Сёння пад Мадрыдам распачаўся працэс перапахавання парэшткаў іспанскага дыктатара Франсіска Франка, які амаль 40 гадоў кіраваў краінай.
Цела дыктатара было эксгумавана і вынесена з базілікі ў Даліне палеглых, дзе знаходзілася пасля смерці генерала ў 1975 годзе. Адтуль яно верталётам будзе дастаўлена на могілкі Эль-Парда, дзе пахаваная жонка Франка.
Даліна палеглых пад Мадрыдам
Размовы пра неабходнасць перапахавання дыктатара ішлі даўно. Даліна палеглых была пабудавана генералам пасля сканчэння Грамадзянскай вайны і перамогі ў ёй. Па задумцы гэты мемарыяльны комклекс, дзе пахавана больш за 30 тысяч чалавек з абоіх бакоў, павінен быў бы прымірыць удзельнікаў грамадзянскай вайны – франкістаў і рэспубліканцаў. Але па меркаванні многіх іспанцаў ён дагэтуль з’яўляецца помнікам велічы пераможцаў. А сама магіла Франка з’яўляецца месцам паломніцтва для нацыяналістаў і правых радыкалаў. Адпаведна ў працэсу эксгумацыі і перапахавання ёсць, як гарачыя прыхільнікі, гэтак і праціўнікі. Першых, натуральна, у разы больш.
Што цікава: Грамадзянская вайна ў Іспаніі 1936-1939 гадоў падзяліла ў свой час таксама і беларусаў. Ваяваць на баку рэспубліканцаў ехалі не толькі з БССР, але таксама і з Заходняй Беларусі, якая знаходзілася ў той час у складзе Другой Рэчы Паспалітай. Добраахвотнікамі выпраўляліся найперш, вядома, актывісты КПЗБ. За франкістаў ехалі ваяваць тыя беларусы, хто быў крытычна настроены да камуністаў. У сеціве сустракаецца інфармацыя, што на баку нацыяналістаў змагаліся, напрыклад, балахоўцы.