Падляскія замалёўкі. Музей у Цеханоўцы — графскі палац, шляхецкія дворыкі і сялянскія хаты

Фалькларыстка Алена Ляшкевіч наведвае Падляшша і дзеліцца з чытачамі Budzma.org нататкамі з вандровак. У гарадку Цехановец можна паглядзець музей сельскай гаспадаркі імя ксяндза Кшыштафа Клюка і даведацца пра культуру падляска-мазавецкага памежжа.


1_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0017.jpg

Цехановец знаходзіцца ў Высокамазавецкім павеце. Гэта яшчэ Падляскае ваяводства, але гістарычна — хутчэй рэгіён Мазоўша. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і напалеонаўскіх войнаў адна частка Цеханоўца аказалася ў Гродзенскай губерні, а другая — у Каралеўстве Польскім. Іх раздзяліла рака Нурэц. Дасюль у горадзе кажуць пра «польскую» і «рускую» старану. Недзе тут, у ваколіцах, гістарычнае Падляшша мяжуе з Мазоўшам. Дзе дакладна знаходзіцца мяжа, сказаць складана. Скансэн (музей на вольным паветры) у Цеханоўцы таксама паказвае гэту дваістасць: і падляскую, і мазавецкую традыцыйную культуру.

2_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0066.jpg

Адным з самых знакамітых жыхароў Цеханоўца быў ксёндз Ян Крыштаф Клюк (1739–1796). Акрамя духоўнай службы ён займаўся навукай: публікаваў працы па батаніцы, заалогіі, геалогіі, мінералогіі. Яшчэ ксёндз любіў маляваць. Часам яго завуць цеханавецкім Леанарда да Вінчы. Імём знакамітага земляка і названы музей сельскай гаспадаркі. Пра захапленні ксяндза Клюка нагадвае аптэкарскі гарод і экспазіцыя пра лекаванне зёлкамі ў гаспадарчых будынках палацава-паркавага комплексу. Вабяць таксама кветнікі каля музейных хатак.

3_экстэрер muzeumrolnictwa.pl.jpg
Палац Стажэньскіх. Крыніца: muzeumrolnictwa.pl

Музей заснаваны ў 1964 г. Неўзабаве ён пераехаў у адбудаваны па вайне палацава-паркавы комплекс графаў Стажэньскіх. На тэрыторыю парку паступова звазілі з ваколіц шляхецкія дворыкі і сялянскія хаты. Цяпер у музеі можна пазнаёміцца з побытам і графаў, і дробнай шляхты, і сялян. Выгляд графскага палаца адноўлены на другую палову XIX стагоддзя ў стылі неарэнесансу. Інтэр’еры паказваюць побыт дваранскай сям’і, якая тут жыла ў міжваенны час. 

Чытаць яшчэ: Падляскія замалёўкі: Козлікі — вёска з царквой, якую два разы пераносілі

4_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0108.jpg

Некаторыя пакоі аддадзены пад часовыя выставы. Цяпер экспануюць тканіны з фондаў музея. На выставе можна пабачыць і двуасноўныя дываны, характэрныя для Падляшша ды Гарадзеншчыны, і макаткі (тканіны з сюжэтнымі вышыўкамі і звычайна з надпісамі), і ручнікі, і нават плюшавы насценны дыван, падобныя да якога дасюль упрыгожваюць хаты па ўсёй Беларусі.

5_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0107.jpg

У параўнанні з іншымі польскімі скансэнамі музей у Цеханоўцы на першы погляд здаецца невялікім. Але амаль у кожным будынку — асобная вялікая выстава. Толькі частку з іх можна наведваць самастойна, большасць — толькі з экскурсаводам. Такі візіт займае каля трох гадзін. А калі яшчэ і пашпацыраваць, то можна планаваць застацца на цэлы дзень. І нават на ноч: музей прапануе начоўку ў спецыяльна абсталяваных для прыёму гасцей пакоях у палацы ці ў шляхецкіх дворыках.

Чытаць яшчэ:  «Месца мары, у якое мы пераносімся, аддзяляючыся ад цывілізацыі». Музей у Козліках на Падляшшы, дзе няма дырэктара

На Мазоўшы жыло шмат шляхты. У некаторыя перыяды яе доля сярод насельніцтва рэгіёна даходзіла да чвэрці. Музей займаецца гістарычнымі даследаваннямі, у тым ліку шляхты. Улетку тут адбываецца тэатралізаванае мерапрыемства «Высокамазавецкі заезд», дзе збіраюцца рэканструктары шляхецкага побыту. У 2023 г. заезд пройдзе 23 ліпеня.

