5 лістапада 2022 г. у Крэве на Юр’евай гары адбылася цырымонія ўвядзення ў культурны зварот драўлянай вежы-дазорцы, збудаванай па ўзору XIV ст. Падзея прамільгнула ў СМІ як імпрэза лакальнага маштабу. Насамрэч, падзея надзвычайная, цягне на агульнанацыянальны маштаб, прынамсі праз некалькі абставінаў. Аднаўленне вежы-дазорцы ў Крэве — унікальны выпадак прафесійнай рэканструкцыі ў сучаснай Беларусі. Цікавая таксама і гісторыя ўзвядзення замка і вежы-дазорцы.
Найперш, крэўская вежа-дазорца — першая і пакуль адзіная ў краіне поўнавартасная рэканструкцыя падобнага аб’екта (вежу-бутафорыю на мсціслаўскім замку можна не лічыць). Немалаважна, што пастаўлена яна не ў забаўляльным гістарычным парку, а на месцы колішняй сапраўднай.
Вежа-дазорца з замка.Фота: Рэгіянальная газета
Хоць пісьмовых звестак пра тую сярэднявечную вежу няма ніякіх, амаль ніхто з даследчыкаў не сумняваўся, што яна там стаяла. А калі археолагі (у Крэве здаўна рупіцца Алег Дзярновіч) адкрылі на вяршыні гары парэшткі каменнага падмурка (4×4 м) пад драўляную канструкцыю, то і апошнія сумненні развеяліся.
Падмуркі вежы на Юр’евай гары. Фота Алега Дзярновіча
Яшчэ адна незвычайная для Беларусі акалічнасць — рэканструкцыя ад пачатку і да канца, ад малюнка-праекта і да апошняга ўбітага цвіка — справа грамадскасці, а не дзяржавы. Ад чыноўнікаў патрабавалася толькі афіцыйная паперка-згода і яе атрымалі пасля, як належыць, некаторай валакіты.
Гісторыя ўзвядзення Крэўскага замка
Сітуацыя з Крэўскім замкам і размешчанай побач Юр’евай гарой (пагорак з крутымі схіламі, 255 м над узроўнем мора) дэманструе творчы падыход будаўнікоў XIV ст. да вельмі адказнай справы — узвядзення магутнага мураванага замка. Насуперак звыклай тагачаснай схеме, паводле якой замак належыць ставіць на гары, майстры ў Крэве праігнаравалі даволі высокі пагорак, а замак паставілі побач на балоце.
Крэўскі замак. Мастак Павал Татарнікаў
Тое самае ўчынілі ў Лідзе (напэўна тыя самыя майстры, выпісаныя Гедымінам з Захаду), узвялі замак на невысокай дзюне пры зліцці дзвюх балоцістых рэчак. Праўда, там не было альтэрнатывы — пагоркаў і блізка не відно.
Выбар замкавай пляцоўкі ў Крэве побач з гарой (з якой, дарэчы, падворак праглядаецца як на далоні) быў абумоўлены нестандартным падыходам да рэалізацыі важнейшай задачы — выкарыстанне адметнасцяў рэльефу для ўзмацнення абароназдольнасці аб’екта.
Будаўнікі пралічылі, што балота абароніць лепш, чым гара. Мелі задачай узвесці вялікі замак (атрымаўся ў выглядзе няправільнага чатырохкутніка прыблізна 100×85 м, пляцоўка на вяршыні гары нашмат меншая). Балота бараніла з трох бакоў, г.зв. напольны бок, самы небяспечны перарэзалі глыбокім ровам, запоўненым вадой з дзвюх рачулак і таго ж балота. Сцяна тут самая тоўстая — да 2,5 м — ніякія камнекідальныя машыны не дадуць рады.
Як вежа-дазорца пільнавала ад крыжакоў
Побач з замкам на вяршыні Юр’евай гары паставілі вежу-дазорцу, з якой ніколі не сыходзіла варта, адно калі вораг падступаў да самога Крэва, перабіралася ў замак. Вежа была надзённай неабходнасцю па прычыне векавой вайны Літвы з Тэўтонскім ордэнам (трывала ад 1283 да 1410 г.). Крыжакі прыходзілі вялікімі паходамі і імклівымі набегамі часам па некалькі разоў на год. Іх пільнавалі вялікакняскія дазоры на самых дальніх подступах да Гарадзеншчыны і Віленшчыны, па ўсіх пушчанскіх дарогах, дзе магло прайсці войска. Пра гэта сведчаць крыжацкія хронікі і данясенні ордэнскіх разведчыкаў, захаваныя ў архівах і апублікаваныя ў ХІХ ст.
Сігналам небяспекі былі дымы ад вогнішчаў днём і полымя ўночы. За лічаныя хвіліны па ланцужку сігналы дасягалі крэўскай дазорнай вежы, там запальваўся свой агонь з добрым дымам, гучаў звон, з замка выляталі ганцы збіраць ваяроў-баяраў, а навакольны люд з усёй рухомай маёмасцю спяшаўся схавацца за яго мурамі.
Аднаўленне вежы-дазорцы ў Крэве — прыклад прафесійнай рэканструкцыі дзякуючы грамадзянскай актыўнасці
Аднаўленне вежы ў Крэве — прыклад грамадзянскай актыўнасці беларусаў: прадпрымальнікаў, спецыялістаў-рэстаўратараў, музейшчыкаў, валанцёраў — узяліся і зрабілі.
Як напісала ашмянская раённая газета: «ў цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі».
Прычым зроблена ўсё прафесійна — з прыцягненнем аналогій знешняга выгляду, выкарыстаннем традыцыйных метадаў будовы і на тым самым гістарычным месцы. Даволі рэдкі выпадак на фоне сучаснай беларускай дзяржаўнай рэстаўрацыі «бязлітаснай і бутафорскай», што можна пабачыць на тых жа «адноўленых» мурах Крэўскага замка.
Перад урачыстасцю адкрыцця вежы. Фота: Рэгіянальная газета
Засталося адно «ажывіць» гісторыю вежы праз дзею-рэканструкцыю — запусціць ланцужок дымавых сігналаў, пачаўшы ад самай дзяржаўнай мяжы. Тым больш, што сёння за ёй таксама хаваецца вораг, праўда, больш уяўны, чым сапраўдны — «страшнае агрэсіўнае НАТА!».
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org