5 мая ў Мірскім замку адкрылася выстава “Баявыя нагалоўі засцерагальнага ўзбраення і харугвы беларускіх зямель XI-XVII стст. (рэканструкцыя)”.
Самым багатым паводле аздаблення экспанатам на ёй з’яўляецца ўнікальны рэканструяваны шлем дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнагаз гарнітура даспехаў, вырабленага нямецкім майстрам Кунцам Лохнерам.
Гэты шлем, як і ўсе астатнія на выставе, зрабілі ўмельцы мінскай творчай майстэрні “Сталёвая спадчына” для прыватнай калекцыі неабыякавага да нашай гісторыі беларуса Вячаслава Прановіча.
– Мы ўзнавілі страчаную рэліквію беларускага мастацтва XVI ст., бо шлем лічыцца згубленым,– распавядае пра ўнікальнасць работы адзін з майстроў Канстанцін Дудараў. – Акрамя таго, ён сам па сабе складаны і з мастацкага, і з тэхнічнага пункту гледжання. Выраб уключае коўку, чаканку, траўленне, аздабленне золатам, срэбрам і эмалямі, найскладанейшы малюнак, арабескі ў еўрапейскім і ўсходнім стылі. Гэта сінтэз усіх магчымых тэхнік таго часу і ўвасабленне майстэрства збройнікаў XVI ст.
У гэтай справе паўдзельнічаў і гомельскі мастак Цімафей Палунін, які зараз навучаецца ў адным са сталічных універсітэтаў.
– Бываюць работы, дзе праца каваля нашмат складанейшая за мастацкую частку, – кажа Цімафей. – Тут жа мая праца ў адсоткавых суадносінах параўнальная з кавальскай ці нават перавышае яе. Гэта для мяне самая складаная работа з тых, што я выконваў за ўсе тры гады, якія дапамагаю “Сталёвай спадчыне”. Ды і для самой майстэрні, напэўна, таксама.
Шлем пачынаўся з малюнка, вывучэння прапорцый, стварэння шаблону. Далей майстры выкоўвалі з металу формы, пасля чаго ішла механічная, слясарная зборка.
Потым – мастацкая частка: нанясенне малюнка. На гэтым этапе былі свае складанасці. Паколькі шлем згублены, даводзілася не толькі капіяваць малюнак з часткі, якая захавалася, але і аднаўляць тое, што лічыцца страчаным. Майстры разам шукалі магчымыя рашэнні, якія мог выконваць мастак таго часу, захоўваючы пры гэтым асноўную стылістыку.
Далей – траўленне шлема, хімічным спосабам дасягаўся неабходны рэльеф. Пасля зачысткі работу аддалі спецыялістам, якія нанеслі пакрыццё срэбрам і золатам. Апошнія крокі – нанясенне эмаляў, старэнне, зборка і кансервацыя. Некаторыя з іх таксама вымагалі шмат высілкаў, кемлівасці і вынаходлівасці.
У нашай фотасправаздачы – некаторыя моманты не аднаго месяца працы над колішнім кавалкам металу.
Валянціна Міронава, фота аўтара
Тэгі: Мір