Копты-хрысціяне з’яўляюцца самай вялікай рэлігійнай меншасцю ў Егіпце. За ўвесь час яны зведалі як росквіт сваёй культуры, так і яе заняпад пад уплывам арабскіх заваёўнікаў. Падчас ганенняў многія з іх былі вымушаныя адмовіцца ад хрысціянства. Але некаторыя копты здолелі захаваць сваю веру і працягваюць змагацца за яе. Пра выпрабаванні, якія выпалі на долю нашчадкаў старажытных егіпцян, піша Ганна Бурштын.
Копцкая абшчына Егіпта праводзіць пахавальную малітву. Фота: newarab.com
Гісторыя коптаў
Да VII стагоддзя большасць насельніцтва Блізкага Усходу складалі хрысціяне. Егіпет як частка Візантыі на працягу многіх стагоддзяў заставаўся хрысціянскай дзяржавай у Паўночнай Афрыцы. Тагачасную краіну засяляў народ, нашчадкаў якіх цяпер клічуць коптамі, а іх мову — копцкай.
Копцкая мова з’яўляецца завяршальнай формай стараегіпецкай мовы. Яна напісана грэчаскім алфавітам і дапоўнена некалькімі знакамі, запазычанымі са стараегіпецкай (дэматычнай) мовы. Паўнавартасная пісьмовая копцкая мова з’явілася каля 300 года нашай эры. Яна адыгрывала ролю лінгва-франка, калі Егіпет быў пераважна хрысціянскім.
Найбольш вядомы дакумент, напісаны на копцкай мове, — рукапіс Новага запавета на пергаменце (Codex Glazier), які датуецца IV–V стагоддзем н.э.
Старажытны дакумент на копцкай мове. Фота: malisheva.tv
У 640 годзе н.э. адбылося заваяванне Егіпта арабамоўнымі мусульманамі. Краіна заставалася пераважна хрысціянскай яшчэ некалькі стагоддзяў. Паміж 1000 і 1500 гадамі н.э. з узмацненнем уплыву іслама і арабскай мовы многія копты перасталі размаўляць на копцкай і былі вымушаныя змяніць сваю веру на мусульманскую. Аднак гэта зрабілі не ўсе: нават на сённяшні час у Егіпце застаецца хрысціянская меншасць, якая складае 10% ад насельніцтва краіны. Копцкая мова зараз адыгрывае ролю літургічнай: яна выкарыстоўваецца падчас богаслужэнняў у Копцкай Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквах.
Пачатак ганенняў на егіпецкіх хрысціян
Пасля арабскіх заваяванняў у VII стагоддзі колькасць хрысціян на Блізкім Усходзе стала скарачацца на карысць мусульман. Даследчык блізкаўсходняга хрысцінства Колін Чэпмен адзначае наступнае: «Хаця гэта вельмі небяспечная паўпраўда казаць, што «іслам распаўсюджваўся мячом», і хоць распаўсюджанне ісламу не было галоўным матывам гэтых заваяванняў, менавіта яны стварылі кантэкст, у якім іслам мог з часам распаўсюдзіцца. На працягу першых двух-трох стагоддзяў некалькі тысяч арабаў-мусульман кіравалі насельніцтвам Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, большасць з якіх складалі хрысціяне1».
Гісторык Піліп Джэнкінс звяртае ўвагу на тое, што егіпецкія хрысціяне часта падвяргаліся ганенням з часоў захопу Егіпта арабамі-мусульманамі. Аднак падзеі 1354 года дасягнулі максімальнай інтэнсіўнасці: Натоўп патрабаваў, каб хрысціяне і габрэі дэкламавалі мусульманскае вызнанне веры пад пагрозай спалення жыўцом2. Урад Егіпта наносіў удар па копцкіх храмах, канфіскаваў маёмасць манастыроў, разбураючы фінансавую аснову Копцкай царквы. У адрозненне ад папярэдніх канфліктаў, якія абмяжоўваліся сталіцай, пераслед коптаў на гэты раз ахапіў усю краіну. Ва ўмовах усё большага гвалту многія хрысціяне былі вымушаны прыняць іслам.
Паніхіда ў копцкім праваслаўным саборы Святога Марка на пахаванні чатырох забітых хрысціян. Фота: morningstarnews.org
Найноўшы перыяд ганенняў
1920-я гады вылучыліся міжрэлігійным адзінствам паміж хрысціянамі і мусульманамі: падчас рэвалюцыі 1919 года і мусульмане, і копты пратэставалі супраць брытанскага мандату не як члены сваіх канфесій, а як суайчыннікі-егіпцяне3.
Умоўнаму адзінству перашкодзілі з’яўленне ісламісцкай арганізацыі «Браты-мусульмане» ў 1928 годзе, а таксама палітыка Вялікабрытаніі «падзяляй і ўладар», накіраваная на паслабленне гэтага адзінства праз ціск на мусульман і падтрымку хрысціян. Гэта, у сваю чаргу, паглыбіла канфесійны раскол: копцкім палітыкам было ўсё цяжэй перамагаць на выбарах у парламент.
Копты сутыкаліся з бюракратычнымі і палітычнымі цяжкасцямі, калі планавалі ўзвесці альбо адрэстаўраваць свае цэрквы. Паміж царквой і мячэццю мусіла быць добрая адлегласць, а калі паблізу царквы пражывалі мусульмане, будаўніцтва храма неабходна ўзгадняць з імі. Таксама мусіла быць адабрэнне самога прэзідэнта краіны. У той час як незаконнае будаўніцтва мячэцяў было паўсюдным, мусульмане ў прылеглых раёнах маглі блакаваць будаўніцтва новай царквы.
Гэтая праблема абвастрылася з 1970-х гадоў падчас прэзідэнцтва Анвара Садата, які прыняў ісламістаў у якасці супрацьвагі левым апанентам. Канфесійны гвалт вырас: у 1971–1972 гадах адбылося адзінаццаць канфесійных інцыдэнтаў, большасць з якіх узнікла са спрэчак наконт будаўніцтва або рамонту копцкай царквы.
Копцкая царква пасля атакі ісламістаў, 2017 г. Фота: worldwatchmonitor.org
Адзін з такіх інцыдэнтаў адбыўся ў горадзе Аль-Ханка: мусульмане падпалілі мясцовую штаб-кватэру копцкай арганізацыі «Таварыства Святой Бібліі», частка якой незаконна выкарыстоўвалася як царква. Пасля гэтага выпадку глава Копцкай царквы папа Шэранда III заклікаў святароў наведаць гэтае месца і адслужыць там імшу. Гэта моцна раз’юшыла мусульман, што жылі ў гэтым раёне: пасля таго, як святары пакінулі Аль-Ханку, злаўмыснікі спалілі паўтузіна бліжэйшых кватэр, якія належалі коптам.
Адказ дзяржаўных устаноў на праблему
Абароненасць коптаў ад нападаў радыкальных мусульман цалкам залежала ад палітыкі ўрада. На жаль, адказ дзяржаўных інстытутаў на напады быў неадпаведны: калі копты падвяргаліся фізічнаму нападу, армія і паліцыя часта не рэагавалі, што спрыяла распаўсюджанню нападаў.
У 2000 годзе ў Эль-Кошэ адбылася разня. Мусульмане з бліжэйшых гарадоў і вёсак сцякаліся ў Кошэ ў адказ на бойку паміж двума гандлярамі, коптам і арабам. Нападнікі разбурылі копцкія крамы і дамы, нападалі на мясцовых жыхароў. 20 коптаў былі забітыя да ўмяшання Міністэрства ўнутраных спраў. Замест таго, каб ліквідаваць канфесійныя рознагалоссі, раённая міліцыя пакінула месца здарэння падчас эскалацыі канфлікту.
Ніхто з выканаўцаў забойстваў Кошэ не быў асуджаны.
Напад на копцкую царкву ў 2022. Фота: cnbc.com
Падобны інцыдэнт здарыўся ў 2011 годзе. Не прайшло і трыццаці хвілін у 2011 годзе, як магутны выбух разарваў паўночную імшу ў копцкай царкве Святога Марка і Папы Пятра ў Александрыі. У выніку выбуху замініраванага аўтамабіля загінулі 23 парафіяне, дзясяткі людзей былі параненыя. Афіцэры службы бяспекі не змаглі перахапіць замініраваны аўтамабіль: яны ўвесь час стаялі побач, калі хрысціяне і мусульмане змагаліся ў ваколіцах.
