З часоў атрымання Магдэбургскага права беларускія гарады і мястэчкі займелі яшчэ адзін значны прывілей — публічны гадзіннік на ратушнай вежы. Гадзіннік быў не толькі гонарам і сімвалам гарадскога самакіравання, але і арыентырам жыцця паселішча: па яго званах пачыналіся набажэнствы, адчыняліся і зачыняліся гарадскія брамы, майстэрні, крамы. Першы мясцовы гадзіншчык, ці зэгармайстар, на тэрыторыі ВКЛ вядомы ўжо з сярэдзіны XVI стагоддзя. Складана паверыць, але адзін гарадскі хранаметр з тых часоў мы можам пабачыць і сёння. Да яго скіруемся ў нашай традыцыйнай вандроўцы. Яшчэ наведаем Віцебскую ратушу, якая з невялікімі зменамі захавала свой гістарычны выгляд да нашых дзён ды гадзіннік на ратушнай вежы. А завершым падарожжа ў Магілёве, дзе пабачым унікальны механізм ратушнага гадзінніка ў адноўленым у 2008 годзе будынку.
Вежавы гадзіннік на фарным касцёле ў Гродна. Фота: wikipedia.org
Гродна, касцёл Святога Францішка Ксаверыя
(пл. Савецкая, 4)
Скіруемся да самага старога з дзейных вежавых гадзіннікаў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. Месціцца ён на адной з вежаў фарнага касцёла ў Гродне і спраўна пільнуе мясцовы час ужо некалькі стагоддзяў. На вежу храма пры колішнім езуіцкім калегіуме гадзіннік быў перанесены толькі ў XVIII стагоддзі. Упершыню хранаметр з’явіўся ў горадзе ў сувязі з тым, што 21 сакавіка 1496 года Гродна атрымаў Магдэбургскае права і прывілей на «ратушу з гадзіннікам на месцы гаднейшым».
Гродзенская ратуша на гравюры 1568 года
Даследчыкі мяркуюць, што першая ратуша з гадзіннікам на яе драўлянай вежы паўстала паміж 1496 і 1540 гг., сам гадзіннік упершыню ўзгадваецца ў 1541 годзе ў прывілеі Боны Сфорцы адносна гарадскога ўпарадкавання, дзе каралева раіць гораду абзавесціся гадзіннікавым майстрам, які б мог абслугоўваць ды аднаўляць хранаметр. Хто стварыў першы публічны гадзіннік у Гародні, дасюль невядома, але майстар пакінуў на левай верхняй частцы клеці механізма свайго дзецішча ўласнае таўро, падобнае да перакуленай лацінскай літары «G». Паводле меркавання даследчыкаў, майстар мог паходзіць з суседніх Караляўца ці Данцыга, дзе на час стварэння гродзенскага гадзінніка ўжо існавалі цэхі гадзіннікавых майстроў.
Таўро стваральніка гродзенскага гадзінніка
Што было з гарадзенскім гадзіннікам пасля ўзгадкі ў прывілеі Боны Сфорцы, невядома, горад моцна пацярпеў падчас Трынаццацігадовай вайны, а драўляная ратуша, на якой месціўся хранаметр, была знішчана ў пажары. Наступная згадка пра яго датуецца апошняй чвэрцю XVII стагоддзя, калі гадзіннік быў размешчаны на будынку мураванага езуіцкага калегіума, узведзенага ў 1684 годзе. Адмыслова для размяшчэння гадзінніка езуіты збудавалі драўляную вежу, адкуль яго было бачна і чутна значнай частцы гараджанаў. А ў 1725 годзе, калі быў узведзены мураваны касцёл Францішка Ксаверыя, езуіты перамясцілі гадзіннік на адну з вежаў новай бажніцы, дзе той знаходзіцца і да сёння.
Касцёл Святога Францішка Ксаверыя. Фота: turby.by
Верагодна, у той час сярэднявечны механізм ходу гарадзенскага гадзінніка прыцярпеў частковую пераробку на больш дакладны, што дазволіла зменшыць пагрэшнасць у вымярэнні часу з 15 хвілінаў да 15 секундаў за содні. У 1871 годзе расійскія ўлады хацелі замяніць стары гадзіннік на новы, зроблены ў Маскве, але месцічы праігнаравалі падобную ініцыятыву. Нейкім цудам і ў ХХ стагоддзі спробы замяніць механізм гадзінніка на больш сучасны не былі рэалізаваныя.
