Мары — гэта тое, што захоўваецца нават тады, калі надзея згасае. Мы спыталі ў маладых беларусаў з розных куткоў свету, пра што яны мараць. І атрымалі няпростыя, але праўдзівыя адказы — люстэрка таго, з чым сёння сутыкаецца беларускае грамадства.
«Як звычайны зумер магу сказаць, што мару аб будучыні, у якой не прыйдзецца працаваць палову свайго жыцця, каб купіць кватэру. У якой не будзеш баяцца за кожнае сказанае слова ці лайк, пастаўлены ў сацыяльнай сетцы. Мару аб тым, каб не прыходзілася стаяць на мяжы па некалькі дзён, каб сустрэцца з роднымі за мяжой».
«Я мару пра тое, каб вярнуцца ў Беларусь, выкупіць за адну базавую школу ў бабулінай вёсцы ці іншым месцы і зрабіць з яе арт-рэзідэнцыю. Усе астатнія мары — гэта планы В, С і г. д. :)».
«Мая мара — каб у нас быў свой нацыянальны ўніверсітэт. У Беларусі няма сапраўднага беларускага ўніверсітэта ўжо некалькі стагоддзяў, а менавіта ў такой установе, у такім асяродку выхоўваецца нацыянальная эліта.
Канешне, каб у нас была вышэйшая адукацыя па-беларуску, то і папярэднія ступені мусяць да яе рыхтаваць.
Такім чынам, мара хутчэй пра грунтоўныя рэформы ў сістэме адукацыі. Будзе добра з нацыянальнай адукацыяй — будзе й надзея на лепшую будучыню».
Ілюстратыўнае фота. Беларуская моладзь на канцэрце гурта «Botanic project» у Вільні.
Фота Яўгена Ерчака
«Я мару пра тое, каб аніводзін беларус ніколі не мусіў з’язджаць са сваёй краіны, каб жыць годна. Каб плён штодзённай працы кожнага беларуса, ягоны крэатыўны і жыццёвы патэнцыял свабодна расквіталі на беларускай зямлі. Я мару пра тое, каб кожны беларус закахаўся ў сваю культуру, мову, гістарычную спадчыну. Каб яны заўсёды былі ў сэрцы беларусаў і на іхніх вуснах.
Я мару пра тое, каб беларусы не саромеліся быць сабою і ніколі не лічылі сябе другаякаснымі. Каб беларусы не баяліся памыляцца, быць недасканалымі і казаць, што думаюць.
Я мару пра тое, каб кожны беларус спаткаў у сваім жыцці Бога, жыў Ягонай любоўю і быў верны Яму і самому сабе ажно да самага канца».
«Усяго некалькі гадоў таму, адказваючы на гэтае пытанне, я магла б гадзінамі разважаць пра свае перспектывы ў творчым, прафесійным, сацыяльным і духоўным жыцці, на хаду прыдумляючы сабе новыя яркія мары. Але я развучылася марыць у той момант, калі знікла надзея на нешта лепшае.
У рэшце рэшт я захавала толькі адну мару. Я мару пра магчымасць без страху глядзець у будучыню. У будучыню, у якой няма вайны, палітычных арыштаў і забойстваў, дыскрэдытацыі, некампетэнтнасці і знішчэння культурнай спадчыны. Дзе ўмеюць шанаваць жыццё, а не абясцэньваць яго...
А калісьці я марыла аб творчай самарэалізацыі, удзеле ў прэстыжных выставах, падарожжах па свеце, стварэнні сваёй дызайн-студыі і гістарычнай турыстычнай сядзібе...».
«Мая мара як маладой беларускi — адчуць сапраўдную свабоду, нягледзячы на тое, што я вырасла ў краіне, дзе яе часта адмаўлялі. Я хачу адчуваць сябе вольнай як душой, так і целам — падарожнічаць па свеце, мець адкрытыя магчымасці і ведаць, што намаганні, якія я ўкладаю ў адукацыю і працу, сапраўды маюць значэнне.
Цяпер я вучуся ў медыцынскім універсітэце і іду да сваёй мары — стаць лекарам і дапамагаць людзям. Для мяне гэта не проста прафесія — гэта магчымасць выбіраць свой уласны шлях у жыцці. Стаць лекарам для мяне — значыць стварыць будучыню, якую я сама хачу, без страху і абмежаванняў, і пры гэтым даць іншым тое адчуванне надзеі і свабоды, якога я сама прагну.
Для маёй Радзімы я мару пра мір і свабоду для яе народа. Я мару пра дзень, калі змагу наведаць сваіх родных і сяброў, узгадаць дзіцячыя ўспаміны, палюбавацца нашай прыродай і не баяцца сілавікоў».
Ілюстратыўнае фота. Беларуская моладзь на канцэрце гурта «Botanic project» у Вільні.
Фота Яўгена Ерчака
«Спачатку, так, ёсць тая вялікая, усёабдымная мара, якая не дае спакою ні днём, ні ноччу. Гэта мара пра свабодную, дэмакратычную будучыню Беларусі. Пра тое, каб наша краіна нарэшце змагла расправіць плечы, выдыхнуць поўнымі грудзьмі і заняць сваё законнае месца ў еўрапейскай сям’і народаў.
Гэта не проста геапалітычны выбар — гэта жаданне, каб Беларусь квітнела, каб яе грамадзяне адчувалі годнасць, каб законы працавалі справядліва, а таленты і працалюбства людзей былі прызнаныя. Гэта мара пра сучаснасць, дзе няма страху, дзе культура шануецца, а будучыня належыць кожнаму чалавеку, а не некалькім.
Але ёсць іншая мара, значна больш асабістая, якая сціскае горла і шчыміць у грудзях. Яна пра ўз’яднанне сем’яў.
Гэта пра тысячы беларускіх сем’яў, якія сёння разарваныя на кавалкі, падзеленыя межамі, страхам, палітычнымі рэпрэсіямі і выгнаннем. Гэта пра бацькоў, якія не могуць абняць сваіх дзяцей, пра мужоў і жонак, якія жывуць на розных канцах свету, пра братоў і сясцёр, якія прайшлі праз доўгія месяцы ці гады расстання.
Гэта мара пра тое, каб зніклі ўсе тыя сцены і перашкоды, каб не трэба было хадзіць па пасольствах ці плакаць падчас відэазванка. Каб можна было проста вярнуцца дадому без пагрозы, ці каб блізкія нарэшце змаглі прыехаць і застацца.
У гэтай мары — уся любоў, пяшчота і боль. Гэта не проста ўз’яднанне — гэта аднаўленне разбураных дамоў, лячэнне глыбокіх душэўных ран і магчымасць для тысяч людзей зноў адчуць сябе цэлымі і шчаслівымі.
Вось дзеля чаго варта змагацца: за свабоду краіны, якая дазволіць сваім грамадзянам нарэшце проста быць разам».
Наста Пабягунская, Budzma. org