За адсутнасцю адпаведнай абароны з боку дзяржавы ўзрасла рызыка выкраданняў. Заможныя копты ў Кене і бліжэйшых мухафазах Сохаг, Мінья і Асьют, дзе пражывае найбольшая ў краіне канцэнтрацыя коптаў, аказаліся прывабнай мішэнню для ісламістаў. Пачынаючы з 2011 года, коптаў у гэтых рэгіёнах Верхняга Егіпта часта выкрадалі і ўтрымлівалі, пакуль іх сем’і не заплацяць выкуп. Дзяржава пакінула коптаў уразлівымі, заахвочваючы ахвяр-хрысціян прымірыцца са злачынцамі, а не пераследаваць іх.
Прычыны дыскрымінацыі
Фонд Карнэгі за Міжнародны мір адзначае, што копты, якія пацярпелі ад нападаў або дыскрымінацыі, не знайшлі справядлівасці ў судах. У Егіпце няма адпаведных законаў, якія б абаранілі коптаў ад дыскрымінацыі. Таксама адсутнічае інстытуцыйная падтрымка на ўзроўні паліцыі і арміі, што прывяло да канфесійнага гвалту і выкрадання людзей у рэгіёнах Верхняга Егіпта. У краіне дагэтуль дзейнічае закон, які ўскладняе магчымасць узводзіць хрысціянскія храмы. Гэта, у сваю чаргу, абмяжоўвае егіпецкіх хрысціян у праве на свабоду веравызнання. Усё гэта сведчыць аб тым, што дыскрымінацыя коптаў адбываецца на прававым узроўні.
Актуальнай праблемай застаецца і рост руху ісламістаў, якія бачаць пагрозу ў хрысціянскай супольнасці, ініцыіруюць напады на копцкія храмы. Асаблівую небяспеку яны ўяўляюць, калі імкнуцца сфармаваць урад ці зрынуць дзейны. Аднак гэта не асноўная прычына праблемы.
Даследчык гісторыі Блізкага Усходу Джэйсан Браўнлі падкрэслівае наступнае: «Праблема не ў тым, што егіпцяне абралі "няправільных людзей" (ісламістаў), а ў тым, што іх абраныя лідары не ліквідавалі структурныя недахопы палітычнай і прававой сістэмы3». Не зважаючы на тое, што сярод прычын дыскрымінацыі важна ўлічваць і рэлігійныя адрозненні, яны не перашкаджалі мусульманам і хрысціянам аб’ядноўвацца падчас барацьбы за незалежнасць ад Вялікабрытаніі ў 1920-я гады, так і падчас рэвалюцыі 2010 года.
Галоўная прычына дыскрымінацыі — інстытуцыйныя прадузятасці лідараў, якія дапускаюць дыскрымінацыю егіпецкіх хрысціянаў. Канфесійныя адрозненні не з’яўляюцца асноўнай крыніцай напружанасці. Састарэлыя законы Егіпта і аўтарытарныя інстытуты зрабілі коптаў мішэнню сацыяльных канфліктаў. Дасягненне рэлігійнай свабоды і роўнасці залежыць ад пабудовы дзяржаўных інстытутаў, якія могуць гарантаваць усім грамадзянам канстытуцыйныя правы. У аўтарытарнай дзяржаве, якой з’яўляецца Егіпет, даволі цяжка ажыццявіць такія рэформы ў бліжэйшы час.
Ганна Бурштын, Budzma.org
Крыніцы
1. Colin Chapman (2012). Christians in the Middle East — Past, Present and Future. Transformation 29 (2) 91–110.
2. Jenkins Philip (2008). The Lost History of Christianity: The Thousand-year Golden Age of the Church in the Middle East, Africa and Asia. Oxford: Lion, 123.
3. Jason Brownlee (2013). Violence against Copts in Egypt. Carnegie Endowment for International Peace.