Працягваем нашыя традыцыйныя вандроўкі па Беларусі. Гэтым разам наведаем адзін з самых багатых на азёры край — Глыбоччыну. Глыбоцкі раён вядомы не толькі сваёй згушчонкай, але ж і шматлікімі прыроднымі помнікамі: маляўнічымі рэкамі, азёрамі, тут ёсць нават свая пячора і найбольш верагодны цэнтр Еўропы размешчаны таксама паблізу. Хапае на Глыбоччыне і славутых месцічаў, народжаных ці пахаваных тут, архітэктурных перлінаў, культавай забудовы ды іншых асаблівасцяў.
Сёння рушым шляхам Дзеркаўшчына — Канстанцінава — Мосар — Удзела — Мамаі.
Чытайце таксама: Вандруем разам з «Будзьма»: маршрут на выходныя па Слонімскім раёне. Частка першая
Фота: vedaj. by
Першым нашым прыпынкам прапануем зрабіць вёску Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Да Дзеркаўшчыны не так проста дабірацца грунтовымі сцежкамі, але яно таго варта. Тут ёсць храм, які абавязкова трэба наведаць — гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі. А яшчэ ў Дзеркаўшчыне робяць жытні хлеб, тэхналогія выпякання якога ў 2013 годзе была ўнесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Фота: wikimedia. org
Пачнем знаёміцца з Дзеркаўшчынай з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гісторыя касцёла пачалася ў ХІХ стагоддзі. Маршалак Лявон Дамейка — сваяк Ігната Дамейкі — быў заможным шляхцічам і валодаў мноствам маёнткаў. Ён падоўгу жыў у маёнтку ў Сітцах, што паблізу сучаснай Дзеркаўшчыны. Зараз там, апроч брамы, нічога не захавалася. Больш трывалы напамін аб сваім родзе Лявон Дамейка пакінуў у выглядзе храма, які мы можам пабачыць сёння ў Дзеркаўшчыне. Ззаду ў муроўцы касцёла можна пабачыць памятную шыльду, прысвечаную фундатару. Верагодна тут, пад мурамі храма, Дамейка і пахаваны.
Фота: radzima. org
Вядома, што храм закладзены 7 траўня 1822 года. Паводле мясцовай легенды, Лявон Дамейка будаваў касцёл нелегальна, пад выглядам гаспадарчай пабудовы. Потым царскія ўлады былі пастаўлены перад фактам — пабудаваны ўсё ж касцёл, а не свіран, вымушаныя былі легалізаваць. Храм у Дзеркаўшчыне — помнік архітэктуры з рысамі класіцызму, але вельмі спецыфічнага: тут класічны ордар спалучаецца з матывамі тагачаснага беларускага мураванага дойлідства — найперш у выглядзе «разынкавай» муроўкі сценаў.
Фота: fotobel. by
Фота: radzima. org
Падчас ІІ Сусветнай вайны храм быў моцна пашкоджаны: згарэў ганак і вежы, пашкоджаны дах. Але пасля невялікага перапынку касцёл ізноў быў адчынены. Апошняя калядная імша тут адбылася ў 1959 годзе, пасля па загаду мясцовых уладаў з касцёла вынеслі абразы, скульптуры, разабралі арган і ўсё астатняе, што нельга было вынесці. У касцёле зрабілі сховішча збожжа. Але дах з цягам часу разбурыўся яшчэ больш і хутка будынак прыйшоў у заняпад. Мясцовыя вернікі ў гэты час таемна ездзілі вянчацца і хрысціць дзяцей у Глыбокае. Касцёл быў вернуты вернікам ў 1990 годзе.
Што тычыцца захавання традыцыі выпякання ўнікальнага жытнёвага хлеба ў Дзеркаўшчыне, то захавалася яна дзякуючы Сцепанідзе Лупач. Рэцэпт хлеба ў іх родзе перадаваўся ад пакалення да пакалення на працягу апошніх 200 гадоў. Рошчына для хлеба замешваецца выключна на квасе, без выкарыстання штучных дражджэй.
Фота: kraj. by
Фота: kraj. by
Квас той робіцца з жытняй мукі і вады да кансістэнцыі густой смятаны і ставіцца ў цёплую печ «грэцца». Як квас укісне, праз паўтара-два дні, рыхтуецца рошчына: дадаецца мука, на смак соль, кмен, цукар. Цеста мусіць падысці ў цёплым месцы. Як рошчына будзе ліпнуць да рук, яна гатовая, тады на ёй традыцыйна малюецца крыж. І абавязковая ўмова: мясіць цеста абавязкова трэба з любоўю і добрымі думкамі, інакш хлеб не атрымаецца. Хлеб выпякаецца выключна ў вытапленай дабяла печы хвілінаў 40. Ёсць карысны лайфхак, каб не памыліцца ў часе: з рэшткаў цеста трэба скатаць невялікі шарык і кінуць яго ў шклянку з вадой у той момант, як закрылі печ. Як толькі шарык усплыве — хлеб гатовы.
