• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Сармат
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
15.02.2017 | Літаратура Няроўнасці

Ганна Янкута: Жанчыны вяртаюцца з нябыту

З кніжнага кірмашу штогод прыносіш дадому чамадан новых кніг. Сёлета ж, калі кніжны кірмаш супаў па часе правядзення са Стральцоўскім фестывалем “Вершы на асфальце”, самую цікавую кнігу я набыла не на “Белэкспа”. Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы”, якую ўклалі Аксана Данільчык і Віктар Жыбуль і якая з’явілася літаральна некалькі дзён таму, да кірмашовых стэндаў не дабралася, затое дабралася да паэтычных чытанняў. Спадзяюся, кніга хутка з’явіцца ў многіх кнігарнях, бо нават сам факт яе існавання (для тых, хто не хоча чытаць “шмат літар”) — важкі аргумент на карысць таго, што гісторыя рана ці позна ўсё расставіць па сваіх месцах. І нават верне чытачам забытыя імёны жанчын-пісьменніц.

Ганна Янкута пра Анталогію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы”

Калі зірнуць на беларускую літаратуру, прадстаўленую ў кнігарнях і школьных падручніках, можа скласціся ўражанне, што яе пішуць амаль адны мужчыны. Давайце паспрабуем наўскідку назваць класічных беларускіх пісьменніц. Яўгенія Янішчыц і Цётка. Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш. Канстанцыя Буйло. Калі зірнуць трохі глыбей у стагоддзі — Францішка Уршуля Радзівіл і Саламея Пільштынова. Колькасць жанчын, якія ўвайшлі ў літаратурны канон, несупастаўная з колькасцю мужчын. Пра гэта ў сваім артыкуле “Літаратура мужчынскага роду” (назва гаворыць сама за сябе!) вельмі добра напісала Вольга Гапеева: “Жанчыны, якія займаліся літаратурай, былі заўсёды. Колькасна іх не параўнаць з мужчынамі, але, калі мы хочам быць шчырымі да канца, гэтага і не трэба рабіць, бо нельга забывацца пра ўмовы, у якіх ішло станаўленне жанчыны-аўтара. А спрыяльнымі іх ніяк не назавеш. Прафесія пісьменніка, як і шмат іншых, лічылася мужчынскай”.

Дыскусіі пра тое, ці варта раздзяляць “мужчынскую” і “жаночую” літаратуру, працягваюцца дагэтуль. Ёсць шмат рацыі ў словах тых даследчыкаў і даследчыц, што з падазрэннем ставяцца да азначэння “жаночая” побач са словамі “літаратура”, “проза” ці “паэзія”. “Жаночая літаратура” нібыта супрацьпастаўленая літаратуры ўвогуле, якая апрыёры нібыта пішацца ў асноўным мужчынамі. У згаданым вышэй артыкуле Вольга Гапеева адзначае: “Тэрмін “жаночы” ў дачыненні да розных літаратурных з’яваў (жаночы раман, жаночае пісьмо, жаночая паэзія) дыскрэдытуе як саміх аўтарак, так і іхныя тэксты. Прыметнік “жаночы” мае наступныя канатацыі: нешта другаснае, няякаснае, сентыментальнае і не-агульначалавечае. Менавіта з такімі характарыстыкамі яно звязваецца ў свядомасці чытачоў і крытыкаў”. У прадмове да анталогіі “Бліскавіцы” Аксана Данільчык таксама задаецца такім пытаннем: “Ці правамоцны ўвогуле падзел літаратуры, у прыватнасці паэзіі, па гендарным прынцыпе?” Аднак на гэтае пытанне даследчыца дае станоўчы адказ: “Ён неабходны хаця б дзеля таго, каб жаночая паэзія стала аб’ектам даследавання літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, сацыёлагаў і іншых прадстаўнікоў гуманітарных навук, бо <…> жанчыны працягваюць заставацца ў цені”. Адна з мэт выдання анталогіі “Бліскавіцы”, як адзначае ў прадмове Аксана Данільчык, — якраз “пазбавіцца ад стэрэатыпаў, звязаных з ужываннем слова “жаночая”, то бок паказаць, якой яна, жаночая паэзія, ёсць насамрэч. Бо стэрэатыпы часцей за ўсё ўзнікаюць там, дзе адсутнічаюць дакладныя веды, і анталогія з падрабязнымі навуковымі каментарамі — вельмі добры спосаб запоўніць іх недахоп.