У 1957 годзе ўлады забаранілі даглядчыкам фарнага касцёла, што з 1944-га заводзілі гадзіннік, уздымацца на вежы ды запускаць старажытны механізм, таму гарадзенскі хранаметр быў вымушаны спыніцца да 1980-х гадоў.
Новыя цыферблаты перад пад’ёмам. 1988 год. Фота: newgrodno.by
Старажытны механізм гродзенскага гадзінніка
Адладзіць механізм, каб Гродна зноў пачуў, як гучаць гадзіннікавыя званы, дапамог Аляксандр Мілінкевіч напрыканцы 1980-х. Механізму была вернута ручная заводка, зроблены новыя круглыя цыферблаты з дзюралюмінія і стрэлкі з нержавеючай сталі, якія знешне адпавядалі гістарычнай выяве арыгіналу. Зараз гарадскі хранаметр мае тры цыферблаты і тры званы, ён адбівае кожную гадзіну і па чвэрці. Гадзіннік для стабільнага ходу і бою званоў неабходна заводзіць раз на два дні. Адмысловай экскурсіі на вежу фарнага касцёла не прадугледжана, але цуды здараюцца, таму прыязджайце ў Гродна ды спытайце ў касцёле Святога Францішка Ксаверыя наглядчыка гадзінніка. А раптам.
Гадзіннікавыя званы XVII стагоддзя
У вежы фарнага касцёла
Віцебск, гарадская ратуша
(вул. Леніна, 36)
Віцебская ратуша — адна з нешматлікіх ацалелых у аўтэнтычным выглядзе ратушаў Беларусі. Першы сімвал гарадскога самакіравання тут быў пабудаваны ў 1597 г. пасля атрымання горадам Магдэбургскага права 17 сакавіка таго ж года. У 1623 г. Віцебск быў часова пазбаўлены прывілеяў з-за таго, што праваслаўныя жыхары горада забілі і скінулі ў раку ўніяцкага полацкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча. Тады старую ратушу і разабралі, нават звон з яе быў пераплаўлены. Толькі 25 лістапада 1644 года кароль Уладзіслаў IV вярнуў самакіраванне гараджанам — разам з правам бязмытнага гандлю. Гарадскую ратушу тады адбудавалі наноў.
Выява адноўленай ратушы ў Віцебску, 1664
Будынак ратушы быў драўляным і неаднойчы цярпеў праз пажары. Толькі ў 1775 годзе была ўзведзена каменная ратуша ў стылі віленскага барока, якую мы можам пабачыць сёння. Вядома, з тых часоў будынак не аднойчы рэканструяваўся. Напрыклад, у 1873-1875 гг. была праведзена ўнутраная перапланіроўка ратушы, часткова зменена завяршэнне вежы: замест высокага шпіля была абсталявана назіральная пляцоўка з невялікай ратондай. У 1911 годзе быў дабудаваны трэці паверх, які парушыў прапорцыі будынка, закрыў ніжні ярус вежы і зрабіў масіўным корпус будынка. У такім выглядзе ратуша захавалася да нашых дзён.
Віцебская ратуша, сучасны выгляд. Фота: planetabelarus.by
Звестак пра тое, якім першапачаткова быў першы публічны гарадскі гадзіннік у Віцебску, не захавалася. Адлік гісторыі хранаметра, які мы можам пабачыць сёння на ратушы, пачынаецца ад 1883 года. Гадзіннік быў усталяваны, калі будынак набыў рысы стылю класіцызм у час чарговай перабудовы напрыканцы ХІХ стагоддзя. Падчас Другой сусветнай вайны была пашкоджана верхняя частка вежы і сам гадзіннік. Аднаўленнем ратушнага гадзінніка на працягу 1946-1947 гг. займаўся народны майстар С. Юшкоўскі.
Віцебская ратуша на малюнку Юзафа Пешкі, 1800 год
Віцебская ратуша ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Фота: poshyk.info
З 1925 года ў будынку ратушы размяшчаецца краязнаўчы музей. Усе наведнікі могуць узняцца на аглядную пляцоўку, на тую самую вежу з гадзіннікам, з якой адкрываецца найлепшы ракурс на Віцебск. На мінулым тыдні для наведвальнікаў былі адчынены і старадаўнія падвалы ратушы з новай выставай «Знаходкі археолага».