Фота: kraj. by
Фота: kraj. by
Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Канстанцінава, што размяшчаецца за дзесятак кіламетраў ад Глыбокага. Па-шчырасці, не надта папулярнае сярод турыстаў месца. Але мясцовыя краязнаўцы яго актыўна даследуюць. Ёсць там што паглядзець аматарам мінуўшчыны, старасветчыны, закінутых сядзібаў. У Канстанцінаве захаваўся палацава-паркавы ансамбль шляхецкага роду Акушкаў, не ўлічаны ні ў якім спісе помнікаў гісторыі і культуры. Ад яго застаўся часткова захаваны будынак сядзібы 1830-х гг. пабудовы, рэшткі гаспадарчых пабудоваў: гумно, флігель, стайня.
Фота: fotobel. by
Пра сядзібу Акушкаў у Канстанцінаве вядома з успамінаў колішняга мясцовага ксяндза Францішака Завадскага. На мапе мясцовасці ХVIII стагоддзя пазначана, што маёнтак Акушкаў першапачаткова называўся Барыламі, менавіта пад такой назвай ён узгадваецца ў спісе маёнткаў Мінскай губерні 1795 года.
Сядзібны дом. Малюнак Ул. Скрабатуна. Рэканструкцыя будынка выканана паводле ўспамінаў Пятра Раловіча і фрагментаў сядзібнага дома, якія дайшлі да нашых дзён
Валодаў Барыламі Мікалай Акушка. Знаходзіўся маёнтак Барылы недзе за паўкіламетра на поўнач ад сучаснага Канстанцінава. Аднак маёнтак, як і вёска Барылы, згарэў каля 1812 года. Пасля пажару маёнтак быў адбудаваны на новым месцы пад новай назвай Канстанцінаў Двор. Адноўленая пасля пажару вёска называлася Навасёлкі. А ўласна вёска Канстанцінава ўзнікла пазней. У другой палове ХІХ стагоддзя каля вёскі была праведзена вузкалейка, якую праектаваў інжынер з прозвішчам Канстанцінаў. Магчыма, паводле ягонага прозвішча і назвалі сучасную вёску.
Фота: fotobel. by
Фота: wikimedia. org
Маёнтак Канстанцінаў Двор канчаткова быў сфармаваны ў сярэдзіне 1830-х гг. Акушкамі была створана ўся неабходная для жыццядзейнасці маёнтка інфраструктура. Да сённяшняга часу захаваўся свіран, выкананы ў тэхніцы разынкавай муроўкі. Да 2017 года тут месцілася піларама ААТ «Канстанцінаў Двор». Выкарыстоўваліся да нядаўняга часу і іншыя гаспадарчыя пабудовы колішняга маёнтка: гумно і стайня. Мяркуючы па рэштках, якія засталіся, палац Акушкаў быў пабудаваны ў стылі класіцызму.
Фота: fotobel. by
Недалёка ад маёнтка, у самой вёсцы Канстанцінава, яшчэ да 1962 года існаваў касцёл Найсвяцейшай Тройцы, які фундавала Яніна Акушка ў 1768 годзе.
У 1962 годзе храм быў зруйнаваны, а на яго месцы пачалося будаўніцтва мясцовай крамы. Толькі ў 1993 годзе на месцы старога касцёла быў узведзены новы Канстанцінаўскі храм. Нанова адбудаваны касцёл асвяціў 21 лістапада 1995 года Казімір Свёнтак.
Фота: fotobel. by
Фота: fotobel. by
Чарговым нашым прыпынкам на Глыбоччыне будзе вёска Мосар. Мосар упершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1514 годзе як уладанні Юрыя Зяновіча, тагачаснага намесніка Браслаўскага. У наш час Мосар атрымаў вядомасць дзякуючы Юзафу Бульку, знакамітаму святару, які прыехаў сюды напрыканцы 1980-х.
Фота: belarus24.by
Ён апынуўся апантаным рэфарматарам, дзякуючы яго дзейнасці ў Мосары з’явілася не толькі адна з самых дагледжаных парафій у Беларусі: мясцовы касцёл Святой Ганны ў стылі класіцызму пераўтварыўся ў значны духоўны цэнтр, быў створаны музей цвярозасці з культурна-дэндралагічным комплексам. Сярод іншых мясцовых славутасцяў вылучаўся палац Бжастоўскіх, помнік архітэктуры XVIII стагоддзя ў стылі класіцызму, які пазней належыў Пілсудскім, зруйнаваны бальшавікамі ў лістападзе 1918 года.