6_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0007.jpg

Чатыры драўляныя шляхецкія дворыкі, перавезеныя ў музей, цяпер абсталяваныя пад гатэльныя пакоі. Дробнашляхецкі побыт паказаны ў адной сядзібе з гаспадарчымі пабудовамі (большасць будынкаў з Высокамазавецкага павета) і ў адным дворку з-пад Сямяцічаў, вядомых як адзін з беларускіх асяродкаў на Падляшшы. Падобна, што мясцовая шляхта была мазавецкага паходжання і каланізавала Падляшша праз малазямелле.

7_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0043.jpg

У музеі ёсць таксама шляхецкі двор. Ён быў пабудаваны ў вёсцы Сямёны ў 1858 г. У міжваенныя гады ім валодаў род Патоцкіх. Туды з’язджаліся шматлікія госці, каб выправіцца на паляванне. Таму палацык атрымаў назву «паляўнічы двор». Нагадвае гісторыю палаца Патоцкіх у беларускім Беразіне: таксама недалёка ад пушчы, праўда, выкарыстоўваўся як летняя рэзідэнцыя. Каля двара можна пабачыць будынкі вяндлярні і... драўлянай прыбіральні.

8-1_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0155.jpg

У цеханоўскім палацыку працуе музей у музеі — тут экспануюцца пісанкі (дэкараваныя велікодныя яйкі) з усёй Польшчы і суседніх краін. Сваю прыватную калекцыю перадала сям’я Ясюкоў з Варшавы. 

8-2_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0163.jpg

Ёсць пісанкі з Гарадзеншчыны. Ад яек з Падляшша яны адрозніваюцца строгай двухкаляровасцю.

9_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0044.jpg

У музеі экспануюцца два вялікія драўляныя лямусы (будынкі для захоўвання збожжа і іншых прадуктаў, а таксама каштоўных рэчаў), пабудаваныя ў XVIII стагоддзі як часткі палацавых комплексаў у мазавецкай вёсцы Руда і падляскай Рудка. 

Чытаць яшчэ: Падляскія замалёўкі: вёска Карыціскі, дзе можна паглядзець галандскі вятрак

10_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0070.jpg

Шмат сялянскіх свіранаў, можна паглядзець іх розныя тыпы.

11_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0131.jpg

У некалькіх хатах паказаны сялянскі побыт. Хаты з бітай глінянай падлогай і крытыя саломай. Дарэчы, у музеі працуюць два страхары — людзі, якія прафесійна займаюцца крыццем стрэх. Установа праводзіць навуковыя даследаванні драўлянага будаўніцтва свайго рэгіёна. Падчас канферэнцыі, якая прайшла ў Цеханоўцы ў сярэдзіне красавіка, супрацоўнік музея Эдвін Анджэй Вілбік распавёў, што атрымалася зафіксаваць спосаб прывязвання снапкоў саломы падчас крыцця страхі, дасюль не апісаны ў этнаграфічнай літаратуры. 

12_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0064.jpg

Хату з вёскі Сакі (гміна Кляшчэлі, Гайнаўскі павет) у музейных публікацыях і экскурсіях прэзентуюць як помнік драўлянай архітэктуры падляскіх беларусаў. Яе жылая частка пабеленая звонку. Хлеў знаходзіцца пад адной страхой з хатай. Ён захаваў натуральны колер дрэва. Планавалася зрабіць двор пагоннай забудовы. Тады хата і гаспадарчыя будынкі стаялі б у адну лінію, злучаныя адзін з адным. Такая забудова распаўсюдзілася ў беларускіх вёсках пасля аграрнай рэформы 1557 г., праведзенай па ініцыятыве каралевы Боны Сфорца і вядомай пад назвай «Устава на валокі» альбо «Валочная памера». Зямля дзялілася на вузкія і доўгія ўчасткі-валокі, якія выступалі як адзінкі для падаткаабкладання. Вясковая вуліца праходзіла пасярэдзіне размешчаных паралельна валок. Такая планіроўка двароў характэрная для Усходняга Падляшша і класіфікуецца даследчыкамі як «падоўжаная сядзіба Бельска-гайнаўскага тыпу».

Чытаць яшчэ: Падляскія замалёўкі: вёска Трасцянка, на гаворцы якой напісалі кнігу

13_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0059.jpg

У музеі не хапіла месца для аднаўлення пагоннага двара, таму за хатай з Сакаў прыбудаваны толькі хлеў. Побач — стадола з вёскі Сабяціна (гміна Мілейчыцы, Сямяціцкі павет).

14_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0185.jpg

Інтэр’ер хаты з Сакаў аформлены з дапамогай прадметаў, якімі карысталіся падляскія беларусы. Абраз на покуці пакрыты ручніком, а астатнія — папяровымі расфарбаванымі выцінанкамі. Падобныя вырабы захоўваюцца ў этнаграфічным музеі ў Кракаве. Адпаведна са звесткамі адтуль, такія выцінанкі на Падляшшы звалі «бажнічкі». Яны былі папулярныя прыкладна ў 40-я — 80-я гады ХХ стагоддзя. Найчасцей іх выраблялі маладыя дзяўчаты на патрэбы ўласнай гаспадаркі. Былі таксама майстры, якія прадукавалі папяровыя бажнічкі і фіранкі на продаж. Цэнтрамі такога рамяства былі вёскі Сацы (мы пра яе пісалі), Ваські, Крывая і Макоўка. Бажнічкі на абразах мянялі перад Вялікаднем.

У музеі плануецца аднавіць яшчэ адну сядзібу з Усходняга Падляшша і царкву.

15_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0140.jpg

Агулам інтэр’еры ў музейных хатах зроблены вельмі жывымі: калі Вялікдзень, то не толькі ўрачыста накрыты стол (хаця і такі ё), але і кошык, які нібы толькі прынеслі пасля асвячэння ежы ў касцёле, і падрыхтаваныя дары валачобнікам, і працэс падрыхтоўкі да свята. 

16_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0173.jpg

У асноўнай экспазіцыі музея два млыны: водны і вятрак-казлоўка. Водны млын добра працуе, яго запускаюць, паказваючы наведвальнікам, а падчас музейнага свята хлеба нават меляць на ім зерне. Сёлета свята пройдзе 13 жніўня.

17_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0021.jpg

У музей перанесены драўляны касцёл з вёскі Багуты-Пянкі (Астроўскі павет) разам са званіцай.

23_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0022.jpg

Вялікая ўвага ў музеі нададзеная аднаўленню малых архітэктурных формаў. Зроблена некалькі прыдарожных каплічак, брамы адноўленыя па старых фотаздымках.

Чытаць яшчэ: Падляскія замалёўкі: Сацы — вёска ў «Краіне адкрытых аканіц»

18_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0192.jpg

У цеханоўскім скансэне, як і ў першым музеі такога тыпу ў Стакгольме, можна паглядзець на розных звяроў. Тут дажываюць свой век старыя ослікі і поні, на якіх ужо ніхто не ездзіць. Ёсць коні, авечкі, трусікі, куры, гусі і нават паўліны. 

19_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0034.jpg

І коцікі, якія ахвотна суправаджаюць наведвальнікаў. 

20_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0057.jpg

Зроблена пасека з вуллямі розных канструкцый. Можна, напрыклад, разгледзець адтуліны, праз якія выходзілі пчолкі і крыжык, які гаспадар маляваў крэйдай, просячы Божай дапамогі ў ахове свайго рою.

21_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0039.jpg

Значную долю музейнай экспазіцыі займаюць выставы сельскагаспадарчай тэхнікі: трактароў, рухавікоў, паравых машын.

Грамадскім транспартам у музей можна дабрацца праз чыгуначную станцыю Чыжаў (Czyżew). Адтуль ходзіць аўтобус да Цеханоўца.

22_2023-04-19-21 skansen w Ciechanowcu_A.Leshkevich_0025.jpg

Алена Ляшкевіч для budzma.org
Фота аўтаркі і з сайта музея

Чытаць яшчэ: Падляскія замалёўкі: вёска Пухлы, дзе супрацоўнічаюць з Маларытай

Чытаць яшчэ: Падляскія замалёўкі: шляхам Кастуся Каліноўскага