Блізняты Даша і Дзіна ў 2020 годзе паехалі вучыцца ў Варшаву на праграмістак. У 2023-м яны вандруюць па краінах Паўднёвай Амерыкі і зарабляюць на жыццё зусім не ў ІТ. «Радыё Свабода» распавядае пра шлях з беларускім кодам.
Сёстры Даша і Дзіна. Фота з асабістага архіву гераінь артыкула
Блізьняты Дзіна і Даша нарадзіліся ў Менску. Але прызнаюцца, што іх заўсёды цягнула ў вёску ў Нараўлянскім раёне, дзе яны праводзілі лета. Калі бацькі забіралі малых з вакацыяў, сёстры былі проста ў шоку і не хацелі вяртацца ў горад! А маці казала ім, што пасьля вёскі абедзьве пачынаюць размаўляць на трасянцы.
Шаптуха з Палесься
Прабабуля блізьнят таксама жыла на Палесьсі і была шаптухай. Дзяўчаты расказваюць, што іх адначасова і вабіла прабабуля, і трохі палохала.
«Яна любіла самотнасьць і самастойнасьць. Зьбірала і варыла нейкія зёлкі, шаптала людзей», — узгадвае Даша. Сёстры кажуць, што іхныя бабуля і дзядуля былі больш зямнымі — конь, сьвіньні, куры, гарод, пчолы. Жыць у вёсцы Дзіна і Даша марылі і тады, калі падрасьлі. Зараз іхная мара спраўдзілася, блізьняты насамрэч пасяліліся ў вёсцы. Але не на Палесьсі, а за акіянам, у Бразыліі.
Варшава, Лісабон і пералёт за акіян
Зь Менску замест Палесься беларускі пераехалі ў Польшчу. Дар’і і Дзіне тады было па 18.
«Паступілі вучыцца ў Варшаву. Гэта быў 2019 год. У 2020-м здарылася пандэмія. Мы, як і многія, мусілі вярнуцца ў Беларусь. Але пасьля працягнулі вучобу», — узгадвае Даша.
У сталіцы Польшчы беларускі жылі «нармальным жыцьцём». Але, як кажуць сёстры, адчувалі, што не пасуюць да такой рэальнасьці. Што такі лад жыцьця, які ім паказваюць і навязваюць зь дзяцінства, не адчуваюць сэрцам.
У выніку сёстры забралі дакумэнты з унівэрсытэту і вырашылі падарожнічаць. Спачатку паехалі ў Гданьск. Узгадваюць, што на халодным моры іх здьдзімала з пляжу, а па шчоках беглі сьлёзы.
«Мора, вазьмі нас да вялікай вады! — крычалі мы са скалы. Мы сядзелі і плакалі ў сьнег, казалі: Сусьвет, дапамажы, што нам рабіць далей?», — кажа Даша.
Пазьней беларускі апынуліся ў Лісабоне, адкуль паляцелі ў Бразылію, дзе жыў іхны сябра. Ён вывучаў мясцовыя плямёны, арганізоўваў туры для расейскамоўных турыстаў. Сёстры «адчулі моцны душэўны водгук» і вырашылі далучыцца да яго ў якасьці валянтэрак.
«Мы прыляцелі — і пачалася магія. Калі мы толькі ступілі на бразыльскую зямлю, то адчулі, што перамясьціліся праз партал у іншы сьвет. І няма шляху назад. Ты нібыта стаіш на краі прорвы і дазваляеш сабе зваліцца, хоць і ня ведаеш — дзе прызямлісься. Але ты ведаеш, што робіш правільна, бо пайшоў за сваім сэрцам», — тлумачыць Даша.
З аэрапорту да «месца прызначэньня» беларускі ехалі на аўтобусе 52 гадзіны. Іх чакалі сябры, якія абяцалі сюрпрыз.
