Ці варта шукаць на Беласточчыне беларускасць, або — цягнік ужо сышоў? Адкуль на Падляшшы кіч ды «псеўдафальклорныя» гурты з гармошкамі? Чым эмігранты хвалі 2020-га і беларуская этнічная меншасць Падляшша могуць быць карысныя адно аднаму?
Зміцер Косцін нарадзіўся ў Бабруйску. На Падляшшы ўжо 16 гадоў. Працаваў на «Радыё Рацыя», пасля на польскім радыё «Беласток». Зараз — кіраўнік рэдакцыі нацыянальных меншасцяў апошняга. Адзін з менеджараў фестываляў «Тутака» і «Сонцаграй».
Мы паразмаўлялі пра Беларускае Падляшша, гаворкі, адукацыю, «канфлікт» паміж нацыянальнай меншасцю і дыяспарай.
Зміцер Косцін
«А ты мусі з Білорусі? Бо нэ по-нашому говорыш!»
Памятаю са школьнага падручніка гісторыі выявы: царква ў Супраслі, Заблудаўская друкарня, Беласток ХІХ ст.... Побач подпіс у дужках: «зараз Польшча». Пра ўсе гэтыя мясціны пасля Другой сусветнай інфармацыя наўпрост абрывалася — нібы яны зніклі. Як такое можа быць?..
Перад тым, як ехаць у Беласток, 2008 год, трошкі пачытаў польскія форумы. Знайшоў спрэчкі на тэму, хто ж гэтыя людзі Падляшша? Беларусы, украінцы, праваслаўныя палякі?.. Ужо ведаў, што людзі тут размаўляюць на гаворках, блізкіх да заходнепалескіх. Здавалася, ведаю, куды еду.
Але калі ўпершыню ад «Рацыі» паехаў на фестываль, то звярнуўся да людзей на літарутурнай беларускай: «Добры дзень, а падкажыце, калі ласка...» Адказаў 70-гадовы мужчына: «А ты мусі з Білорусі? Бо ты нэ по-нашому говорыш!» Зразумеў тады, што каб тут быць троху сваім, трэба яшчэ і гаворкі ведаць.
Абрад «Ваджэнне куста», гурт «Жэмэрва»
Рана ці позна вынікае пытанне: «Адкуль сям’я паходзіць?»
На Беласточчыне важна, адкуль ты. Прывязка да зямлі. Зазямленне. Нават у размовах з польскамоўнымі рана ці позна вынікае пытане: «Адкуль сям’я паходзіць?». Беласток падобны да Менска, бо 90% жыхароў па вайне прыехалі з розных мясцовасцяў. Таму працуе пошук супольнасці. Калі чуюць, што з-пад Гайнаўкі ці Гарадка — гэта ўжо зачэпка.
Істотная часам нават сярэдняя школа, дзе ты вучыўся. Большасць свядомых беларусаў вучыліся ў Гайнаўскім ці Бельскім ліцэі. Гэта сувязь, масток паміж людзьмі, фармаванне мікрасупольнасцяў. Гэта тое, чаго ў Беларусі амаль няма. Бо прыязджаючы з невялікіх гарадоў, людзі найхутчэй спрабуюць стаць там «сваімі» і забыцца пра родны Бабруйск, Дзятлава, Пружаны і г. д.
Свята Роднай мовы ў Непублічнай пачатковай школе Святых Кірылы і Мяфодзія ў Беластоку
Калі не жывеш у асяроддзі — мова знікае
Вёска на Беласточчыне не гаворыць на беларускай літаратурнай мове. Але цікавая з’ява: у ліцэі ў Гайнаўцы ці Бельску прасцей знайсці вучня з літаратурнай беларускай, чым з гаворкай. Бо мову — літаратурную — вывучаюць на занятках. У сем’ях гавораць па-польску. Рэдка вельмі з дзецьмі ў хаце размаўляюць на гаворцы. Хіба бабуля ці дзядуля.
Тут ёсць два падыходы да моўнага пытання. Першы: трэба абапірацца на літаратурную мову і будаваць тоеснасць. Другі: захаваць гаворкі. Янка Максімюк 20 год займаецца перакладамі на гаворку, выданнямі, распрацоўкай граматыкі. Усё гэта на лацінцы, дарэчы. Але па выніку таксама атрымліваецца штучны прадукт: бо кожная нармаваная мова — у нечым штучная.