Разалінда Майлз у сваёй кнізе “Жаночая гісторыя свету” (якая ў 2006 годзе выйшла ў выдавецтве “БелФранс” у беларускім перакладзе Уладзіміра Маруціка) сцвярджае, што многія аспекты жыцця старажытных жанчын выпушчаныя з-пад увагі гісторыкаў толькі таму, што гісторыкаў жанчыны папросту не цікавілі. Выхаваныя ў патрыярхальным грамадстве, мужчыны-даследчыкі нават не дапускалі думкі пра тое, што жанчыны маглі выконваць у развіцці чалавецтва нейкую істотную ролю. “Гісторыкі заўзята корпаюцца ў старых скрутках і рэестрах пральняў, каб выцягнуць адтуль брудную бялізну выдатных мужчын, замест таго каб знайсці там выдатныя ўчынкі нязнаных жанчын”, — піша Майлз. Тое самае мы можам сказаць і пра беларускую жаночую літаратуру. Цалкам імаверна, што творы паэтак 20-30-х гадоў не траплялі ў ранейшыя выданні ўжо хаця б таму, што іх укладальнікі нават не задумваліся, што туды было б някепска ўключыць не толькі Уладзіміра Жылку ці Язэпа Пушчу, але і іх сучасніц, што друкаваліся на старонках перыядычнага друку. Аксана Данільчык прыводзіць у прадмове прыклад такой несправядлівасці: “Трэба сказаць, што В. Казлоўская дорага заплаціла за любоў да радзімы, хоць у зборніку “Расстраляная літаратура” (2008) пра яе не згадалі”. Думаю, такія прыклады можна пералічваць бясконца. Ды жанчыны ў гэты перыяд проста былі менш таленавітыя за мужчын, можа сказаць нехта, апраўдваючы ўкладальнікаў “Расстралянай літаратуры” і іншых зборнікаў. Але якія крытэры таленту мы можам узяць за аснову для адбору? Тыя крытэры, якія доўгія стагоддзі мужчыны-літаратуразнаўцы і мужчыны-крытыкі выпрацоўвалі для мужчын-пісьменнікаў згодна з густамі мужчын-чытачоў? Жаночая літаратура стваралася ў зусім іншых умовах, і нам трэба з нуля вучыцца яе прачытваць. Зрэшты, нават гэтае цяжкае і незразумелае “жаночае пісьмо” далёка не заўсёды патрабуе ад чытача нейкіх асаблівых высілкаў. Мастацкая якасць многіх тэкстаў у анталогіі “Бліскавіцы” прымушае мяне задавацца пытаннем: чаму многія з гэтых вершаў я бачу ўпершыню, а не ведаю на памяць яшчэ са школьных часоў?

Але вершы з анталогіі мы можам чытаць не толькі так, як звычайна чытаюць паэзію. У іх мы знойдзем сведчанні пра істотныя зрухі ў сацыяльным жыцці 20-30-х гадоў, што тычыліся лёсу жанчын. Менавіта ў гэты час многія з іх змаглі атрымаць доступ да адукацыі. Паэзія ў дадзеным выпадку — гэта не толькі мастацтва, але і адзін з першых спосабаў асэнсаваць сябе і расказаць пра сябе, сцвердзіць сваю прысутнасць у свеце, які зрабіўся даступным для жанчын. Мы не можам прачытаць раман ці даследаванне, якое ў першай палове ХХ ст. напісала б пра сваю штодзённасць беларуская жанчына, але мы можам прачытаць гэтыя вершы — высокамастацкія і “масавыя”, — і гэта дасць нам уяўленне пра тое, чым у той час жылі жанчыны і што адбывалася з іх розумам і пачуццямі.

Складанне анталогій жаночай літаратуры — распаўсюджаная ў свеце практыка. Такія зборнікі вяртаюць у культурны кантэкст несправядліва забытыя ці замоўчаныя імёны і ўзбагачаюць літаратурную традыцыю. Было б добра, каб з’яўленне такой анталогіі пацягнула за сабой і наступны крок — выданне зборнікаў, у якіх жаночая і мужчынская творчасць будзе прадстаўленая нароўні. А пакуль што ўвядзенне ў навуковы ўжытак імёнаў цэлага вялікага шэрагу беларускіх паэтак 20-30-х гадоў і знаёмства з імі чытачоў — добры знак, што “гістарычная і мастацкая справядлівасць”, як напісала Аксана Данільчык, узнаўляецца.