«Мы думалі, што гэта будзе душ і гатэль. Але нас адвезьлі да акіяну, які мы бачылі ўпершыню. Потым — у лес, дзе нам далі дыванкі і мы ўпершыню ўдзельнічалі ў старадаўняй шаманскай цырымоніі аяваска, зьвязанай з ужываньнем адвару з «чароўных траваў». Мы былі ў стане поўнай унутранай цішыні. Проста прымаеш усё, што адбываецца, і плывеш за вадой», — кажа Даша.
«Мы хочам застацца ў Бразыліі»
У кампаніі сяброў блізьняты працавалі шэсьць месяцаў. Правялі шмат цырымоніяў для турыстаў, якіх вазілі ў джунглі. Часам, каб дабрацца да пэўнага месца, турыстаў везьлі на чоўне некалькі дзён. Наведвалі розныя плямёны, удзельнічалі ў цырымоніі зь мясцовымі шаманамі.
Пасьля завяршэньня турыстычнага сэзону і дасьледніцкага праекту сяброў у беларусак скончыўся шасьцімесячны тэрмін легальнага знаходжаньня ў краіне. Іншыя ўдзельнікі праекту вярнуліся ў Эўропу.
«А нам не было куды вяртацца. Мы паехалі ў Пэру. Але яшчэ да паездкі туды пачалі займацца татуяваньнем. Прычым набівалі ня проста «карцінкі з інтэрнэту» — мы рабілі тату зь беларускай сымболікай», — кажа Даша. Пасьля Пэру беларускі вярнуліся ў Бразылію, дзе вырашылі застацца на стала. Для гэтага прыйшлося прасіць прытулак і ісьці ў паліцыю.
«Мы ходзім босыя, у такіх самаробных сукенках, падобных да манаскага адзеньня. І ў такім выглядзе і заваліліся ў паліцыю. Кажам: «Як нам застацца ў вас, мы ня хочам назад!». Трохі расказалі, што робіцца і ў нашай Беларусі, і наагул на кантынэнце», — узгадвае беларуска.
Сёстрам дазволілі застацца ў Бразыліі на два гады. Цяпер беларускі жывуць у вёсцы ў гарах, у нацыянальным парку Chapada Diamantina.
Практыкаваньні на бананах
З словаў Дзіны і Дашы, Бразылія — адна з самых «татуяваных» краін у сьвеце. На адной шаманскай цырымоніі сёстры ўбачылі жанчыну, цела якой было пакрыта малюнкамі. А назаўтра сустрэлі ў гатэлі хлопца-бразыльца, які займаўся тату і меў пры сабе неабходнае абсталяваньне. Беларускі пазычылі ў яго некалькі іголак.
«І пачалі татуяваць бананы. Але наш новы сябар сказаў: «Для чаго вам татуяваць бананы? Вось я маю вольную, чыстую нагу. І хачу мець татуіроўку ад блізьнят зь Беларусі», — кажа Даша.
Яна дадае, што на той час сёстры жылі ў рыбацкай вёсцы на беразе акіяну, дзе бялявых дзяўчат з блакітнымі вачамі мясцовыя ўспрымалі як іншаплянэтных істот, якія прыносяць шчасьце.
«Яны думалі, што мы нерэальныя, прасілі дакрануцца да нас. Мы пачалі іх татуяваць, гэта як пазначаць кодамі племя», — кажа Даша.
Адначасова з навукай татуяваньня беларускі вывучалі свае нацыянальныя беларускія сымбалі, вышыванкі, узоры слуцкіх паясоў, казкі, легенды і міты.
«Шмат нам не давялося вучыцца. Мы проста ўзгадалі тое, што было «ўжыўлена» ў нашым ДНК. Калі ты ідзеш за сэрцам, то Сусьвет дапамагае табе», — упэўненыя беларускі.
Беларускія коды
Даша кажа, што тату — гэта ня толькі прыгожыя карцінкі на целе, а старадаўняе мастацтва, глыбокі рытуал, які цяпер страчаны.
