Працягваем традыцыйныя вандроўкі па прасторах нашай Бацькаўшчыны. Сёння прапануем наведаць Слонімскі раён Гродзенскай вобласці. Тут нас чакаюць і паўстанцкія мясціны, і шляхецкія маёнткі, старажытныя цэрквы ды касцёлы, маляўнічыя рэчкі, азёры і іншыя помнікі прыроды, процьма легендаў, звязаных з гэтымі мясцінамі, імёны выбітных месцічаў, народжаных ці пахаваных тут. Маршрут працягласцю каля 150 км. Заночыць прапануем у Слоніме, што тут паглядзець, дзе спыніцца распавядалі раней.
Высацк — Парэчча — Азярніца — возера Бяздоннае — Новадзевяткавічы — Дзеравянчыцы — Шылавічы — Вялікія Шылавічы — Гутка-Паслоўская — валун Расколаты камень
Чытайце таксама: Вандруем разам з Будзьма: маршрут на выходныя па Ашмянскім раёне. Частка першая
Пачнем падарожжа з вёскі Высацк ці Высацак, як яе называюць тутэйшыя жыхары. Звестак пра ўзнікненне Высацку вельмі мала, упершыню ў пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца ў ХVI стагоддзі. Вядома пра існаванне ў Высацку ўніяцкай парафіі ў ХVII стагоддзі.
Фота: wikimedia.org
Сёння тут можна пабачыць праваслаўны храм, асвечаны ў гонар св. Мікалая. Пабудаваны ён на пачатку ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызму. За савецкім часам у царкве зрабілі зернесховішча, дзякуючы гэтаму будынак атрымалася ўратаваць ад знішчэння. Царква была вернута вернікам толькі ў 2002 годзе.
Фота: wikimedia.org
Гаспадары ў Высацку змяняліся часта. Цікава паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі, каб уявіць, чым жыў Высацк у колішнія часы. Месцічы ўзгадваюць пра адну з апошніх гаспадыняў пані Керняўскую, якой належыў мясцовы маёнтак з суконнай фабрыкай, паркам, воднай сістэмай, ад якой сёння засталося некалькі сажалак і рэшткі масткоў. Пані Керняўская ўсё жыццё чакала сабе да пары самага ідэальнага спадарожніка. Кажуць, так і не дачакалася да старасці, стала сквапнай, злоснай і ні з кім не кантактавала. Але мясцовыя яўрэі знайшлі да яе падыход і неяк угаварылі перапісаць маёнтак на сябе, а ўзамен абяцалі даглядаць гаспадыню да смерці ды пахаваць паводле ўсіх традыцыяў. Доўга жыла пані Керняўская, кажуць, так доўга, што клапатлівыя даглядчыкі пачалі часта прыадчыняць акно, каб гаспадыні не бракавала свежага паветра. Так яна застудзілася, захварэла ды памерла, маёнтак перайшоў руплівым спадкаемцам.
Фота: radzima.org
Высацк размяшчаецца на рацэ Іса, адпаведна, вадзяныя млыны тут будаваліся спрадвеку. І сёння можна пабачыць млын 1930 года пабудовы. Падмурак млына, відавочна, яшчэ старэйшы. Млын гэты працаваў і за палякамі, і за немцамі, і за саветамі, і да нядаўняга часу. Раз на тыдзень сюды прыязджаў млынар. Млын, дарэчы, як і 100 год таму працаваў на жорнах.
Фота: radzima.org
Далей прапануем рушыць на радзіму Міхала Валовіча — філамата, філарэта, удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, караўніка сялянскага паўстання на Слонімшчыне 1833 года. Тут можна паглядзець на маляўнічыя ўзгоркі на беразе ракі Шчара, пабачыць царкву ХІХ стагоддзя пабудовы ды мемарыяльны знак, прысвечаны Міхалу Валовічу.