Вежавы гадзіннік на віцебскай ратушы. Фота: instagram.com/ratusha.vitebsk
Сутарэнні віцебскай ратушы. Фота: instagram.com/ratusha.vitebsk
Магілёў, ратуша
(вул. Леніская, 1)
Апошнім на сёння прыпынкам будзе горад Магілёў і тутэйшая ратуша, адноўленая паводле гістарычных крыніц у 2008 годзе. Ратуша лічыцца самай высокай у Беларусі: будынак мае амаль 47 метраў вышыні, гэта параўнальна з шаснаццаціпавярховым домам! Вежа адноўленай ратушы атрымалася вышэйшая за гістарычна вядомыя прапорцыі, але з аглядальнай пляцоўкі на ёй адкрываецца маляўнічы выгляд на Дняпро і ўсё гарадское наваколле.
Магілёў з ратушы
Першы будынак ратушы ўзгадваецца ў інвентары за 1604 год. Узведзена яна была пасля атрымання Магілёвам Магдэбургскага права 28 студзеня 1577 года. Драўляны будынак неаднаразова цярпеў ад пажараў, ды й размяшчэнне ля ўсходніх межаў дзяржавы, дзе ўвесь час існавала пагроза ад суседняга маскоўскага княства, не спрыяла захаванню гістарычнай спадчыны. Толькі за XVI стагоддзе Магілёў быў знішчаны 7 разоў! Каменны будынак ратушы быў узведзены толькі ў 1681 годзе.
Ратуша Магілёва пасля Другой сусветнай вайны
Пазней да ратушы неаднаразова спрабавалі дабудаваць вежу, у ХVII стагоддзі яна нават абвалілася ў працэсе ўзвядзення. Вядома, што першая ратушная вежа была завершана конусападобным дахам з крыжам на шпілі, які падчас панавання Расійскай імперыі замянілі на двухгаловага арла, а за савецкім часам на «серп і молат». Але і гэта не зберагло будынак ад разбурэння. З невядомых прычынаў сімвал гарадскова самакіравання Магілёва, ацалелы нават падчас вайсковых дзеянняў Другой сусветнай вайны, у 1957 годзе быў узарваны. Аднаўленне адбылося толькі ў 2007-2008 гг.
Сёння ў будынку месціцца краязнаўчы музей з мноствам цікавых экспанатаў: арыгінальным Статутам ВКЛ, напісаным на старабеларускай мове, арыгіналам кнігі «Вялікае майстэрства артылерыі» Казіміра Семяновіча, фрагментамі слуцкіх паясоў і іншымі рарытэтамі.
Статут ВКЛ у музеі
На самым версе адноўленай ратушнай вежы ўсталяваны ўнікальны механічны гадзіннік, выраблены магілёўскім гадзіннікавым майстрам, інжынерам Генадзем Галоўчыкам, легендарнай асобай для Магілёва.
На гадзінніку размешчаны дыск з абрысамі межаў Беларусі, на які нанесены значныя, паводле меркавання майстра, падзеі з гісторыі Магілёва: выпуск першага хімвалакна на прадпрыемстве «Лаўсан», інфармацыя пра тое, што ў чэрвені ў XVII стагоддзі ў Магілёве быў снег, які праляжаў два дні, і іншыя цікавыя факты. Гадзіннік мае тры цыферблаты — два знешнія і адзін унутраны, стрэлка на апошнім праходзіць кола адзін раз за 500 гадоў. Майстар знішчыў чарцяжы, скончыўшы механізм, таму ён з’яўляецца адзіным спецыялістам, які можа абслугоўваць гадзіннік. Але пасля падзеяў 2020 года ён быў вымушаны з’ехаць з краіны.
Механізм ратушнага гадзінніка
Ёсць на вежы магілёўскай ратушы і свой механічны гарніст, спраектаваны таксама легендарным гадзіннікавым майстрам. Тройчы на дзень — апоўдні, а 20-й вечара і ў момант, калі над Магілёвам сядае сонца, гарніст Магіслаў з дапамогай мудрагелістага механізма выходзіць на гаўбец ратушы ды гучна сігналіць. Пабачыць яго можна, замовіўшы экскурсію на ратушную вежу. Там жа на свае вочы можна ацаніць маштаб унікальнага механізма гадзінніка. Калі ж бліжэйшым часам няма магчымасці наведаць Магілёў, то гэта можна зрабіць праз відэаэкскурсію, рупліва створаную супрацоўнікамі музея.
Гарніст Магіслаў
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Пазнай месца па гадзінніку: тэст ад «Будзьма!»