Святы Губерт замест чырвонай зоркі. Як на шпілі Новага замку спрабавалі флюгер замяніць

Гісторыяй з пачатку 1990-х дзеліцца гродзенскі краязнавец, выкладчык і грамадскі дзеяч Аляксандр Мілінкевіч на сваёй старонцы ў Facebook.


Гродна._Новы_замак_(02).jpg

Першыя гады незалежнасці Беларусі былі для Гародні часам нацыянальнага адраджэння і самапазнання, дэкамунізацыі і дэсаветызацыі, аднаўлення гістарычнасці вобліку горада і пераасэнсавання падзей мінулага. Нямала добрых справаў для вяртання сваёй ідэнтычнасці зрабілі гарадзенцы падчас Перабудовы і пачатку 90-х, але многае не паспелі.

Бо мінулае пачало браць рэванш.

Як імкнецца і сёння.

Распавяду пра малавядомую спробу замены чырвонай зоркі, што на шпілі Гродзенскага Новага Замка, дзе адбываўся кожны трэці Сойм РП, на ветранік (флюгер) з выявай Святога Губерта, патрона горада.

Ідэя належала гарадзенскім гісторыкам, краязнаўцам, журналістам, мастакам і грамадскім лідэрам, яе падтрымаў гарвыканкам і запрапанаваў падрыхтаваць праэкт вядомаму на Беларусі гродзенскаму мастаку-кавалю Юрасю Мацко.

Майстар Юрась вельмі захапіўся ганаровай справай, маючай несумненна гістарычнае значэнне. Гэта ж так файна, проста як сімвал эпохі — наш гарадзенскі святы, сімвал гарадскога самакіравання, на адным з нашых каралеўскіх замкаў замяняе сімвал камуністычнай дыктатуры.

311995096_2187824454711301_9034884777604060920_n.jpg

Прыгожы эскіз Губерта з ягоным знакамітым аленем быў хутка прадстаўлены грамадскасці, зацверджаны галоўным мастаком гор. Гродна, дырэктарам музея, які месціўся ўжо ў замку замест абкама партыі. А перад тым, як прыступіць да вырабу рухомай металічнай канструкцыі, Юрась Мацко меўся вывучыць магчымасці яе замацавання. Мы ў гарвыканкаме дамовіліся з аб’яднаннем ’’Азот«, у якога быў магутны кран с самай доўгай у горадзе стралой.

Усё было гатова і тэлескапічную стралу пачалі высоўваць на самую вяршыню шпіля, але на падварок раптам на добрай хуткасці выехалі аблвыканкамаўскія чорныя «Волгі». Высокія абласныя начальнікі, вельмі разлаваныя на малодшых па рангу, на павышаных танах забаранілі самаўпраўства.

«Бо Новы замак — гэта абласная маёмасць!».

Святы Губерт ужо ня мог перамогчы чырвоную зорку. Маладая дэмакратыя — у той час рэальна абранае кіраўніцтва горада — тады саступіла абласным прызначэнцам з вертыкалі першага прэзідэнта.

Але прыгожы Губерт Юрася Мацко ўсё роўна вернецца ў Гародню, бо ў рэшце рэшт дабро перамагае.