Музей Малой Бацькаўшчыны, Студзіводы
Што рабіць? Запісваць песні, казкі, прыклады вуснага маўлення — так, гэта магчыма. Можна зафіксаваць пэўны стан, каб пасля кожны мог паспрабаваць навучыцца. Але калі не жывеш у асяроддзі — мова знікае. У дадатак, раней самі носьбіты гаворак жылі кампактна і асабліва не падарожнічалі. Для сучаснага свету гэта амаль нерэальна.
Падляшша з-пад споду
Першыя беларускія праграмы на радыё «Беласток» з’явіліся яшчэ ў 1958-м, [калі ў сацыялістычнай Польшчы пачалася адліга для нацыянальных меншасцяў — рэд.].
Апошнія 30 год выходзіць перадача «Пад знакам Пагоні». Галоўным чынам праграма для беларускай меншасці тут. Гэта такое Падляшша з-пад споду, з глыбіняў. Людзі, з’явы, мова.
Часам прыязджаеш запісваць жанчыну, якая спявае. А пасля выяўляецца, што яна яшчэ і ткачыха, побач ткацкі варштат. Пазней узгадвае мінулае вёскі, распавядае пра людзей...
Ткацкі варштат у Доме Культуры ў Дубічах Царкоўных
Люблю гэтыя людскія гісторыі: не акадэмічныя і суб’ектыўныя. Гэта ключык, каб зразумець, што рэальна перажывалі людзі перад вайной, падчас вайны, як успрымалі кожную чарговую ўладу і г. д.
Так, ездзячы, пазнаёміўся з далёкай сям’ёй Антона Баліцкага [палітык БНР і БССР — рэд.]. Ці — са сваякамі Янкі Чарапука [дыпламат БНР, дзеяч эміграцыі — рэд.]. Ён з Новага Двара быў на Сакольшчыне. Запісваў яго 92-гадовага пляменніка. Той размаўляў амаль чыстай літаратурнай мовай! Памятаў, як дзядзька пісаў да яго сям’і лісты з Амерыкі па-беларуску... Але нацыянальная свядомасць у сям’і ўжо трансфармавалася: палякі.
Тафілаўцы, ваколіцы Белавежскай пушчы
Ці, вось, едзеш пад Дубічамі Царкоўнымі. Праязджаеш будынак, і табе кажуць: тут у 1915-м была беларуская школа. То-бок, яшчэ БНР не было! Вакол — Белавежская пушча. Гаворку некаторыя ідэнтыфікуюць як украінскую... Але школу чамусьці заклалі беларускую!
Людзі каля мяжы: вунь яна там, за плотам...
Зараз цяжэй запісваць людзей на гістарычныя тэмы, бо па 80 год маюць тыя, хто нарадзіўся ў гады Другой сусветнай. У мінулым годзе запісаў жанчыну з Дубічаў Царкоўных. Расказвала, як хадзіла ў школу ў вёсцы Старына, ля самай мяжы. І туды ж хадзілі сяброўкі з вёсак, якія зараз па беларускім баку. Пасля — перасталі хадзіць. 1946 год. Зачынілі мяжу. Па той бок засталіся дзядзькі, цёткі.
Дубічы Царкоўныя
Нават 80-гадовыя жывуць з разуменнем, што гэта мяжа ўзнікла за іхным жыццём. А для іхных бацькоў дык гэта наогул эпахальная з’ява: свет перанакіраваўся з усходу на захад. Бо доўгі час ездзілі ў Горадню, Свіслач, Высокае. Пасля ўсё перарвалася. З беларускага боку вёскі адсялялі, а па польскі засталіся зусім блізка мяжы: вунь яна там, за плотам...
Такія матэрыялы стараемся запісваць, фіксаваць. Функцыя радыё таксама змяняецца, наша місія ў тым ліку захаваць, архівізаваць. І гэта ўжо не толькі традыцыйнае радыё, якое можна выкруціць на прымачы, але і падкасты, Spotify.
Як беларускую культуру на Падляшшы падмянялі кічам?
Калі ў 2020-м былі мітынгі каля консульства РБ, мне даводзілася распавядаць беларусам, якія тут жылі па 5-6 гадоў, што ў Гайнаўцы ёсць ліцэй, музей, тут дзеці вучацца па-беларуску. А эмігранты наўпрост не ведалі, што побач з імі таксама жывуць беларусы!
Для меншасці было шокам, што з Беларусі прыехалі людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія... гавораць па-расійску. Разам з тым меншасць часта не ведала пра тое, што там адбываецца ў беларускай палітыцы і культуры па той бок.
Нават пратэсты 2020-га свядомыя тутэйшыя беларусы часта не разумелі: маўляў, гэта ўсё ўжо было ў 1996-м, 2006-м, 2010-м...
Акцыя салідарнасці з пратэстоўцамі ў Беларусі 15 верасня 2020-га
Праблема яшчэ ў тым, што сапраўдная беларуская культура доўгія гады тут, на Падляшшы, падмянялася ...кічам. Гэта тыя псеўдафальклорныя гурты з гармошкамі і залатымі строямі, якія дыпламаты вазілі сюды з Беларусі. Адбылася падмена. І ў выніку моладзь часта шчыра ўпэўненая, што беларушчына — гэта такі кіч або «прыкол». Як вынік гэтая моладзь будзе абіраць польскасць, а не беларускі кантэнт.
Два народы, «хіміі» — няма... Так і будзе?
...Адсюль і тэма пра нібыта два народы, якія не могуць паразумецца паміж сабой. Асобна дыяспара, асобна нацыянальная меншасць. А «хіміі» паміж імі — няма. На маю думку, гэта няпраўда. Бо мы падобныя. Найперш ментальна. Індывідуалізм, замкнёнасць ці прынцып: два беларусы — тры меркаванні... І тут няважна, ці ты жыў у сістэме з калгасамі ці без калгасаў.
Каб паразумецца, крокі маюць быць з абодвух бакоў. Наўрад ці беларусы, якія толькі прыехалі і яшчэ жывуць з траўмай, адразу пабягуць у музей у Гайнаўку ці будуць шукаць нейкі фэст. Яны будуць думаць, як выжыць і вывучыць польскую. Гэта нармальна. Але праз 2-3 гады — так. І беларуская меншасць тут мае падаць прыклад: як жыць у Польшчы і надалей адчуваць сябе беларусамі.
Гурт «Жэмэрва» з Бельска Падляшскага
Ужо зараз ёсць паспяховыя прыклады супрацы. Найперш, фестываль «Тутака», таксама «Сонцаграй», «Бардаўская восень», Школа Кацярыны Ваданосавай... Ёсць аб’яднанне бацькоў дзетак, якія вучацца па-беларуску — АБ-БА. Ці — дзіцячы садок з беларускай мовай, куды могуць хадзіць не толькі грамадзяне Польшчы. Школа імя Кірыла і Мяфодзія і так далей.
Важна разумець, што нават калі ў Беларусі ўсё вырашыцца ў лепшы бок, вялікая колькасць эмігрантаў — застанецца. У кожным разе, наперадзе яшчэ доўгі шлях, каб тут утварылася адна супольнасць для ўсіх — Беларусы Падляшша.
Этнаграфічны летнік «Я нарадзіўся тут», арганізаваны Аб’яднаннем АБ-БА
Што пачытаць, паслухаць, куды схадзіць?
Шорт-ліст, каб лепш зразумець беларусаў Падляшша:
Пачытаць. Творы Сакрата Яновіча — гэта класіка з беларускага жыцця Падляшша 1960-х — 1990-х.
Творы Міхала Андрасюка і Ганны Кандрацюк-Свярубскай — гэта сучасная літаратура, зразумелая беларусам з Беларусі.
Паслухаць. Падкасты з радыё «Беласток», «Радыё Рацыя», кантэнт і з Падляшша, і з Беларусі.
Музыкальныя праекты — добры прыклад якаснай музыкі — Ilo & Friends.
Паглядзець. «Беларускі Тыдзень» на польскім тэлебачанні. Дакументальныя фільмы рэжысёра Юркі Каліны, напрыклад: «Сярожа. Лёс беларуса з Падляшша».
Афлайн. Варта ўжо зараз планаваць лета. Фэст абуджаных «Тутака» — 12-14 ліпеня.
Фота, каб разумець атмасферу мінулага года.
Фота з архіва Змітра Косціна
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Падляскія замалёўкі. Музей у Цеханоўцы — графскі палац, шляхецкія дворыкі і сялянскія хаты