Міхал Валовіч нарадзіўся ў маёнтку Парэчча ў сям’і слонімскага падкаморнага са старадаўняга шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Віленскі ўніверсітэт, быў удзельнікам таварыстваў філаматаў ды філарэтаў, сябраваў з Ігнатам Дамейкам, Міхалам Ходзькам. Прымаў удзел у Лістападаўскім паўстанні, пасля паразы якога эміграваў у Францыю. Праз два гады вярнуўся дадому з мэтай узняць паўстанне супраць царызму ды абвесціць свой край дэмакратычнай рэспублікай.
У 1833 годзе ён арганізаваў на Слонімшчыне паўстанцкі атрад з некалькіх дзясяткаў чалавек. Супраць яго генерал-губернатар Мураўёў скіраваў некалькі тысячаў расійскіх жаўнераў. У траўні атрад Валовіча быў зліквідаваны, а кіраўнік арыштаваны. Паводле архіўных дакументаў пры затрыманні Міхал Валовіч параніў кінжалам двух чалавек і спрабаваў забіць сябе, каб не стаць палонным. Усяго на Гарадзеншчыне расійскія ўлады арыштавалі больш за 150 чалавек. Міхала Валовіча прывезлі ў Горадню, дзе першы ягоны допыт ладзіў Мураўёў асабіста. Ён чакаў ад Валовіча сенсацыйных звестак пра ўласны атрад, але не дачакаўся. Валовіч не выкрыў нікога з паплечнікаў, а таксама засведчыў, што «хацеў выкарыстаць паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялянаў». 2 жніўня 1833 года Міхал Валовіч быў пакараны шыбеніцай. Цела перавезлі ў вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае, а магіла не сталася б месцам таемных набажэнстваў.
Існуе меркаванне, што маці Міхала Валовіча выкупіла цела сына і адвезла ў вёску Парэчча, каб пахаваць на мясцовых могілках. Там быў узведзены і вялікі помнік герою з белага мармуру. Але калі ў 1939 годзе на Слонімшчыне была ўсталявана савецкая ўлада, помнік быў знішчаны. У 2003 годзе неабыякавыя месцічы стварылі новы мемарыял Валовічу і 12-ці ягоным паплечнікам, які раім наведаць для ўшанавання памяці.
Побач з мемарыялам можна пабачаць цагляную царкву, пабудаваную ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў другой палове ХІХ стагоддзя, асвечаную ў гонар св. Георгія. Пры жыці Валовіча на месцы сучаснай царквы была драўляная ўніяцкая, якая згарэла пры нявысветленых абставінах. Сучасная Свята-Георгіеўская царква ў Парэччы — помнік тыповы для свайго перыяду, але выглядае дастаткова маляўніча на высокім беразе Шчары.
Фота: radzima.org
Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Азярніца, вядомая ажно з ХV стагоддзя. Архітэктурнай дамінантай тут з’яўляецца эклектычная царква св. Мікалая ХІХ стагоддзя пабудовы, так званая «мураўёўка».
Фота: planetabelarus.by
Тут, у Азярніцы, адбылася гісторыя здрады, пасля якой быў пакараны смерцю адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года. «Героем» гэтай гісторыі быў сельскі стараста Макарэвіч, магілу якога сёння можна пабачыць на азярніцкіх могілках недалёка ад царквы. Макарэвіч выдаў расійскім войскам некалькі інсургентаў, у тым ліку і аднога з кіраўнікоў паўстання — Карла Масальскага. Карл Ксаверавіч Масальскі быў родным дзядзькам па маці заснавальніка краязнаўчага музея ў Слоніме Язэпа Стаброўскага. Стаброўскі, паводле ўспамінаў маці, добра ведаў, якім чынам загінуў ягоны сваяк і распавядаў усім, хто цікавіўся паўстаннем.
Язэп Стаброўскі
Карла Масальскага, закутага ў кайданы, пасадзілі ў драўляную клетку і вазілі па Слоніме, каб застрашыць мясцовы люд ад удзелу ў паўстанні. 17 жніўня 1863 года ля старога моста праз малы Агінскі канал Масальскага расстралялі.
