У гістарычных крыніцах Сёмкава вядома з XVI ст. Узнікла пры старым Мінска-Віленскім гасцінцы, піша planetabelarus.by. Аднак ёсць падставы гаварыць пра з’яўленне Сёмкава ў ранейшы перыяд.
Першым з уладальнікаў, ад якога, верагодна, і паходзіць назва Сёмкава, з’яўляецца віленскі кашталян (кашталян — кіруючы замкам) вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча — Сенька Гедыголдавіч. Менавіта гэты чалавек быў уладальнікам многіх паселішчаў на Беларусі, у тым ліку і мястэчка Мір на Наваградчыне, дзе пазней паўстаў знакаміты Мірскі замак. У часы яго дзейнасці быў заснаваны першы касцёл у Радашковічах. Менавіта ля дарогі з Радашковічаў на Мінск і паўстала Сёмкава.
Наступнымі ўладарамі, з якімі звязаны новы віток развіцця Сёмкава, з’яўляюцца князі з роду Саламярэцкіх. Знакамітае Саламярэчча, адкуль і назва княжацкага роду, знаходзіцца за некалькі дзясяткаў кіламетраў адсюль.
Назва ж Сёмкава змяняецца на Сёмкаў-Саламярэцкіх. Апошняя прадстаўніца гэтага роду княжна Алена аддае Сёмкава ў якасці пасагу будучаму мужу — Багдану Сцеткевічу (Статкевічу). Багдан Сцеткевіч праславіўся заснаваннем многіх праваслаўных святыняў — манастыроў у Оршы (сярод іх знакамітая Куцеінская лаўра), Буйніцкага манастыра, Баркулабаўскага, Тупічэўскага на Мсціслаўшчыне і інш. На гэтыя мэты Багдан Сцеткевіч і яго жонка кн. Алена з роду Саламярэцкіх шчодра ахвяравалі ўласнасць, грошы.
Аднак неўзабаве маёнтак пераходзіць да іншых уладароў, якія змяняліся адзін за другім, пакуль не адыйшоў да роду Сапег. Гэты род свае сёмкаўскія ўладанні з цягам часу перадаў Адаму Хмару, чалавеку, з якім звязана сапраўднае развіццё Сёмкава, а перадусім — пабудова палаца-паркавага ансамбля. Адам Хмара — чалавек, які ад пасады мінскага лоўчага дайшоў да пасады мінскага ваяводы.
Сёмкава змяшчаецца ў маляўнічай мясцовасці: непадалёк ад Заслаўскага вадасховішча і вадасховішча Сялюты, каля зліяння прытокаў Свіслачы: Вячы і Чарняўкі.
У сядзібным комплексе захаваўся парк, старыя алеі, рэшткі палаца, флігелі... Захаваўся будынак школы-інтэрната (1961 год пабудовы).
Надыйшоў час збіраць камяні, пакрысе вяртаць былую славу гэтаму месцу.
Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава
Упершыню сядзіба ў Сёмкаве была пабудавана пры Багдане Сцеткевічы (Статкевічы). Яна была зроблена з дрэва ў стылі рэнесанс, з невялікай абарончай вежай пасярэдзіне.
Гэтая сядзіба, верагодна, знаходзілася непадалёк ад сучаснай.
Пабудова першага каменнага палацавага комплексу ў Сёмкаве звязана з асобай апошняга менскага ваяводы — Адама Хмары. Сядзіба задумвалася як раскошная рэзідэнцыя магнацкага роду Хмараў, таму ў 1770-1780-х гг., на схіле гісторыі Рэчы Паспалітай, пачалося шырокае будаўніцтва. Неабходны матэрыял дастаўляўся з розных мясцін: шкло — з Налібоцкіх мануфактур Радзівілаў, цэгла — з Заслаўя, кафля рабілася на месцы.
Адам Хмара і яго жонка Марыяна
Архітэктарам сядзібы быў знакаміты італьянец Карла Спампані, які вёў шырокую дзейнасць на беларуска-літоўскіх землях. Менавіта па яго праектах у гэты час узводзяцца многія рэзідэнцыі (у тым ліку непадалёк, у Заслаўі).