«Мы ня робім дызайн сваіх тату. Мы праводзім рытуал, на цэлы дзень. Людзі нам апавядаюць гісторыю свайго жыцьця і тое, чаго яны хочуць ад жыцьця. Мы вядзём іх у мэдытацыю, каб яны злучыліся з сваім сэрцам і запрасілі тыя энэргіі, якія ім патрэбныя. Мы пачынаем маляваць на целе і ўжо ведаем, што трэба гэтаму чалавеку. Калі мы зь Дзінай малюем удваіх, у нас атрымліваецца больш гарманічна. Напрыклад, адначасова маляваць на дзьвюх руках ці нагах», — кажа беларуска.
З словаў блізьнятаў, разам з татуіроўкай яны даюць людзям своеасаблівую «інструкцыю» — як ёю карыстацца. Там зьмешчаныя значэньні пэўных сымбаляў.
«Мы просім перачытваць гэта раз на месяц. Татуіроўка як інструмэнт не працуе аўтаматычна і назаўсёды, сама па сабе. Трэба навучыцца ёю карыстацца. Гэта як кожная практыка. Напрыклад, аднойчы сфармаваў прэс — і больш можна да яго не вяртацца, але гэта ж ня так», — кажа беларуска.
Дзіна і Даша кажуць, што спачатку на іх працавалі пагалоскі, потым — Іnstagram. Хоць Даша прызнаецца, што сёстры ня любяць трымаць у руках тэлефон, тым больш у атачэньні неймаверна прыгожых краявідаў.
«Мы «пазначаем» людзей з нашага племя. Мы з розных народаў і расаў, але ў нашым ДНК ёсьць веды і коды кожнай чалавечай расы. Бразыльцы больш агністыя, беларусы — больш зямля і вада. І гэтае спалучэньне, гэты энэргетычны балянс дазваляе «агністым» бразыльцам зазямліцца. Раней татуяваньне было такім рытуалам, які варта было заслужыць, і кожны сымбаль меў значэньне. Напрыклад, паляўнічы атрымліваў татуіроўку за першую здабычу. І таму калі ты набіваеш татуіроўку, ты нібыта зараджаеш акумулятар, энэргія зь якога вернецца табе, калі ты яе паклічаш», — тлумачыць Даша.
Яна кажа, што яшчэ тры гады таму думкі пра жыцьцё ў бразыльскай вёсцы на беразе акіяну гучалі б для сёстраў як прыгожая казка. Цяпер жа гэта для іх рэальнасьць.
Заробкаў з тату сёстрам хапае на жыцьцё. Раней яны падпрацоўвалі ў розных сфэрах, цяпер жа прынцыпова адмовіліся ад гэтага.
«Гэта пытаньне ўвагі і энэргіі. Калі ты распыляесься на розныя бакі і мазгі кажуць: «трэба падстрахоўка», то ты ня там і ня там, ты «сяк-так». Няма канкрэтыкі і спакою. Мы займаемся толькі татуяваньнем. І людзі аднекуль увесь час прыходзяць да нас, матэрыялізуюцца», — кажа Даша.
Аповеды пра Беларусь як частка сэрвісу
Даша кажа, што бразыльцам, дый іншым іх кліентам цікава чуць пра Беларусь. Хаця 99% адразу кажуць: «Гэта ж Расея?». Дзяўчаты тлумачаць: не, іншая краіна.
«Апавядаць пра Беларусь — частка нашага сэрвісу, інфармаваньне людзей пра нашу краіну. Мы расказваем самае добрае і лепшае з нашых успамінаў пра Радзіму. Пра наш беларускі лес, па якім я вельмі сумую. Сумую на нашым моху, на якім можна ляжаць. Тут прыгожыя лясы, але яны не такія, як у Беларусі. Тут шмат калючак, кустоў, тут ліяны і атрутныя зьмеі. Тут дзікаватая і небясьпечная прырода», — кажа Даша.
Сёстры прызнаюцца, што, жывучы ў горадзе, зараблялі б нашмат больш грошай.
«Але мы расставілі свае прыярытэты. Для нас важнейшая якасьць нашага жыцьця. І, папраўдзе, ёсьць шмат людзей, якія хочуць намаляваць татуіроўкі менавіта ў нас, дзьвюх сёстраў з русымі валасамі і блакітнымі вачыма», — кажуць беларускі.