Мінула не шмат часу пасля паўстання, але былыя паўстанцы аднойчы падпільнавалі старасту Макарэвіча і забілі яго, адпомсціўшы за Карла Масальскага ды іншых паплечнікаў. Гродзенскі генерал-губернатар за тое, што той выдаў паўстанцаў, узнагародзіў старасту пасмяротна: загадаў пахаваць Макарэвіча ля самай царквы і ўсталяваць надмагільны помнік адразу з дзьвюма шыльдамі. Дзе магіла Карла Масальскага, па сёння невядома. Нават фотаздымка не захавалася.
Фота: radzima.org
Далей скіруемся на поўдзень ад вёскі Клепачы, што недалёка ад Слоніма. Тут знаходзіцца прыгожае возера, з якім звязаная процьма легендаў. Часцей за ўсё месцічы ўзгадваюць наступную.
Фота: planetabelarus.by
Калісьці на месцы сучаснага возера была вёска з дзьвюма вуліцамі. Аднойчы Бог хадзіў па зямлі, і прыйшоў у гэтую вёску ў выглядзе жабрака. Ён прасіў дапамогі, але месцічы не вельмі ветліва яго сустракалі: зневажалі, адмаўлялі ў ежы і пітве, не пускалі пагрэцца.
Фота: grodnonews.by
На ўскрайку вёскі жылі бацька з сынам. Яны запрасілі жабрака ў дом, пасадзілі за стол, напаілі, накармілі. На развітанне той сказаў: «Збірайцеся і сыходзьце на поўнач, таму што вёскі вашай хутка не стане, толькі не азірайцеся». Бацька з сынам кінуліся з вёскі. Забраліся на пагорак, але не стрымалі цікаўнасці ды азірнуліся: на месцы, дзе была вёска, утварылася вялікае возера. А бацька з сынам ператварыліся ў два валуны.
Месцічы называюць іх камень-бацька і камень-сын. Так і ляжаць яны на беразе. А возера называюць Бяздонным, бо вёска правалілася ў бездань. Мясцовыя кажуць, што ніхто дакладна так і не здолеў вымераць глыбіню Бяздоннага ды дастаць да дна, бо яно нібыта жывое, можа з’яўляцца і сыходзіць з-пад ног у любым месцы. З агульнадаступных звестак вядома, што максімальная глыбіня Бяздоннага каля 15 метраў, а так яно ці не, турыстам правяраць няварта. А вось навакольнымі краявідамі неабходна насалодзіцца.
Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Дзеравянчыцы. Тут калісьці быў маёнтак старажытнага шляхецкага роду Ордаў, з якога паходзіць і знакаміты мастак ды кампазітар Напалеон Орда. Ад маёнтка ХІХ стагоддзя тут захаваўся толькі прысядзібны парк, рэшткі гаспадарчых пабудоваў і родавая пахавальная капліца.
Фота: planetabelarus.by
Капліца адрэстаўраваная і знаходзіцца ў добрым стане. Яна была пабудавана па смерці жонкі Пятра Орды Эвеліны ў 1852 годзе. Гаспадар маёнтка перанес яе парэшткі са слонімскіх могілак. Капліца была асвечана 29 кастрычніка 1852 года. Як выглядаў будынак ў той час, можна пабачыць на малюнку Напалеона Орды.
За Ордамі ў Дзеравянчыцах функцыянавалі бровар, цагляны завод, вінакурня і вадзяны млын. Да сёння з гаспадарчых пабудоваў захаваліся толькі рэшткі дома для служак.
Фота: wikimedia.org
Сам Пётр Орда падчас паўстання 1863 года актыўна падтрымліваў інсургентаў, быў чальцом нелегальнай Слонімскай бібліятэкі, паводле чутак, захоўваў зброю для паўстанцаў у родавай капліцы. Пасля задушэння паўстання прыналежнасць да яго ўладальніка маёнтка царскія ўлады не далі рады даказаць, таму Дзеравянчыцы засталіся пры ранейшых уладальніках. Далей тут гаспадарыў сын Пятра Орды Юзаф. Яны з жонкай Марыляй пахаваныя ў капліцы, якую абавязкова варта наведаць у Дзеравянчыцах.
Фота: radzima.org
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, budzma.by