Гісторыя Беларусі ў імёнах

Адна з крыніцаў наймення маленькіх беларусікаў — гістарычныя і культурныя імёны знакамітых людзей. Але, як мы ўжо раней пісалі пра Вітаўта, Ізяслава і Рагнеду, называлі людзей не проста так. Нешта іх імёны таксама азначаюць. Таму варта прыгледзецца да нашых знакамітых асобаў, асабліва калі іх імёны бяруцца для наймення вашых дзетак.


імя-1.png

Безумоўна, паглядзець у падручнік гісторыі — гэта таксама добрая ідэя абрання імені. Вядома, у час русіфікацыі большасць імёнаў — звыклыя нам «расійскія». Але нешта ж мы можам пазычыць у продкаў?

Безумоўна, адной з самых вядомых беларускіх жанчын з’яўляецца Еўфрасіння Полацкая — дачка малодшага сына князя Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і, імаверна, Сафіі, дачкі Уладзіміра Манамаха. Манашка і ігумення праваслаўнага манастыра, асветніца, першая жанчына, кананізаваная Рускай праваслаўнай царквой у 1547 годзе, а пасля прылічаная да святых. Зніклы Крыж Еўфрасінні Полацкай шукаюць дагэтуль.

Сучасная форма грэцкага імені Еўфрасіння ўтвораная ад грэцкага ευφροσσνη, і ў перакладзе азначае «захапленне, радасць, весялосць». Гэта імя адной з трох харытаў, грэцкіх багіняў прыгажосці, радасці, увасабленне жаночага пачатку. Рымская форма гэтага імя — Грацыя (Gratia), тлумачэнне — «грацыя, шарм, міласэрнасць, грацыёзнасць, гумар, досціп, прыгажосць, прывабная жанчына».

Аднак з нашай гераіняй не ўсё так проста, бо Еўфрасіння — гэта яе царкоўнае імя. Хросным імем Еўфрасінні, як лічаць, было Еўпраксія — таксама грэцкае імя, Εὐπραξία, але ў перакладзе яно азначае «шчаслівая, шчасная, тая, што квітнее». Еўпраксіяй таксама называлі часам багіню Артэміду.

А вось свецкім імем Еўфрасінні было Прадслава. Гэта славянскае імя, якое азначала «найславуцейшая», і жаночая форма мужчынскага імя Прадслаў.

Падаецца, для Еўфрасінні менавіта яе свецкае імя вызначыла яе лёс. Але сам факт, што ўжо ў тыя часы ў жанчыны было аж тры імені, безумоўна, уражвае.

А ёсць імёны, увасобленыя ў легендах. Найбольш вядомая — Барбара Радзівіл, «Чорная Панна Нясвіжа», каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта Аўгуста. Паводле легенды, пасля смерці Барбары Жыгімонт Аўгуст наведаў Мікалая Радзівіла (брата Барбары) у Нясвіжы, і прывёз з сабою чарадзея, які паабяцаў яму выклікаць дух жонкі ў тым месцы, дзе яны сапраўды кахалі адзін аднаго. Дух быў выкліканы, але кароль сваім каханнем змог утрымаць Барбару, не даўшы ёй вярнуцца туды, адкуль яе выклікаў чарадзей. Кароль мусіў вярнуцца паміраць у Нясвіж, дзе б яны нарэшце сустрэліся. Аднак ён раптоўна памёр у Кракаве, і, паводле легенды, да нашых дзён дух Чорнай Панны блукае пакоямі Нясвіжскага замка, у той час як дух Жыгімонта блукае ў кракаўскім палацы...

Лацінскае імя Barbara ўтварылася ад грэцкага βάρβᾰρος у значэнні «багамолка, іншаземка». Першапачатковы сэнс грэцкага «варварос» быў блізкі да рускага: «тарабара, балаболка» — балбоча незразумела пра што, гэта значыць «тая, што гаворыць не па-роднаму (не па-грэцку)». Руская (усходнеславянская) форма — Варвара.

Незвычайнае імя мела беларуская палітык, адна з лідарак Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, сябра Рады і Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі Палута Бадунова. Пры гэтым ніводзін зборнік не дае такога імені, бо па-сапраўднаму лідарку эсэрак звалі Пелагеяй.

Пелагея — грэцкае імя, утворанае ад πέλᾰγος, і ў перакладзе азначае «мора, акіян, бездань, бязмерная, марская, акіянская». Між іншым, гэта таксама адзін з эпітэтаў грэцкай багіні — Афрадыты.

Нельга не згадаць сучасніц з прыгожымі імёнамі. Незвычайна завуць неаднаразовую рок-князёўну (чатыры «кароны» на Рок-каранацыях, у тым ліку за найлепшыя тэксты (1996) і адмысловы паэтычны густ (1998)), лідарку гурта «Новаае неба» Касю Камоцкую.

Кася можа быць польскай формай імені Кацярына, тлумачэнне — «чыстая (душою)». Аднак гэта толькі адно з тлумачэнняў. Гэта можа быць памяншальна-ласкальная форма імені Касія, жаночая форма мужчынскага імені Касій — «абаронца (у шлеме)».

