Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці. Сёння нас чакае другая частка маршрута па гэтым маляўнічым краі: Новадзевяткавічы — Шылавічы — Вялікія Шылавічы — Гутка-Паслоўская — валун Расколаты камень.
Фота: planetabelarus.by
Новадзевяткавічы
Наступны прыпынак у нашай вандроўцы прапануем зрабіць у вёсцы Новадзевяткавічы. Сёння гэта аграгарадок Слонімскага раёна, а ўпершыню ў пісьмовых крыніцах вёска ўзгадваецца як маёнтак Дзевятковічы — уласнасць шляхецкага роду Мялешкаў у 1598 годзе.
Фота: planetabelarus.by
У 1677 годзе Мялешка прадаў сваю частку маёнтка Аляксандру Казіміру Слізню і ад гэтага часу ажно па 1939 год гаспадарамі Дзевятковічаў становяцца прадстаўнікі шляхецкага роду Слізняў. У 1786 годзе Тадэвуш Слізень распачаў тут будаўніцтва мураванага Петрапаўлаўскага касцёла як касцёла-пахавальні роду.
Фота: fotobel.by
Храм быў пабудаваны ў барочным стылі з рысамі класіцыму. У 1863 годзе мясцовы ксёндз Васілеўскі падтрымаў студзеньскае паўстанне, за што быў сасланы ў Сібір, пасля чаго храм расійскімі ўладамі быў аддадзены праваслаўным. Нягледзячы на тое, што ён быў прыватнай уласнасцю Слізняў, мясцовая адміністрацыя ініцыявала павятовы сход, на якім сфабрыкавалі прашэнне аб закрыцці касцёла ад імя саміх сялянаў. Такім чынам, у 1869 годзе касцёл быў перабудаваны ў царкву па праекце гродзенскіх губернскіх архітэктараў Ціхвінскага і Крыжаноўскага.
ВАНДРУЕМ РАЗАМ!
У міжваенны час касцёл быў вернуты каталікам, калі прыйшлі саветы касцёл зноў быў зачынены, падчас вайны ў 1941-м г. нямецкія ўлады аднавілі працу касцёла. А ў 1944 годзе партызанскі атрад Шчорса, што спаліў знакаміты палац Пуслоўскіх у Косава, паспрабаваў знішчыць храм. Але будынак выстаяў і пасля вайны быў пераўладкаваны пад сховішча. Толькі ў 1990-я вернуты вернікам.
Насупраць касцёла размяшчаўся палац, пабудаваны ў ХІХ стагоддзі Альфрэдам Слізнем. Яго зруйнавалі тыя ж людзі, што спрабавалі спаліць касцёл. Як выглядала сядзіба Слізняў, можам пабачыць на малюнку Напалеона Орды.
Дзевятковічы 1925 г.
Сёння можна пабачыць часткова захаваную паўночную частку палаца, якая выкарыстоўваецца як адміністратыўны будынак, былыя стайні, дзе сёння крама і жылы дом. Але ўсе гэтыя будынкі моцна пераробленыя і цалкам згубілі свой аўтэнтычны выгляд.
Ад іншых гаспадароў колішніх Дзевятковічаў — Калупайлаў, якім належала палова маёнтка, захаваліся рэшткі пахавальнай капліцы ХІХ стагоддзя пабудовы.
Фота: radzima.org
Фота: wikimedia.org
Шылавічы
Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Шылавічы. Шылавічы — колішні маёнтак, які належыў роду Пуслоўскіх, калі знакаміты Альберцін, што пад Слонімам, яшчэ не быў асноўнай рэзідэнцыяй Пуслоўскіх.
Фота: fotobel.by
Самая даўняя згадка пра Шылавічы датуецца ХV стагоддзем. Гаспадарамі тут у свой час былі і Юндзілы, і Няміры, і Сапегі, і Бжастоўскія. У Бжастоўскіх Шылавічы набыў адзін з самых паспяховых прадпрымальнікаў ХІХ стагоддзя, ініцыятар вялікай колькасці тагачасных прамысловых поспехаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі Войцех Пуслоўскі.
Войцех Пуслоўскі абаснаваўся ў сядзібе, пабудаванай яшчэ Бжастоўскімі. Пра тое, як выглядаў палац, не захавалася ніякіх звестак, бо гэты будынак згарэў неўзабаве пасля пераезду Войцеха з ягонай жонкай Юзэфай Друцкай-Любецкай. У «шылавіцкі» перыяд Пуслоўскі значна разбудаваў невялікае паселішча. Ён перавёз у Шылавічы з Хомска сукнёвую і дывановую фабрыкі, а таксама шэраг мураваных будынкаў.
Фота: fotobel.by
Пасля пажару ў Шылавічах Войцех Пуслоўскі робіць Альберцін сваёй асноўнай рэзідэнцыяй, пасля гаспадаром тут становіцца ягоны сын Уладзіслаў. Ён на падмурку старой сядзібы збудаваў тут новы палац. Апошнім уладальнікам маёнтка Шылавічы да 1939 года быў прапраўнук Уладзіслава, таксама Уладзіслаў Пуслоўскі.
Уладзіслаў Пуслоўскі 1825
Ад колішніх гаспадароў у Шылавічах сёння можна пабачыць толькі рэшткі парку, воднай сістэмы, сажалкі. З крушняў гаспадарчых пабудоваў тут месцічы некалі парабілі жылыя дамы. У больш-менш аўтэнтычным стане ў Шылавічах захаваўся толькі будынак былой вінакурні пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. Тым не меньш аматарам прамысловай забудовы варта сюды зазірнуць.
Фота: fotobel.by
Вялікія Шылавічы
Фота: planetabelarus.by
Наступным нашым прыпынкам будзе аграгарадок Вялікія Шылавічы. Архітэктурнай перлінай Вялікіх Шылавічаў сёння з’яўляецца царква Казанскай Божай Маці — помнік архітэктуры позняга класіцызму. Храм ўзведены ў 1818 годзе і асвечаны ў гонар св. Мікалая, але ў 1882 годзе ён быў пашкоджаны маланкай і істотна перабудаваны, тады царква і атрымала сваю другую назву. Вядома, што ля гэтай царквы ў 1863 годзе быў зачытаны маніфест студзеньскага паўстання, месцічы масава далучаліся да паўстанцкіх шэрагаў.
На падворку царквы ў Вялікіх Шылавічах можна пабачыць мемарыяльны крыж ахвярам рэпрэсій, які быў усталяваны мясцовымі жыхарамі ў верасні 1999 года. На шасціканцовым крыжы змяшчаецца шыльда з надпісам, які нагадвае пра забойства мясцовага праваслаўнага святара ў 1939 годзе. Гэтым святаром быў протаіерэй Андрэй Куц, колішні выкладчык Віленскай і Крамянецкай духоўных семінарыяў.
Андрэй Куц у цэнтры
Ікона пакутнікаў Віленскіх у Шылавіцкім храме.
Пасля 17 верасня 1939 года вёска Шылавічы была занятая Чырвонай арміяй. Яшчэ падчас адыходу польскіх войскаў дастаткова распаўсюджанай з’явай было стварэнне атрадаў так званай Чырвонай гвардыі. У іх склад уваходзілі перш за ўсё камуністы, якія дагэтуль знаходзіліся ў падполлі. Калі польскія войскі цалкам пакінулі Слонімшчыну, кіраўніцтва Чырвонай гвардыяй тут узяў на сябе Фёдар Кавалеўскі — ураджэнец вёскі Шылавічы, камуніст, які незадоўга да гэтага быў вызвалены з яшчэ польскай турмы.
Разам з іншымі гвардзейцамі Кавалеўскі наведаўся да праваслаўнага святара Андрэя Куца. Кавалеўскі і ягоныя паплечнікі жорстка катавалі протаіерэя і ягоную жонку Алену. Уначы сям’я Куцаў была расстраляная непадалёк ад вёскі разам з мясцовым ляснічым. Мясцовыя ўзгадваюць, што камусьці з банды спадабаліся боты лесніка, за тое і пацярпеў. А сёння партрэт Фёдара Кавалеўскага можна пабачыць у экспазіцыі музея адной са слонімскіх школ «Слоним и его герои».
Гутка-Паслоўская
Вандруючы па Слонімшчыне, варта зазірнуць ва ўрочышча Гутка-Паслоўская ды пабачыць некалькі аб’ектаў, занесеных у спіс гсторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Усе яны калісьці належалі да маёнтка Гутка шляхецкага роду Пуслоўскіх — буйных землеўласнікаў, гаспадароў шматлікіх маёнткаў на тэрыторыі Беларусі: ва ўжо згаданых намі Шылавічах, Альберціне, Песках, Косава, дворышчы і іншых. Сёння ў Гутцы ў колішняй сядзібе Пуслоўскіх месціцца дзіцячы летнік.
Фота: telegra.ph
Пра сядзібу вядома няшмат: пабудаваная яна напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў стылі мадэрн. Апошнім гаспадаром тут быў, як і ў Шылавічах, Уладзіслаў Пуслоўскі. Падчас ІІ Сусветнай вайны немцы размясцілі ў будынку шпіталь для лётчыкаў, у 1946 годзе тут адчынілі прытулак для дзяцей-сіротаў. У 1950-х установа перайшла ва ўласнасць чыгункі і сядзібу перакваліфікавалі ў дзіцячы летнік Іса (у гонар рэчкі, якая працякая побач), які знаходзіцца тут і па сённяшні дзень.
Будынак добра захаваўся, але некалькі год таму тут памянялі ганак, дахоўку, дабудавалі металічную лесвіцу з левага боку, згодна з правіламі пажарнай бяспекі. У астатнім сядзіба не згубіла свайго першапачатковага выгляду. Унутры захаваліся арыгінальныя печы, таму і коміны на ранейшых месцах. Вокны ў будынку таксама аўтэнтычныя.
Фота: telegra.ph
Паглядзець інтэр’еры сядзібы і пазнаёміцца з невялікай фотавыставай, прысвечанай гісторыі сядзібы, магчыма толькі ўлетку, тут жыве адміністрацыя летніка. Будынак добра дагледжаны, хоць і пафарбаваны дзіўнавата, але гэта не самае страшнае, што магло здарыцца з ім у нашай рэчаіснасці.
Побач з сядзібай захаваліся яшчэ дзве гаспадарчыя пабудовы: лядоўня і флігель. Лядоўня — першапачаткова выглядала як васьмікутны драўляны будынак. Сёння яе атынкавалі, пафарбавалі, паклалі металічную дахоўку.
Фота: telegra.ph
Флігель — кампактная аднапавярховая драўляная пабудова з маленькім ганкам. Раней тут жылі служкі, сёння — гэта адзін з карпусоў з пакоямі для наведвальнікаў летніка.
Фота: telegra.ph
Калісьці на тэрыторыі сядзібы была вадакачка, але пару гадоў таму яна разбурылася.
Фота: telegra.ph
Яшчэ цікавасць у Гутцы ўяўляе леснічоўка 1930-х гадоў пабудовы. Ад сядзібы Пуслоўскіх да яе можна прайсці часткова захаванай брукаванкай. У гэтым будынку размяшчаецца аграсядзіба «Домик охотника», што належыць слонімскаму лясгасу. Тут, на маляўнічым беразе Ісы, можна і заночыць ад 30 BYN за чалавека да 250 BYN за ўвесь будынак на 6 месцаў.
Фота: telegra.ph
Расколаты камень
Апошнім нашым прыпынкам на Слонімшчыне будзе валун Расколаты камень, што ляжыць у лесе паблізу Альберціна. Ён больш за тры метры ў вышыню, тры з паловай метры ў шырыню і даўжыню.
Фота: fotobel.by
З каменем звязана процьма легендаў. Самая распаўсюджаная пра Янку-асілка, які сустрэў дзяўчыну надзвычайнай прыгажосці, і, вядома, закахаўся. Ды нават узаемна. Але ж на прыгажуню прэтэндаваў яшчэ і двухгаловы цмок. Янка з цмокам учынілі бойку за дзяўчыну пасярод поля. Доўга біліся. Янка адчуваў, што перамога ўжо блізка, але прытупіўся меч. «Эх, патачыць няма чым! — у роспачы выгукнуў Янка. — Хоць бы камень які побач быў.» І вырас перад ім валун, нібы шчытом захінуў. Не даў рады змей мячом сваім забіць Янку, злосна секануў па камені з усяе моцы, той раскалоўся і выбіў меч з варожых рук. Тут Янка і дабіў цмока. А расколаты валун і па сёння ляжыць на слонімскай зямлі.
Фота: fotobel.by
Існуе і іншая легенда, пра тое як гаспадар Альберціна, Пуслоўскі, вяртаўся ў свой маёнтак і ў дарозе яго нападкала навальніца. Пуслоўскі спыніўся каля самага валуна, і ў той момант туды патрапіла маланка, тады камень раскалоўся на дзве часткі. Два тыдні ў маёнтку палілі свечкі ў знак таго, што камень выратаваў гаспадара. Пуслоўскі пасля загадаў паставіць на камені крыж. А неяк служкі Пуслоўскага спрабавалі даведацца, наколькі глыбока валун знаходзіцца ў зямлі. Яны пракапалі ў глыб на некалькі метраў, але асновы так і не знайшлі.
Фота: fotobel.by
Існуе і трэці варыянт узнікнення шчыліны ў валуне. Калі на Слонімшчыну прыйшлі бальшавікі, яны знішчалі вялікую колькасць гістарычных помнікаў і культавых месцаў. У той час валун месцічамі ўспрымаўся як святыня, што і стала прычынай нянавесці з боку прыхадняў. Нейкі камісар загадаў узарваць валун некалькім вайскоўцам. Тыя заклалі пад яго выбухоўку ды самі падчас выбуху загінулі. А ад каменя адкалоўся толькі кавалак.
Фота: planetabelarus.by
Адмыслоўцы ж кажуць, што Расколаты камень быў прынесены сюды ледавіком каля 150-220 тысяч гадоў таму са Скандынавіі ды раскалоўся падчас таго, як лёд таяў. Якая версія больш даспадобы, кожны абірае сам. Але ж месца вельмі атмасфернае, яго варта наведаць.
Вандруйце разам з «Будзьма!».
ПЖ, Budzma.by