Упершыню ў Гродне пройдзе мастацкі пікнік для дзяцей і дарослых. Імпрэза пройдзе 31 траўня базе “Велес”.
Пра незвычайнае мерапрыемства і яго мэты распавядае адна з яе арганізатарак Вольга Хробак.
– “Арт-пікнік” – гэта новы сацыяльна-культурны праект, які, я спадзяюся, стане новым этапам у арганізацыі вольнага часу маленькіх і дарослых гарадзенцаў. З дапамогай гэтай імпрэзы мы хочам паказаць прываблівасць актыўнага культурнага і здаровага ладу жыцця…
Мерапрыемства цалкам бясплатнае, бо ўсе выдаткі бяруць на сябе ўдзельнікі і арганізатары.
А для тых дзецей, якія не змогуць прыйсці на мерапрыемства (гэта дзеці-сіроты, якія зараз знаходзяцца ў шпіталі), “Чырвоны Крыж” арганізуе мэтавую скарбонку “Сястрынскі догляд за дзецьмі-сіротамі ў шпіталі”. Усе грошы, сабраныя ў скарбонку, пойдуць на дапамогу дзецям-сіротам.
– Колькі людзей адгукнуліся на гэтае мерапрыемства?
– Адклікнулася шмат сапраўды самаадданых людзей: музыкі, актывісты грамадскіх арганізацый, танцоры, людзі, якія займаюцца рознымі рукадзеллямі і творчымі праектамі, прадпрыймальнікі. Усе займаюцца падрыхтоўкай пікніка як валанцёры!
– А як вы пачалі займацца такой арганізатарскай дзейнасцю?
– Больш за 15 гадоў я працую з дзецьмі і шукаю новыя формы узаемадзеяння з імі і іх бацькамі. Мне падабаецца ствараць новыя магчымасці для нашых дзетак. Зараз мяне натхняе наш сучасны свет, для якога характэрныя, на жаль, спажывальніцтва і аднаразовасць. Гэта закранае і нашых дзетак. Хацелася стварыць прастору, пазбаўленую такіх момантаў, дзе будзе добра як дзецям так і дарослым. Спадзяюся, што наша праграма ў “Велесе” цудоўна падыходзіць да гэтага.
– Чаму гарадзенцам трэбы наведаць такое мерапрыемства?
– Усіх будзе чакаць вельмі насычаная праграма. Мы будзем узаемадзейнічаць у гульнях, вучыцца адзін у аднаго, акунацца ў творчую, свабодную атмасферу. У бацькоў будзе магчымась пагутарыць з педагогамі, майстрамі і псіхолагамі ў нефармальнай абстаноўцы”.
Больш падрабязную інфармацыю пра арт-пікнік можна знайсці на старонцы vk.com/club90320008
Ганна Сільвановіч, Твой стыль