Гэта можа быць кароткая форма імені Касандра, пераклад — «зіхатлівая». Больш вядомая нам Касандра, якая прарочыца, аднак ці была яна такой? Паводле Гамера, Касандра была дачкой Прыяма і Гекубы, самай прыгожай з дачок Прыяма. А вось пра яе прароцкі дар Гамер нічога не піша.

Дарэчы, імя Касандра — ці не найстаражытнейшае на зямлі. Яно згадваецца ў «мікенскіх тэкстах», а яны датуюцца другой паловай II тысячагоддзя да нашай эры. То бок яму ўжо больш за 3500 гадоў!

Але вернемся да Касі. На іўрыце яе імя азначала б «кветкі карыцы, водар карыцы». У Бібліі Касія — другая дачка Ёва, якая нарадзілася пасля аднаўлення яго дабрабыту (Кезія). А таксама гэта можа быць адной з памяншальна-ласкальных формаў імені Акацыя — «калючая».

Незвычайнае імя мае Івонка Сурвілла — дзяячка беларускай эміграцыі, якая жыве ў Канадзе і з 1997 года ўзначальвае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Імя Івонка лічыцца беларускай (усходнеславянскай) формай славянскага ж імені Іванка, жаночая форма мужчынскага імені Іван/Ян, тлумачэнне — «Бог добры да ўсіх».

Усяслава Чарадзея, пры якім адзначаўся найвышэйшы ўздым і тэрытарыяльнае пашырэнне Полацкага княства, нездарма назвалі Усяславам. Гэта славянскае імя, якое азначае «найславуцейшы, знакаміты, славуты для ўсіх».

Імя Альгерд таксама выходзіць цяпер у папулярныя. Князь, які адбіваў наступ Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, паспяхова праводзіў палітыку аб’яднання земляў колішняй Русі ў адзінай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім. За яго часамі тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым у два разы. Жыў незвычайна доўга для таго часу — больш за 80 гадоў, кіраваў дзяржавай 32 гады.

Альгерд — гэта славянізаваная форма літоўскага імя Альгірдас, ад alga — «узнагарода», girdas — «усім вядомы». Такім чынам, можна расшыфраваць гэтае імя таксама як «найславуцейшы».

Даволі распаўсюджаным у Беларусі было імя Ігнат. Можна згадаць, напрыклад, Ігната Дамейку — філамата, удзельніка паўстання 1830–1831 гадоў, беларускага, польскага і чылійскага навукоўца-даследніка, геолага, мінеролага, рэктара Чылійскага ўніверсітэта, нацыянальнага героя Чылі. 2002 год у сувязі з 200-годдзем нараджэння Дамейкі UNESCO абвясціла Годам Ігната Дамейкі. Яго імя носіць вулканічны ланцуг гор у Андах; мінерал дамейкіт; фіялкавая кветка; малая планета 2784; шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадскіх устаноў па ўсім свеце.

Ігнат — гэта рускае (усходнеславянскае) імя, якое паходзіць ад лацінскага Ignitus, тлумачэнне — «агністы, пякучы, распалены». Добрае імя для геолага і мінеролага, праўда?

Безумоўны след у гісторыі і культуры Беларусі пакінула імя «Тадэвуш» — ад паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча да Тадэвуша Касцюшкі — нацыянальнага героя Беларусі, Амерыкі і Польшчы, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, ваяра за незалежнасць ЗША.

Тадэвуш вызначаецца як польская (заходнеславянская) форма імя Фадзей — «Богам дадзены, варты хвалы». Існуе некалькі варыянтаў тлумачэння для імені Фадзей. Гэта старажытнаяўрэйскае імя, што ў перакладзе азначае «які хваліць Бога». А таксама — форма імя Тэадорый у значэнні «дар Бога».

Сярод нашых сучаснікаў самае незвычайнае імя меў нобелеўскі лаўрэат 2000 года Жарэс Алфёраў. Савецкага фізіка Жарэса Іванавіча Алфёрава назвалі ў гонар французскага філосафа Жана Жарэса, заснавальніка французскай сацыялістычнай партыі, змагара супраць каланіялізму і вайны, застрэленага ў пачатку Першай сусветнай за свае погляды.

А французскае прозвішча Jaurès з’яўляецца, як ні дзіўна, вытворным ад грэцкага імені Георгій — «фермер, араты, які араў зямлю (Геа); земляроб; сын зямлі (Геі); рабочы». У яго шмат вытворных імёнаў: Геа, Георг, Георгіус, Геша, Гешка, Гера, Геворг, Геворк, Гара, Гія, Джордж, Джардан, Ягор, Егоша, Ежы, Іржы, Жора, Жорык, Жорж, Кеворг, Кеворк.

Але тут усіх пераўзышлі рускія, бо руская форма імені Георгій — гэта... Юрый!

Цікавая трансфармацыя, ці не так?

Аліна Бялова для budzma.org