 

 

Ганна Янкута, budzma.by

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Падборка беларускіх календароў на 2024 год

Зрабілі для вас падборку календароў па-беларуску на 2024 год ад беларускіх мастакоў і дызайнераў, каб вы маглі...

valiancina_shauchenka
Культура Грамадства

Веткаўскі музей застанецца без свайго знакамітага дырэктара?

Пятро Цалка, мажліва, працуе апошні месяц у музеі. 1 студзеня сканчваецца ягоны працоўны кантракт, піша «Мова Гомель». ...

valiancina_shauchenka
Культура Гісторыя Рэлігія

Што рабіць у Піліпаўскі пост

Піліпаўка — Піліпаўскі (Калядны) пост, адзін з чатырох асноўных пастоў у праваслаўных вернікаў. Пачынаецца ён 28 лістапада...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Як беларусы змагаліся за незалежнасць Літвы стагоддзе таму

23 лістапада адзначаецца 105-годдзе ўтварэння Літоўскай арміі. І гэтая падзея значная не толькі для літоўцаў, але...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Падборка беларускіх календароў на 2024 год
    Культура Грамадства
    Веткаўскі музей застанецца без свайго знакамітага дырэктара?
    Культура Гісторыя Рэлігія
    Што рабіць у Піліпаўскі пост
    Гісторыя
    Як беларусы змагаліся за незалежнасць Літвы стагоддзе таму
    Грамадства Гісторыя Хрусь і папалам
    Беларусы — частка «трыадзінага народу»?! Новы выпуск відэапраекта «Хрусь і папалам»
    Грамадства Літаратура
    Памёр паэт і журналіст Алесь Мацулевіч
    Гісторыя
    Андрэй Катлярчук: «Мадэрная гісторыя краіны ніяк не адужае цыкл бяспамяцтва»
    Грамадства
    Гісторык: «Ніколі беларусы не стаялі на краю бездані так блізка, як зараз»
    Музыка
    Сяржук Доўгушаў: «Спевы — гэта ўнутраная тэрапія сябе як беларуса»
    Гісторыя Вандруем разам
    Унікальнае мястэчка ва Усходняй Беларусі з сімваламі заходняй цывілізацыі: Цімафей Акудовіч пра 5 цудаў Смалян
    Гісторыя
    Адкуль пайшоў балтызм і да чаго тут беларускі нацыяналізм?
    Асоба
    Аляксандр Ждановіч: «Самае складанае ў эміграцыі — невядомасць, і, калі на гэтым засяроджвацца, можна звар’яцець»
    Мастацтва
    Карціны 13 беларускіх і ўкраінскіх мастакоў выставілі на дабрачынным аўкцыёне ў Беластоку
    Музыка Гітара Мулявіна
    Рэп-скаргі на “добрых” суседзяў, флэшбэкі ў мінулае і эндарфіны. Аб чым яшчэ спяваюць беларускія музыкі напачатку зімы?
    Грамадства
    Прыбралі з музея, бо людзі працягвалі на яго маліцца. Выкупленыя беларусамі эскізы праліваюць святло на невядомы раней абраз з Чырвонага касцёла

Афіша

  • 06.12

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Чытка п’есы Касі Чэкатоўскай «Гаргоны» ў Варшаве

  • 06.12 — 21.01Выстава Руфіны Базловай «Ніткі супраціву» ў Кутна-Горы
  • 06.12 — 08.01Выстава «Два Паэты, два Сусветы...» у Мінску
  • 06.12 — 13.01Фотавыстава Kanaplev&Leidik «Тата ў тэлефоне» ў Варшаве
  • 06.12 — 15.12Выстава Яраслава Кірвеля «Kirvelizm» у Варшаве
  • 06.12 — 25.12Выстава Вольгі Якубоўскай «Марш жанчын» у Фларэнцыі
  • 06.12 — 18.12Вольга Palunisa збірае анлайн-групу на адмысловы курс па выцінанках на вокны!!!
  • 06.12 — 17.12Выстава Антона Ціханаўца і Яўгена Зайцава «ШУМ» у Магілёве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Наша мова і наш сцяг у паўстанні 1830-га: раскрываем невядомыя старонкі
    • Войны князя Трайдэна і знішчэнне Наваградка
    • Чаму навучылася ўлада? Лявон Вольскі пра новыя «метады ўздзеяння»
    • Вандроўка сцежкамі Уладзіміра Караткевіча
    • Тэст: Пазнай традыцыйную беларускую страву з бульбы
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип