Афіцыйная гісторыя часта пішацца так, быццам у ёй зусім няма жанчын. На першае месца і ў летапісах, і ў падручніках выходзяць войны, рэвалюцыі, паўстанні і іншыя крывавыя падзеі, а таксама палітычныя інтрыгі, статуты, уніі — то бок справы, якімі цягам стагоддзяў займаліся перадусім мужчыны. Жанчыны маглі трапіць у гісторыю альбо тады, калі рабілі нешта “мужнае” — Жанна д’Арк, напрыклад, ці Настасся Слуцкая, — альбо як маці, жонкі, каханкі, “прыгажуні” — Клеапатра, Рагнеда, маркіза дэ Пампадур. Толькі нямногія жанчыны засталіся ў гісторыі як дзяячкі культуры, мастацтва, навукі — Сапфо, Ефрасіння Полацкая, Соф’я Кавалеўская і г.д. Здаецца, што гісторыю сапраўды рухаюць адны мужчыны.
Аднак усе гэтыя стагоддзі і тысячагоддзі побач з мужчынамі жылі і жанчыны — палова насельніцтва Зямлі, — і яны таксама напэўна нешта рабілі. Пра гэта неяк не задумваешся, калі чытаеш пра гераічныя Грунвальдскую бітву ці бітву пад Оршай. Аднак наша мінулае складалася не з адных гераічных паходаў ці бліскуча падпісаных пагадненняў — у ім было месца і паўсядзённасці, і жаночай працы, і жаночым дасягненням.
У сваёй кнізе “Жаночая гісторыя свету” (1989) Разалінд Майлз паспрабавала ўявіць, як на працягу тысячагоддзяў жылі і адчувалі сябе жанчыны з розных кантынентаў, чым яны займаліся, як пакутавалі і як дабіваліся сваіх правоў. Даследчыца вывучыла вялікую колькасць навуковых крыніц, каб апісаць тую гісторыю, да якой гісторыкі-мужчыны не ставіліся ўсур’ёз. Чытаючы гэтую кнігу, раптам разумееш, што ў гісторыі ёсць жанчыны, што дабіліся вялікіх прафесійных поспехаў (напрыклад, Гіпатыя Александрыйская, жанчына-матэматык), і жанчыны, што поплеч з мужчынамі ўдзельнічалі ў рэвалюцыях і войнах (аказваецца, такіх ва ўсе часы было нямала), і жанчыны-палітыкі, і што ў гісторыі жанчыны неверагодна шмат цярпелі ад уціску мужчын. Напрыклад, калі ў заморскіх калоніях Брытанскай імперыі не хапала жанчын (а без іх калоніі ў літаральным сэнсе дзічэлі), арыштантак туды адпраўлялі за нашмат меншыя правіны, чым арыштантаў, і зняволеныя цярпелі сэксуальны гвалт з боку экіпажу карабля і тых, хто сустракаў іх у Новым Свеце.
Знікненне жанчын з афіцыйнай гісторыі часам выглядае амаль гратэскна. Згадваючы помнік каланістам, якія перасеклі Атлантычны акіян на “Мэйфлаўэры” і заснавалі адно з першых брытанскіх паселішчаў у Новым Свеце, Разалінд Майлз адзначае, што на ім увекавечаныя імёны толькі мужчын-пасажыраў карабля і адсутнічаюць імёны васямнаццаці жанчын — іх спадарожніц. Іх нібыта не было, хаця яны нароўні дзялілі з мужчынамі ўсе нягоды падарожжа морам і жыцця на дзікіх берагах. Гэтая сітуацыя добра тлумачыць, чаму жанчын у кнігах па гісторыі так мала. З беларускай гісторыі, дарэчы, жанчыны таксама часам знікаюць. У сучасных папулярных выданнях можна сустрэць інфармацыю пра тое, што з усіх дзяцей Францішкі Уршулі Радзівіл да сталага веку дажыў толькі Караль Станіслаў “Пане Каханку”. Аднак у кнізе Наталлі Русецкай “Сямейная муза” (2007) вядзецца таксама пра дзвюх дарослых дачок Францішкі Уршулі — Тэафілю Канстанцыю і Кацярыну Караліну. Першая з іх пражыла 80 гадоў, другая не дажыла да 50, але пра абедзвюх з пэўнасцю можна сказаць, што сталага веку яны дасягнулі.
Разалінд Майлз перакананая, што побытавая праца — важкі і жахліва недаацэнены ўнёсак жанчын у развіццё чалавецтва: “Бо і ў самы гарачы момант рэвалюцыі мусілі быць ежа, каханне, цеплыня, прытулак, святло й жыццё — усё, што магла сабраць змагарка на хатнім фронце” (пераклад Ул. Маруціка). Безумоўна, усю гісторыю жанчыны нараджалі дзяцей — без гэтага гісторыі ў прынцыпе не было б. Выношванне, нараджэнне і гадаванне дзяцей — гэта сур’ёзная і часта небяспечная справа, асабліва ў эпоху адсутнасці радзільных дамоў, памперсаў і дэкрэтных адпачынкаў. Так, напрыклад, у брытанскай каралевы Вікторыі (1819—1901), якая, паводле сведчанняў, вельмі не любіла стан цяжарнасці, было дзявяцера дзяцей, і нават калі ўлічыць усю тую дапамогу ў доглядзе немаўлятаў, якую магла атрымаць самая высокапастаўленая жанчына імперыі, сума яе цяжарнасцяў склала амаль 7 гадоў.
На працягу гісторыі жаночая праца і жаночыя дасягненні амаль заўсёды былі незаўважнымі і мала цаніліся летапісцамі і хранікёрамі мужчынскага полу, і Беларусь у гэтым плане не выключэнне. “Пры вывучэнні гістарычных працэсаў, якія ў розны час адбываліся ў Беларусі, штодзённая мужнасць і самаахвярнасць нашых жанчын звычайна застаюцца практычна па-за ўвагай. Для даследчыкаў, як правіла, важнасць уяўляюць вывучэнне войнаў ці палітычных працэсаў, тое ж, як за ўсё гэта даводзілася расплачвацца жанчынам і дзецям, часта ўяўляецца неістотным”, — напісала ў прадмове да нумара часопіса “ARCHE” “Жанчыны ў гісторыі Беларусі” (№12, 2011) беларуская даследчыца гісторыі Наталля Сліж. Гісторыя беларускіх жанчын закранаецца ў асобных публікацыях і навуковых працах (тут варта ўспомніць выданне 2003 года “Женщины на краю Европы” пад рэдакцыяй А. Гапавай ці кнігу 2015 года “Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў ХVI—XVII стст.” згаданай вышэй Наталлі Сліж), аднак у мэйнстрыме дагэтуль — “мужчынская” версія нашай мінуўшчыны. Пагартаўшы нядаўна выдадзеную кнігу “Айчына: маляўнічая гісторыя” Уладзіміра Арлова з чароўнымі ілюстрацыямі Паўла Татарнікава, у гэтым пераконваешся яшчэ больш.
Нягледзячы на шматабяцальную выяву Францішкі Уршулі Радзівіл на задняй вокладцы “Айчыны”, выданне, якое прадстаўляецца як кніга “для кожнай беларускай сям’і”, поўніцца вобразамі закаваных у даспехі рыцараў, пераможных войск, паляванняў. У дзівосных гарадах, старанна вымаляваных Паўлам Татарнікавым, стае ўзброеных абаронцаў з мячамі і дзідамі, затое вельмі цяжка ўгледзець жанчын. Калі не лічыць партрэтаў тых гістарычных дзяячак, якія згадваюцца ў тэксце (колькасць якіх, безумоўна, не супастаўная з колькасцю мужчын), жанчыны з’яўляюцца на ілюстрацыях у кнізе ўсяго некалькі разоў. Звярніце ўвагу на 6 і 7 старонку з ідылічнай выявай паганскага гадавога цыклу, старонку 61, у куце якой сядзіць маці з немаўлём, а таксама на старонку 91, дзе сярод удзельнікаў працэсіі ўгадваюцца высокапастаўленыя дамы. Гэта, несумненна, выдатная кніга для хлопчыкаў, якія з захапленнем будуць вывучаць на ёй старадаўнюю зброю і ганарыцца сваімі мужнымі продкамі, аднак дзяўчаты знойдуць у ёй хіба што гісторыі пра некалькіх знакамітых жанчын, такіх як Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Барбара Радзівіл, і зразумеюць, што іх прабабулі на месца ў гарадах мінулага права не маюць. Мужчыны і іх справы для гісторыі важнейшыя — вось якую выснову зрабіла б я, калі б гэтая кніга трапіла мне ў рукі ў дзяцінстве.
Але Разалінд Майлз і іншыя даследчыцы даводзяць, што насамрэч у жанчын таксама была свая гісторыя — гераічная і пакутлівая, поўная хатніх клопатаў і навуковых адкрыццяў, гвалту і змагання за жыццё, сваё і сваіх дзяцей, і яна не менш цікавая, чым гісторыя мужчын у даспехах. Спадзяюся, калі-небудзь беларускія дзяўчаты змогуць уражана чытаць пра вялікія справы свайго полу ў мінулым, якія натхняць іх на здзяйсненні ў будучыні, і побач з узброенай мячом і шчытом “Айчынай” з’явіцца не менш слаўная “Радзіма-маці”, надзвычайныя чыны і паўсядзённае жыццё якой таксама вартыя кісці мастака.
Ганна Янкута