Глядзець на сённяшнія падзеі з марксісцкага пункту гледжання — не самы папулярны ход. Тым не менш паводле Маркса ў Беларусі цяпер адбываецца сапраўдная «буржуазная рэвалюцыя». У аснове ўсяго, што робіцца, — сацыяльна-эканамічныя падставы.
Мала хто звярнуў увагу на цікавы статыстычны факт, які выплыў недзе ў 2015 годзе. Тады беларусаў, занятых у прыватнай сферы, аказалася больш, чым занятых у дзяржаўнай. То бок уласнікаў маленькіх і буйных фірмаў, сферы абслугоўвання, айцішнікаў і рэстаратараў стала болей, чым бюджэтнікаў.
Чарга ў менскую кавярню, дзе сілавікі выбілі шыбу
Эканоміка прагаласавала за прыватны сектар. Чалавек, які працуе на прыватніка, нават сам не будучы ўласнікам ці акцыянерам, лічыць, што яму так выгадней. Выгадней, чым круціць гайкі на нашых супергігантах і выпускаць агромністыя МАЗы. Такі сацыяльна-эканамічны пералом адразу цягне за сабой і палітычны складнік.
Перадумова рэвалюцыі — пытанне: «Навошта мне ім плаціць?»
Чалавек, які працуе сам на сябе ці на прыватніка, не адчувае сябе абавязаным дзяржаве. Наадварот, лічыць, што дзяржава вінаватая яму, бо ён плаціць падаткі. Медыцына, адукацыя, культура, а таксама сілавікі з чыноўнікамі — усё гэта і за ягоны кошт. Чалавек задаецца лагічным пытаннем: ці мне гэта трэба?
Бюджэтнік жа такімі пытаннямі не задаецца. Больш за тое, часта разумее, што не зарабляе тых грошай, якія яму даюць штомесяц. Таму і вымушаны мірыцца са станам рэчаў. Дзяржава кажа: мы табе далі ўсё! Іншая ўлада ўсё пазакрывае і на вуліцу выганіць.
Класічная перадумова для буржуазнай рэвалюцыі выглядае так: людзі з грашыма перастаюць разумець, навошта ім утрымліваць тых, хто нічога не робіць, або тых, хто ўяўляе непасрэдную пагрозу (гаворка пра тых жа сілавікоў). Тады прыватнік ужо не проста адгароджваецца ад дзяржавы, але і сам пачынае хацець улады.
Гэта класіка ўсіх буржуазных рэвалюцый пачынаючы з Галандыі XVI ст., калі рамеснікі і гандляры перасталі разумець, навошта карміць нейкіх узброеных людзей, якія збіраюць з іх падаткі.
Ад гнілой капусты да Райфайзэнбанка
Кааперацыя — класічны спадарожнік буржуазных зменаў і рэвалюцыяў. Гэта эканамічная супраца людзей з мэтай атрымаць максімальную выгаду, мінімізаваць выдаткі. Такая супраца часта з эканамічнай сферы пераходзіць у грамадскую, дабрачынную, рэлігійную або патрыятычную.
Возьмем Англію першай паловы ХІХ ст. Акурат пачалі з’яўляцца вялікія фабрыкі і заводы. Ніякай інфраструктуры вакол не было. А былі маленькія крамкі, дзе гандляр неабгрунтавана дорага прадае гнілую капусту і кіслае піва... Так рабочыя пачалі спажывецкую кааперацыю. Пара дзясяткаў працаўнікоў з сем’ямі скідваліся і адчынялі сваю краму: здымалі памяшканне, садзілі туды чалавека, які дамаўляўся пра падвоз прадуктаў з вёскі без пасярэднікаў. Вынік: тыя ж прадукты, але таннейшыя і якаснейшыя.
Кааператыўная крама ў Англіі на пачатку ХХ ст
Паступова аказалася, што гэта вельмі выгадна: калі ўсё пачыналася з пары дзясяткаў рабочых у Ліверпулі ў 1830-х, то напрыканцы ХІХ ст. гэта ўжо кааператывы на дзясяткі тысяч! Атрымаліся цэлыя сеткі: кааператыўныя крамы, медычныя ўстановы, пабы... Рабочы ўкладаў свае грошы, але эканоміў час. Пазней з гэтых сетак выраслі і прафсаюзы.
