Як перажыць пасляродавую дэпрэсію? Што рабіць маладой маці з бясконцымі парадамі бабуляў-суседак-знаёмых? Ці абавязкова адпавядаць вобразу “паспяховай мамы” з часопісаў – альбо гэта ўсяго толькі сукупнасць навязаных стэрэатыпаў?
Гісторыя Ганны Вярбіцкай пачалася шэсць гадоў таму, калі яна ўпершыню нарадзіла і сышла ў дэкрэт. Мацярынства і выхаванне дзіцяці аказалася зусім не падобным да “няшных” вобраз з форумаў і сацыяльных сетак… Апроч шчасця і радасці было таксама багата болю і нерваў…
Атрыманы досвед падштурхнуў Ганну расказаць пра перажытыя праблемы і спосабы іх вырашэння іншым. Так з’явіўся блог, а таксама “Помощник любящей мамы” – папяровае выданне, якое Ганна марыць выдаць і па-беларуску.
Мы сустрэліся з Ганнай, каб паразмаўляць пра пытанні і праблемы, якія рэдка ўсплываюць на старонках глянцу ды Instagram – пра мацярынства “без купюр”. Самыя цікавыя думкі аўтаркі мы падаём ніжэй.
На самай справе, паводле статыстыкі, 90% цягам знаходжання ў дэкрэце пакутуюць ад эмацыйнага выгарання. Добра, што сёння ўсё часцей гаворыцца пра гэта. Мяне саму пасля родаў накрыла дэпрэсія… У жанчыны – мамы – у такім стане актуалізуюцца ўсе страхі і сумненні, якія накопліваліся гадамі. Яны непазбежна абвастраюцца і выстрэльваюць. Гэта не толькі страх за сваё жыццё і здароўе, якое ты так-сяк, але кантралюеш, але і страх за дзіця, пра якое ты нічога не ведаеш.
Да мамы цяпер безліч патрабаванняў. Яна “павінная” ўсё ведаць, усё паспяваць, развіваць дзіця, клапаціцца пра мужа, рэалізоўвацца прафесійна, быць гаспадыняй ды яшчэ і выглядаць бездакорна. Жанчыны старэйшага пакалення табе скажуць: мы ж усё паспявалі! Маладзейшыя дададуць: пачытай у блогу ці часопісе – там жа ўсё прыгожа!
Раней маці гадавалі дзяцей неяк гуртам, нібыта талакой, больш камунікавалі. Дэкрэт доўжыўся не тры гады, а год. Менш сядзелі ў гаджэтах, больш бывалі на людзях – у працэс уключаліся іншыя асобы: хто пасядзіць, хто параіць нешта. Нават жыццё ў камуналках, інтэрнатах і проста шчыльней заселеных кватэрах накладала свой адбітак. Цяпер сітуацыя іншая, і мама вельмі часта аказваецца адна, закрытая ў скрынцы сваёй кватэры ды занураная ў сацыяльныя сеткі.
А што там у сацсетках ды на форумах? Там нас чакае ўжо прамаляваны вобраз паспяховай “супермамы”, якому кроў з носу трэба адпавядаць. Там распавядуць, што апранаць, куды хадзіць, як посціць свае шчаслівыя фотачкі. То бок фармуецца шкала завышаных патрабаванняў. Ці рэальны гэты вобраз? Далёка не заўсёды, бо ў сацсетках людзі найчасцей прэзентуюць сябе ў лепшым святле. Не будзеш жа пісаць пост пра тое, што паспала сёння ўсяго дзве гадзіны і блізкая да зрыву… Так лайкаў не заробіш. Таму паўстае ідэалізаваны выдуманы стандарт.
Ведаю, што ў Расіі ёсць нават рух супраць навязвання ідэалізаванай карціны вобразу мамы ў інтэрнэце. Бо калі ты яму не адпавядаеш, то сутыкаешся з неўрозам, расчараваннем у сабе самой. Ідэальны вобраз – гэта шырма, але для блогераў – звычайная праца… А ў жыцці ўсё не так, па-іншаму. Пра бяссонныя ночы, стрэсы, вялізныя змены ў жыцці таксама трэба папярэджваць – гэта правільна і шчыра.
Мацярынства – гэта твой унікальны досвед! Да гэтых зменаў нельга падрыхтавацца. У дапаможніку я пішу: параўнанне з іншымі – гэта шлях да дэпрэсіі і выгарання. А яшчэ мацярынства – гэта выпрабаванне сваіх установак. Калі ты не ўмееш чуць свае патрэбы, выбудоўваць межы, рэалістычна ўзважваць бясконцыя парады з усіх бакоў – будзе цяжка. Бо грамадства, СМІ, старэйшае пакаленне заўжды падкажуць табе, “як лепей”, часцяком гэта звычайныя маніпуляцыі. Вырашаць толькі табе самой!
Для многіх жанчын вобраз мамы робіцца працягам інерцыі, якая суправаджае іх усё жыццё. “Добрая дачушка”, “добрая дзяўчына”, “добрая мамка”… Крок улева, крок управа – расстрэл… Часцяком гэта ўсё плён перакосаў у выхаванні і нявыбудаваных межаў, няўмення сказаць “не” альбо “я сама разбяруся”. Адваротны бок гэтай інерцыі і навязаных вобразаў – устаноўка “я ва ўсім вінаватая”. Вынікі будуць скрушныя – гэта дэпрэсія і “загоны”… І калі не вырашаць свае праблемы, не змяняцца, ты рызыкуеш перадаць тую ж эстафетную палачку свайму дзіцяці.
Калі праз два з паловаю гады ў мяне з’явілася наступнае дзіця, я адчула патрэбу пра ўсё распавесці. У дапаможніку апісаная мая гісторыя. Гэта гісторыя памылак, надломаў, але адначасна рэалістычныя парады, якія могуць аказацца карыснымі. Ведаеце, які для мяне самы каштоўны водгук з усяго, што я чула пра кнігу? “Фуууух, я не адна такая!” Для гэтага кніга і складалася.
“Помощник любящей мамы” больш нагадвае інтэрактыўны нататнік, чым кнігу. Тут ёсць чыстыя палі, можна нешта сваё ўпісваць, нават маляваць. Напрыклад, ёсць чыстыя старонкі з загалоўкамі: “Чым я магу сябе пацешыць?”, “Мой ідэальны дзень”, “Што мне дае мая сям’я?” Так ты не толькі раскладаеш у галаве ўсё па палічках, але і фармуеш сістэму пазітыўных зачэпак, выбудоўваеш псіхалагічную абарону ад стрэсаў.
У мінулым годзе “Помощник любящей мамы” я друкавала сама і распаўсюджвала праз сацсеткі. Замовы былі з Мінска, Гомеля, Пінска, Брэста, нават з Санкт-Пецярбургу. Пасля год вучылася на курсах арт-тэрапіі – гэта тэхніка трансфармацыяў, зняцця стрэсу праз мастацтва. Цяпер праводжу сустрэчы з жанчынамі, дзе мы п’ём гарбату, займаемся арт-тэрапіяй, а галоўнае – выгаворваемся. Гэтыя паўтары-дзве гадзіны проста бясцэнныя: я бачыла, як свяціліся вочы ў маіх суразмоўніц!
У нас мала гавораць пра тое, што гэта стрэс і для таты таксама. Хаця таты часцяком нават лепш спраўляюцца – больш адэкватныя, сабраныя і стрэсаўстойлівыя. Мой муж цудоўна дае рады з дзецьмі, яшчэ і “кайф ловіць”. Часцяком мамы самі не даюць татам апекавацца дзецьмі – гэта “сіндром незаменнай мамы”, “ніхто, акрамя мяне”, а яшчэ – недавер. Жанчыне самой было б прасцей, каб яна навучылася давяраць мужчыну.
У нас 100500 дапаможнікаў пра тое, як выхоўваць ці карміць дзяцей, але няма пра тое, як маме захаваць сябе – для сябе самой і для дзіцяці! Як пабыць сам-насам з сабой, проста выдахнуць. Толькі адэкватная шчаслівая мама можа нешта добрае даць дзіцяці. А не тое, што сказала рэклама, бабуля ці сто першы форум. Калі жанчына ў сабе, яна будзе ведаць, як лепей. Гэта і ёсць галоўны пасыл маёй кнігі.
Да таго ж у маім блогу можна пачытаць парады, як палепшыць свой эмацыйны стан кожнай маме!
Алесь Кіркевіч
Фота Яўгена Ерчака
Ганна Вярбіцкая стала адной з фіналістак курса Biz4all-2, які паспяхова ажыццяўляецца ў межах праграмы “Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва”. Арганізатарм гэтай праграмы з’яўляецца ОДБ Брусель (Бельгія) у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды) і пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза (больш падрабязна глядзіце на biz4all.eu).