Гарадзенскі студэнт прапанаваў альтэрнатыву лагатыпа горада

15.01.2014 У краіне

Аляксандр Перагудаў, студэнт гарадзенскага гістфака, прапанаваў альтэрнатыўныя варыянты лагатыпаў Горадні як культурнай сталіцы. Паводле словаў маладзёна, прапанаваны ўладамі лагатып утрымлівае элементы савецкасці. Савецкім, на думку Аляксандра, ёсць Гарадзенскі драматычны тэатр, адлюстраваны на дзяржаўным лагатыпе.

Свае прапановы юнак выклаў на старонцы ў фэйсбуку.

– Чаму з’явілася думка прапанаваць нешта іншае?

– У дзяржаўным лагатыпе, на маю думку, не хапае гісторыі.

– На тваіх эскізах мы бачым гарадзенскі Фарны касцёл. Што яшчэ можаш прапанаваць гарадзенцам у якасці лагатыпа?

– Ідэяў вельмі шмат. На маю думку, у Горадні вельмі шмат сімвалаў, з якіх можна зрабіць лагатып. Гэта і гадзіннік з вежы Фарнага касцёла, і шахматная фігурка ХІІ стагоддзя, знойдзеная на раскопках. І не трэба рабіць усе лагатыпы з будынкаў. Гэта можа быць нейкі артэфакт, знойдзены ў горадзе, напрыклад, руны на плінфе адной з самых старых цэркваў у Беларусі – Каложы. Але трэба зрабіць так, каб гэта было зразумела ўсім.

– Ці будзеш працягваць ствараць лагатыпы?

– Буду, бо гэта маё хобі, і я амаль увесь вольны час аддаю яму.

Лагатыпы Аляксандра размешчаныя на старонцы ў facebook.

Андрэй Мялешка

Тэгі: