Hair Peace Salon — Gentleman, інтэрнэт-рэліз, 2012

Дзіўна, але факт: альбом “Gentleman“ для Hair Peace Salon — дэбютны. Яшчэ зь пяць гадоў таму яны засьведчылі сваю творчую грунтоўнасьць дэбютнымі сынгламі “Gipsy” ды “In Tune”, якія далі падставы казаць пра досыць яскравую зьяву на айчыннай індзі-сцэне. Але потым каманду зь нейкіх прычынаў заліхаманіла, і на пэўны час яна папросту зьнікла з далягляду. Недзе тады і адбылося ангельскамоўнае нашэсьце маладзейшых і нахабнейшых вінтажных камандаў. HPS на іх фоне падаваліся ня інакш як рэліктам яшчэ з тых часоў, калі ў нас па-ангельску сьпяваць было ня так модна. Аднак альбом “Gentleman“ ставіць усё на свае месцы — гэты менскі гурт у вельмі добрай форме і па-ранейшаму можа дыктаваць правілы на беларускай незалежнай сцэне. Цяпер яны ўжо не “малады і шматабяцальны”, а цалкам сфармаваны ідэйна і музычна бэнд, які цалкам здольны даваць вось такія майстар-клясы ў выглядзе практычна ідэальнага студыйніка. Яны запісалі 10 дыхтоўных трэкаў. Нічога лішняга.

Падчас стварэньня гэтага альбому на стары матэрыял вырашана было забыцца, таму “Hover”, “Gipsy”, “Like а Whale” ды шэраг іншых выдатных твораў узору 2007—2008 так і засталіся ў мінулым. На жаль, тамсама засталіся і досыць удалыя экспэрымэнты музыкаў зь беларускай мовай. У “Gentleman” увайшлі напрацоўкі гурта апошніх двух гадоў. Некаторыя зь іх, як цудоўная “Rolz-n-Rolz” ці “Happy For A While” выдаваліся ў якасьці сынглаў, але большасьць песьняў — новыя і нячутыя. HPS адразу зьбіваюць з ног двума моцнымі нумарамі “Borderline” і “Gentleman“ і цягам усяго альбому трымаюць увагу, хоць іх музыку чаднай ды звышэкспрэсіўнай не назавеш.

Яны маюць усё, што трэба — выдатныя галасы, неблагую лірыку, хвацкі гук, бездакорнае выкананьне, пісьменную падачу. А тое, што яны ровару не вынаходзяць і публіку не эпатуюць, — дык гэта ў дадзеным выпадку не бяда. Слухаць іх музыку прыемна, а гэта крытэр не абы-які. “Gentleman“ — з шэрагу тых сёлетніх альбомаў, якімі можна безумоўна ганарыцца.

“Happy For A While” у жывым выкананьні на тэлепраекце “Зорны рынг”, 2010 год

Спампаваць альбом можна тут

Ідэя: 8
Выкананьне: 10
Тэксты: 8
Запіс: 10
Аздабленьне: 9

Сяргей Будкін