Фрыдрых Вільгельм Райффайзэн
У Аўстрыі свая гісторыя: быў такі Фрыдрых Райфайзэн, які кіраваў акругай. Неяк ён зразумеў, што сялянам патрэбныя грошы, каб развівацца. Уклаў свае капіталы, намовіў самых заможных вяскоўцаў і заклаў кааператыўны банк, які грунтаваўся не на класічным ліхвярстве, а на дапамозе. Сяляне змаглі браць ільготныя крэдыты, закупляць абсталяванне, развіваць гаспадарку, багацець, пракручваць грошы зноў і зноў... Так пазней паўстала магутная група Райфайзэнбанка.
Бярэш Мыколу з возам, грузіш яйкамі і адпраўляеш у Львоў...
Ва Усходняй Еўропе сітуацыя была горшая: менш гарадоў, менш рабочых, менш грошай. Але напрыканцы ХІХ ст. у рэгіёне лідарамі ў плане кааперацыі аказаліся заходнія ўкраінцы — галічане. Істотны бонус быў у тым, што дзейнічалі яны ў рэаліях Аўстра-Венгрыі, а не Расіі. Пачалі са спажывецкай кааперацыі, дараслі да фінансавай і вытворчай. Як тое было? Селянін тады еў мала яек, малака і смятаны, бо ўсё гэта можна было прадаць. Самы просты варыянт: прыязджаў яўрэй-перакупшчык, селянін прадаваў яму прадукты за капейкі, а той вёз далей у мястэчка ці горад. Другі варыянт: селянін грузіў воз яйкамі і малаком ды сам вёз на кірмаш, каб прадаць даражэй. Але ёсць рызыкі: малако магло скіснуць, яйкі — пабіцца, часу шмат...
Агітацыя галіцкага «Маслосоюзу»
Сяляне даўмеліся, што можна аб’яднацца і прадаць прадукцыю цэнтралізавана. То бок узяць Мыколу з ягоным возам, загрузіць па поўнай і адправіць не ў Віннікі, а адразу ў Львоў. Па грашах і аптымізацыі часу так значна цікавей!
Далей — болей. Навошта прадаваць малако, калі з яго можна зрабіць масла ці смятану і прадаць даражэй? Трэба проста скінуцца на абсталяванне і зрабіць. Так паўстала адна з самых знакамітых украінскіх кааперацыяў «Маслосоюз», якая дажыла да 1930-х. Яна аб’яднала сотні маленькіх кааператываў і тысячы вытворцаў. У міжваенны час яна кантралявала 7% экспарту масла і сыроў з усёй Польшчы!
Агітацыя галіцкага «Маслосоюзу»
Важна, што «Маслосоюз» і іншыя кааператывы знаходзіліся пад моцным уплывам палітыкаў з УНДО (украінскіх нацдэмаў). То бок гаворка не толькі пра эканоміку. Кааператывы сталі месцамі, дзе ўкраінцы камунікавалі паміж сабой, дакументацыя вялася на роднай мове, адбываліся імпрэзы, пастановы і г.д. Кааперацыя стала адным з базісаў фармавання нацыі.
Фірмовае аўто і офіс «Маслосоюзу»
Баранавіцкае масла ў Варшаве і свой беларускі банк!
Як было ў 1920-х у Заходняй Беларусі? Слабей, чым ва ўкраінцаў, але тым не менш. Ствараліся сотні спажывецкіх кааператываў. Паслухайце адно назвы: «Сейбіт», «Сяўба», «Прамень», «Адраджэнне»... Песня!
Кааператыў «Сяўба» у Беластоку
У 1925-м узнік нават беларускі кааператыўны банк у Вільні з двума аддзяленнямі ў Глыбокім і Пінску. Банк працаваў па прынцыпе асабістых укладаў: ад 50 злотых (цяпер прыкладна 200$). Сярод іншых там трымалі грошы і паслы Сейма ад «Грамады»: заробкі ў іх былі неблагія. Сэнс быў у тым, каб падтрымліваць крэдытамі беларускіх сялянаў, найперш чальцоў «Грамады» і ТБШ. А селянін ужо мог набыць сабе сеялку, дакупіць зямлі — вырвацца з галечы.
Добры прыклад вытворчай кааперацыі — малачарня ў Баранавічах. Нанялі памяшканне, паставілі працаваць людзей, сяляне туды звозілі прадукты з вёсак, масла складалі ў лядоўню, пакавалі, грузілі на цягнік, праз ноч яно даязджала да той жа Варшавы, прадавалася буйным гандлёвым сеткам і трапляла на сталы варшавякаў. Усе задаволеныя.
Фрагмент часопісу «Самапомач»
Беларусы падыходзілі да справы грунтоўна: выдавалі кааператыўную бібліятэку. Гэтым займаліся «хадэкі» і БІГіК (Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры). Дзясяткі маленькіх брашурак: як даглядаць коней, як рабіць масла, што рабіць, каб свінні не хварэлі... Выходзіў часопіс «Самапомач» з юрыдычнымі парадамі і прыкладамі бізнес-схемаў з іншых краінаў. Пчалярская кааперацыя выдавала асобны часопіс «Борць» і г.д.
Часопіс «Самапомач»
Палякі добра разумелі, што ўсё гэта — вогнішчы патрыятызму, базіс для нацыянальнага аб’яднання беларусаў. У выніку душылі рэвізіямі, санстанцыяй, юрыдычнымі і эканамічнымі сродкамі. Да канца 1930-х ужо і банк быў зачынены, і малачарня ў Баранавічах. Украінцам было прасцей, бо яны ў Польшчу ўвайшлі ўжо са сфармаванымі схемамі кааперацыі. Беларусы ж пачыналі з чыстага ліста — і не вытрымалі ціску.
Не народ Ізраіля для грошай, а грошы для народа Ізраіля
Сёння ў Беларусі кааперацыя на дзяржаўным узроўні вырадзілася ў сетку крамаў «Родны кут», закупку яблыкаў за капейкі, падвоз аўталаўкі па вёсках з трыма бабулямі. Белкаапсаюз ёсць у кожным раёне, збольшага гэта банкруты, якія працуюць па інерцыі.
Размова не пра іх. І не пра сялянскую кааперацыю ў фармаце 100-гадовай даўніны. Размова пра тое, як зрабіць так, каб максімальны абарот грошай адбываўся ў коле сваіх людзей. Беларусы інтуітыўна гатовыя да гэтага: паглядзіце, якія чэргі стаяць у кавярні ці крамы, гаспадары якіх пацярпелі ад рэпрэсіяў. Адваротны бок медаля — «чорны спіс» бізнесу, які падтрымлівае дзейную ўладу.
Па такой логіцы, кожны чалавек мусіў бы прадумаць сабе спіс патрэбаў, якія можа задаволіць у ідэйна блізкіх яму бізнес-структурах. Адначасна задумацца, чым ён можа быць карысны іншым. А некаму, магчыма, зрабіць паслугу са зніжкай, у растэрміноўку ці бясплатна.
Спрадвеку так рабілі яўрэі, а яны нешта ды разумелі ў пытаннях грошай і салідарнасці. А яшчэ «правільныя» яўрэі заўсёды трымалі ў галаве тыя старазапаветныя 10% — дзесяціну. Богу, бліжняму ці на добрую справу. Бо не народ Ізраіля для грошай, а грошы для народа Ізраіля.
Ну і апошняе. Бел-чырвона-белая шаўрма ці нататнікі з Пагоняй — гэта вельмі крута. Але не трэба заўсёды патрабаваць ад бізнесу нейкага выпінання ідэі. Грошы любяць цішыню. Некаму барыкады, некаму — абарот. Але і бізнес ніколі не павінен забывацца на сацыяльную адказнасць. Калі не ходзіш са сцягам, а зарабляеш, то падзяліся з тым, хто ходзіць са сцягам замест цябе.
Урэшце, у 16 гадоў трэба марыць «памерці за Бацькаўшчыну», але ўжо ў 25-30 — як даць Бацькаўшчыне 50$. І не дзяржаве, а менавіта Бацькаўшчыне.
Алесь Кіркевіч, Budzma.by