нічога — бо яны мёртвыя. А іх забойца — герой вайны. Як вам?..
Беларусі вельмі патрэбная рэабілітацыя. Не, не нацызму, а — здаровага сэнсу. Праўдзівай гісторыі. Выбітных асобаў мінулага, увесь грэх якіх заключаўся ў тым, што яны не хацелі жыць у СССР. Рэабілітацыя самога права размаўляць пра гісторыю, не азіраючыся на Генпракуратуру.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org