Фота: planetabelarus. by
Мосарскі касцёл Св. Ганны датуецца 1792 годам, пабудаваны на сродкі маршалка Літоўскага Трыбунала Роберта Бжастоўскага і ягонай жонкі Ганны з роду Плятэраў. У храме ёсць свая рэліквія — мошчы святога Юстына, якія былі прывезены ў Мосар яшчэ ў 1838 годзе. Месцічы распавядаюць, што парэшткі прывозілі і ў шэраг іншых храмаў паблізу, але менавіта ў Мосары коні спыніліся і не пажадалі ехаць далей. Вернікі палічылі гэтую акалічнасць за знак і пакінулі мошчы ў касцёле Св. Ганны.
Фота: vedaj. by
Перад уваходам у касцёл ёсць 3 вартыя ўвагі пабудовы, аб’яднаныя каменнай агароджай. Праваруч — вежа-званіца, узведзеная ў 1931 годзе. Цэнтральнае месца займае ўваходная брама канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. А леваруч можна пабачыць самую новую частку мосарскага касцёла — капліцу-браму. Задумваўся гэты аб’ект як копія Віленскай Вострай Брамы.
Юзафам Булькам у Мосары на тэрыторыі касцёла быў закладзены маляўнічы парк, тут можна пабачыць сажалкі, крыніцы, лотасы, нарцысы, агавы, экзатычныя дрэвы і пазалочаных анёлаў. Нават мясцовая копія скульптуры «П’ета» 1499 года рукі Мікеланджэла тут маецца.
Фота: vedaj. by
Кажуць, за Юзафам Булькам — заўзятым змагаром з п’янствам і прапагандыстам здаровага ладу жыцця — і алкаголь знік у мясцовых крамах. Вялікая колькасць жыхароў Мосара і ваколіцаў пазбавіліся залежнасці і здалі свае самагонныя апараты ў музей цвярозасці, які месціцца ў званіцы касцёла.
Фота: planetabelarus. by
Булька атрымліваў шматлікія прэміі, ордэны, узнагароды: на грошы ад прэміі «За духоўнае адраджэнне» Булька ўсталяваў чарговую скульптуру Хрыста, на ахвяраванні вернікаў пабудаваў 11 капліцаў па дарозе да мясцовай крынічкі, а людзі, якія пазбавіліся алкагольнай залежнасці з дапамогай неабыякавага святара зрабілі побач з касцёлам прысаду цвярозасці. У 2010 годзе на 85 годзе жыцця Юзаф Булька адышоў у іншы свет.
Фота: fotobel. by
Мясцовыя вельмі любілі свайго ксяндза, сапраўды, ягоная заслуга перад мосарскай парафіяй велічэзная. Але ж уся праўда пра Юзафа Бульку нікому невядомая. У 2008 годзе літоўскай пракуратурай была заведзена крымінальная справа на Бульку. Ён абвінавачваўся ў дачыненні да генацыду. Матэрыялы, знодзеныя супрацоўнікамі Цэнтра даследвання генацыду і рэзістэнцыі жыхароў Літвы, давалі літоўскім следчым падставы меркаваць, што будучы святар пасля вайны быў завербаваны ў чэкісты, меў мянушку «Бімба». З ягонай дапамогай было затрымана альбо расстраляна мінімум 56 чалавек з літоўскіх «Лясных братоў», якія змагаліся з савецкай уладай. Ёсць звесткі, што «Бімба» і ў святары быў высвечаны з дапамогай спецслужбаў. Дакладна сказаць, так было ці інакш, немагчыма, бо Беларусь адмовілася выдаць святара Літве, а сам ён адмаўляў усе абвінавачанні.
Незахаваны да нашых дзён палац Бжастоўскіх таксама пабудаваны напрыканцы XVIII стагоддзя. Бжастоўскія падтрымалі паўстанне 1863-1864 гг. і, каб пазбегнуць канфіскацыі, прадалі маёнтак Пілсудскім. З надыходам бальшавікоў, для якіх імя і тытул ужо не мелі значэння, палац быў разрабаваны і спалены разам з шыкоўнымі інтэр’ерамі, дзе гасцяваў і апошні кароль РП Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, і Юзаф Пілсудскі. У міжваенны час палац адрэстаўраваць не паспелі. Сёння на тэрыторыі мосарскага льнозаводу можна пабачыць некалькі гаспадарчых пабудоваў, што ўваходзілі ў склад колішняга маёнтка.
Чытайце таксама: Вандруем разам з «Будзьма»: маршрут на выходныя па Слонімскім раёне. Частка другая
Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Удзела, а дакладней яе архітэктурная адметнасць — касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў. Вядома, што манахі-францішкане былі запрошаны сюды мецэнатам Юзафам Корсакам у 1643 годзе. Пад іх патрэбы тут былі збудаваны драўляны касцёл і кляштар.
Фота: planetabelarus. by
У другой палове XVIII стагоддзя на месцы драўлянага быў закладзены мураваны кляштар і храм у стылі віленскага барока, які ў 1837 годзе быў перабудаваны ў стылі класіцызму. Сёння ад кляштара захавалася толькі адно крыло, пасля 1851 года расійскія ўлады выслалі ўсіх манахаў-францішканаў, і астатняя частка кляштара з цягам часу была разабраная.
Фота: vedaj. by
Званіца, якую можам пабачыць побач з храмам, таксама ўзведзена ў ХІХ стагоддзі. За савецкім часам будынак касцёла выкарыстоўваўся ў якасці сховішча.
Фота: fotobel. by
Францішкане вярнуліся сюды толькі ў 2000-м годзе. Сёння ў адным з гаспадарчых карпусоў кляштара можна паглядзець сапраўдную беларускую батлейку, сабраную польскім майстрам у 2000-м годзе з лялек Барбі і Кенаў, паглядзець фотавыставу з жыцця францішканаў па ўсім свеце і азнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай Масіміліяну Кольбэ — манаху ордэна, які хаваў габрэяў ад нацыстаў і абмяняў ў Асвенцыме сваё жыццё на жыццё незнаёмца. Сутарэнні касцёла таксама адкрытыя для наведвання турыстамі.
Фота: vedaj. by
Фота: vedaj. by
Яшчэ да пандэміі, з 2017 года ў касцёле ў вёсцы Удзела праходзіў адзін з дзён фестывалю Дударскі рэй — міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў, які адбываўся ў Глыбокім і Глыбоцкім раёне ў пачатку траўня, што супадала з каляндарным святкаваннем свята Юр’я. Фестываль аб’ядноўваў дударскія рэгіёны Еўропы. Канцэрты адбываліся ў межах нядзельнай службы.
Фота: vedaj. by
Глыбоцкая дуда з вёскі Верацеі Сяргей Чубрык
Зараз прапануем завітаць у вёску Мамаі. Асноўнай архітэктурнай перлінай вёскі з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква. Будынак мае нетыповую для царвы форму невыпадкова, бо першапачаткова ў 1829-м быў узведзены як касцёл. Фундатарм будаўніцтва выступіў Язэп Корсак. Пасля паўстання 1863-1863 гг. расейскімі ўладамі храм быў перададзены праваслаўным.
Фота: vedaj. by
У міжваенны час, калі Мамаі знаходзіліся ў складзе польскай дзяржавы, мясцовыя ўлады намагаліся аднавіць гістарычную справядлівасць і вярнуць храм каталікам. Месцічы распавядаюць, што дзесьці ў 1930-я з глыбоцкай, удзельскай, мосарскай і іншых глыбоцкіх парафіяў рушыла вялікая працэсія вернікаў, каб дамовіцца з праваслаўнымі аб вяртанні будынка. Праваслаўныя жыхары Мамаёў і бліжэйшых ваколіцаў заселі за мурам агароджы і некалькі дзён трымалі аблогу, пуляючы ў бок каталікоў, якія спрабавалі ўмацаваць на тэрыторыі падворка царквы вялікі лацінскі крыж, камяні ды цэглу. Пры ўмове паспяховасці аперацыі храм зрабіўся б каталіцкім. Праваахоўнікі, якія знаходзіліся побач, назіралі за падзеямі, але не прымалі ніводны з бакоў. Толькі рагаталі, калі каменне ці цэгла траплялі ў галовы штурмавікоў. Так храм застаўся праваслаўным.
Фота: vedaj. by
Нехта згадвае і той час, калі ў 1960-я гг. тым жа праваслаўным, якія ўжо мелі досвед барацьбы за веру, давялося бараніць царкву ўжо ад дзеянняў савецкай улады. Але безвынікова — храм усё ж зачынілі. За савецкім часам тут зрабілі сховішча. Царква была вернута вернікам толькі ў 1990-я гады.
Фота: vedaj. by
Сёння перад храмам можна пабачыць вялікую браму, якая раней выкарыстоўвалася ў якасці званіцы. Яна ўзведзена ў традыцыйнай тэхніцы разынкавай муроўкі, якая сёння старанна схаваная пад тынкам. За апошнія гады гэтую шматпакутную браму, як і царкву, неаднаразова перафарбоўвалі і кожны раз у яшчэ больш дзіўны колер. Царква ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і, безумоўна, вартая наведвання.
Фота: vedaj. by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, budzma.org