Вялікі комплекс, які ўзводзіўся для А. Хмары, уключаў у сябе сядзібу, два флігелі (левы — для гасцей, правы — для слуг), парадны двор, прыгожы парк.
На франтоне красаваліся шляхецкія гербы ўладальнікаў, унутры было багатае аздабленне, вялікая бібліятэка, архіў, фамільныя партрэты.
У вялікай зале ладзіліся балы, граў уласны аркестр. Неаднаразова сюды завітвалі знакамітыя госці. Пісьменнікі, паэты, мастакі. Маглі нават каралі! Вядома, што Адам Хмара запрашаў да сябе ў сядзібу апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Для яго быў падрыхтаваны спецыяльны «каралеўскі» пакой.
Апроч таго, 9 ліпеня 1876 года тут пабываў знакаміты мастак Напалеон Орда, зрабіў малюнак палаца. На пярэднім плане — дом садоўніка.
Але першым з мастакоў, хто пакінуў нам выяву палаца ў Сёмкава, быў Юзаф Пешка. Яго малюнак датуецца 1800 годам. На ім мы бачым сам палац, парадны двор і яго агароджу.
У 1780-х была напісана паэма ў вершах «Палац у Сёмкаве» (аўтар — Міхал Дудзінскі), у якой праслаўляўся Адам Хмара як разумны гаспадар, які ўмела распараджаўся сваімі капіталамі (маецца на ўвазе пабудова прыгожай сядзібы). Той жа Адам Хмара склаў спецыяльную інструкцыю для аканома, як трэба паводзіць сябе з сялянамі. У гісторыю Адам Хмара ўвайшоў як апошні мінскі ваявода, бо пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі ваяводствы былі скасаваны.
Палац у Сёмкава. Галоўны франтон з калонамі і гербам. Здымак да 1914 года. Знойдзены ў Парыжы ў апошніх гаспадароў палаца
У пачатку ХХ ст. тут пабывалі Янка Купала (працаваў паблізу на панскім бровары), Я. Колас і інш. Якуб Колас пісаў свае творы ў Сёмкаве (паэма «Новая Зямля», апавяданне «Салавей» і інш.).
Якуб Колас у Сёмкаве, 1922 г. Сядзіць разам з сынам Юркам каля тыльнай часткі палаца
Сядзіба пасля Адамы Хмары перайшла да яго брата Іахіма, затым — да ягонага сына. У канцы ХІХ ст. яе выкупляе род Хелкоўскіх. Неўзабаве грымнула рэвалюцыя, новыя ўлады канфіскавалі сядзібу. Засталіся звесткі пра тое, як адбывалася рабаванне сядзібы. Газеты таго часу пісалі: «Мастацкія габелены ўжываліся на парцянкі, а вялікія малюнкі, пісаныя на палатне, драліся на доўгія кускі для абмотак».
У будынку былой шляхецкай сядзібы спачатку размяшчалася вучэбная ферма Інстытута сельскай гаспадаркі, пазней — дзіцячы інтэрнат. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзяцей не паспелі вывезці. Фашысты ж выкарыстоўвалі дзяцей для сваіх мэтаў: бралі кроў для параненых салдат, ставілі вопыты.
Толькі ў пачатку 1944 года партызаны брыгады «Штурмавая» змаглі выратаваць дзяцей ад немцаў: за адну ноч незаўважна вывезлі іх (274!) на падводах (каля 60-70 падвод) у партызанскую зону і перадалі ў навакольныя вёскі ў сем’і. Аднак, на жаль, пры гэтым сядзіба была спалена... Толькі пасля вайны яна была адноўлена, праўда, ужо не ў такім выглядзе.
Пытанне аднаўлення сядзібы застаецца актуальным і на сённяшні дзень.
Макет сядзібы, зроблены ў 2011 г. Аўтары М. Бярэзіна, Т. Вайтэнка
Але мы спадзяемся, што сядзібна-паркавы комплекс яшчэ можна будзе аднавіць.