Пераехаць з горада ў вёску — ужо нейкі трэнд. Многія мараць пра гэта, але не ўсе наважваюцца: палохае адсутнасць інфраструктуры, сяброў і непазбежная роспач “доўгімі зімовымі вечарамі”. Але ўсё паддаецца пераўтварэнню! Сям’я Вярбіцкіх, напрыклад, зладзіла на сваім падворку дзіцячую пляцоўку і арт-прастору для мясцовых дзетак, а 18 жніўня правядзе першы вясковы сямейны арт-пікнік. Ганна Вярбіцкая, аўтар праекта Dymki, падзялілася з budzma.org сваёй гісторыяй і парадамі.
— 5 гадоў таму мы купілі зямельны ўчастак у вёсцы Міхалова за 35 км ад Мінска і пачалі будаваць аграсядзібу, — расказвае Ганна. — Каб скончыць будоўлю, нам давялося прадаць мінскую кватэру і пераехаць у вёску канчаткова. Нам здавалася, што новае жыццё не будзе кардынальна адрознівацца ад гарадскога: 35 км ад Мінска — не адлегласць, за кіламетр ад нас Лагойск з добрай інфраструктурай, вакол прыгожая прырода і чыстае паветра — найлепшае асяроддзе для нашых маленькіх дзяцей. Але на справе ўсё было не так. У вёсцы крыху больш за 100 жыхароў, траціна з іх — дзеці. Але ў ёй не было нават дзіцячай пляцоўкі — малыя гулялі ў мяч проста на праезнай частцы. Развівальныя і творчыя гурткі, садок, школа — у Лагойску. Дабрацца да яго не праблема, калі ёсць машына і час у дарослых, а калі няма, малых адных туды пешшу не адправіш. Летам можна днямі гуляць у двары, але што рабіць дзецям у дрэннае надвор’е? Таму ў мяне ўзнікла ідэя зрабіць штосьці для сваіх і вясковых дзяцей. На нашым участку быў стары вясковы дом, мы з мужам перарабілі яго пад майстэрню. І я пачала запрашаць сюды вясковых дзетак і праводзіць з імі заняткі па нейраграфіцы (метад арт-тэрапіі). Вучыла таму, што ўмела сама. Потым я пазнаёмілася з бацькамі, чые дзеці разам з маімі ходзяць у садок у Лагойску, і знайшла аднадумцаў. Адна з мам, мастачка, пачала праводзіць у нашай майстэрні свае майстар-класы. Мы ўбачылі, што дзеці з задавальненнем прыходзяць да нас, пытаюцца, калі будзе наступны занятак!
Гэты першы вопыт мяне вельмі натхніў. І ў мяне пачала фармавацца ідэя стварыць нейкі сучасны вясковы клуб, куды могуць прыйсці дарослыя і дзеці і атрымаць актуальныя веды, абмяняцца ідэямі, заняцца творчасцю, развіць крэатыўнае мысленне, якога так не хапае ў афіцыйнай сістэме адукацыі. У гэтым кірунку мы і будзем развіваць свой праект Dymki — ствараць утульнае месца для адпачынку і творчага развіцця, для стымулу ініцыятыўнасці.
— Другім крокам па пераўтварэнні прасторы была будоўля грамадскай дзіцячай пляцоўкі, — працягвае Ганна. — Нашая ініцыятыва выйграла грант фонду “CMDF”, і на гэтыя сродкі мясцовыя жыхары паставілі дзіцячае абсталяванне для актыўнага адпачынку. 11 жніўня мы плануем афіцыйную прэзентацыю пляцоўкі. Гэта будзе не проста прастора для гульняў. Мне б хацелася, каб дзеці разумелі, што гэтая пляцоўка не звалілася з неба, што мы павінныя яе глядзець, не засмечваць, культурна сябе паводзіць, што сюды можна прыйсці і абмяняцца кнігамі, напрыклад, або прынесці пластыкавыя накрыўкі, якія мы потым разам адвязём на перапрацоўку.
Ганна Вярбіцкая раіць пачынаць змены ў вёсцы менавіта з уласнага двара.
— Паколькі пляцоўка і майстэрня размешчаныя на прыватнай тэрыторыі, нашыя ініцыятывы не патрабуюць бюракратычных узгадненняў. Мы проста запрашаем усіх ахвочых да сябе ў госці. Бясплатна. 18 жніўня ў нас пройдзе першы вясковы сямейны арт-пікнік. Для раёна і вёскі гэта новы фармат. Будуць майстар-класы, выставы, гульні, кансультацыі псіхолага. Мы хочам паказаць мясцовай супольнасці і гасцям, што пры жаданні ўсё можна зрабіць самастойна, без буйных інвестыцый і датацый. Напрыклад, для свята нам трэба было шмат кардону для дзіцячага гарадка. Я звярнулася на мясцовае паліграфічнае прадпрыемства, і яно без праблем бясплатна выдзеліла нам кардон.
Запрашаем усіх ахвочых! Будзе цікава.
Ганна разумее, што грамадская дзіцячая пляцоўка пад вокнамі дома — гэта не толькі класны вольны час, але і шум, і перашкоды прыватнаму жыццю, і адказнасць.
— Але гэта той выпадак, калі важна пачаць з сябе, — упэўненая Ганна. — На курсе па лідарстве ў мясцовых супольнасцях “Офіса Еўрапейскай экспертызы і камунікацыі” нам казалі, што будзіць мясцовую супольнасць, развіваць ініцыятыву можна толькі асабістым прыкладам. Камусьці трэба быць натхняльнікам. Наш арт-пікнік пакажа, ці цікава гэта людзям. І калі ініцыятыва знойдзе водгук, то можна ўжо будзе маштабаваць нашыя Dymki і выходзіць з межаў прыватнага падворка на сельскі і раённы ўзровень, супрацоўнічаць з мясцовымі ўладамі.
А пакуль мы будзем актыўна працаваць з дзецьмі. Магчыма, тыя, хто будзе прыходзіць да нас на пляцоўку і ў майстэрню, навучаць чамусьці сваіх бацькоў, стануць праваднікамі новых актыўнасцяў у сваіх сем’ях. На гэта наша стаўка, у гэтым наша стратэгія.
Праект “Dymki” стаў адным з фіналістаў курса Biz4all-2, які паспяхова ажыццяўляецца ў межах праграмы “Інкубатар сацыяльнага прадпрымальніцтва”. Арганізатарм гэтай праграмы з’яўляецца ОДБ Брусель (Бельгія) у партнёрстве з TNU Network University (Нідэрланды) і пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза (больш падрабязна глядзіце на biz4all.eu).
Ганна Кручкова
Фота з архіву Г. Вярбіцкай