«Што там ў піндосаў», або Чаму Маск — найлепшы прэзідэнт для ЗША

Алесь Кіркевіч піша на budzma.org пра гісторыю Амерыкі на фоне тамтэйшых пратэстаў

Пакуль кіпяць жарсці вакол штурму Капітолія, толькі лянівы не напісаў пра «смерць ЗША» ці прынамсі канец Амерыкі, «якую мы ведаем».

Аўтакраты ж з усяго свету яшчэ доўга будуць паказваць сваім грамадзянам карцінкі «майдану» ў Вашынгтоне: вось, маўляў, сапраўднае аблічча вашай іконы — свабоды і дэмакратыі...

Ці так усё насамрэч?

Што ж гэта за «свабода і дэмакратыя» — паняцці, настолькі зацертыя, што паспелі пераўтварыцца ледзь не ў мацернае слова?..

Каб зразумець сучаснасць, зазірнём у гісторыю: а раптам адказ недзе там?

Пачатак Злучаных Штатаў.jpg

Ад феадалізму да краіны магчымасцяў

У 1780-я, калі амерыканцы толькі адбіліся ад ангельцаў, паўстала лагічнае пытанне: якой быць першай незалежнай дзяржаве ў Новым Свеце? Лагічнай прапановай было аб’явіць... спадчынную манархію. Каралём меў стаць акурат Джордж Вашынгтон (з прыдомкам «Першы»).

Перашкодзіла некалькі фактараў. Першы — асабісты. Вашынгтон адмовіўся. Больш за тое, стаўшы прэзідэнтам, сышоў праз два тэрміны. Гэта важна, бо аніякіх абмежаванняў па колькасці тэрмінаў у ЗША не існавала ажно да 1951 года. Другі фактар больш важны. Амерыканцы ўжо сталі грамадствам свабодных гаспадароў і землеўласнікаў. Жыць па правілах Старога Свету ім было нецікава.

Хоць раней, у XVII ст., Паўночная Амерыка была рэгіёнам, якім кіравалі алігархі, а людзі жылі па лякалах феадалізму. Гэта не была яшчэ тэрыторыя, куды плылі свабодалюбівыя людзі, каб атрымаць бясплатна зямлю і зарабляць мільёны. 

«У чым сіла, брат?..» Вялікая шахматная дошка ХХІ стагоддзя

Першыя калоніі ствараліся буйнымі ангельскімі арыстакратамі, якія былі ў стане інвеставаць у падобныя праекты: выправіць карабель, даць рэсурсы на будаўніцтва форта і г.д. Няхай каланісты і былі асабіста вольнымі, але працавалі на зямлі феадала. Сысці? Без праблем, але з рызыкай, што з цябе здымуць скальп — «разбяруць на сувеніры».

У XVIII ст. усё пачало змяняцца. На свой страх і рызыку людзі ўсё ж ішлі далей на Захад за Апалачскія горы. Не было закону, каб прывязаць чалавека да мясцовасці. Лішне казаць, што ў шчыльна заселенай Еўропе асабліва нікуды не пойдзеш, сваіх правілаў навязваць не будзеш.

Важным фактарам сталі перасяленцы з ліку радыкальных пратэстантаў — пурытане. Яны дык наогул ніякай улады над сабою не прызнавалі — апроч Бога. У пурытанаў таксама былі свае алігархі, здольныя інвеставаць у экспедыцыі і пабудову Новага Свету.

Так, менавіта ў XVIII ст. з’явілася грамадства дзе бяднейшых, дзе багацейшых, але галоўнае — свабодных фермераў і гараджанаў. Людзей, гатовых адстойваць свабоду перамяшчэння, веравызнання, гандлю з кім ім самім хочацца. Умовы выспелі — дайшло да рэвалюцыі. Паўстала імперыя, якая кіруецца тымі самымі прынцыпамі ўжо амаль 250 гадоў — чвэрць тысячагоддзя.

'Мы, Народ...' - так пачынаецца Канстытуцыя ЗША.jpg
Канстытуцыя ЗША

Чаму не пайшло ў Лацінскай Амерыцы?

Лагічнае пытанне: чаму ў Лацінскай Амерыцы ўсё сталася інакш? Былі ж там ужо ў ХІХ ст. змагары за свабоду — Сімон Балівар або Бернарда О’Хігінс. Ёсць істотная розніца: паўночныя амерыканцы засноўвалі сваю дзяржаву ў суворых прыродных умовах, працуючы збольшага самі. Калі вельмі груба, пратэстанты ў рэпрэсіўным асяроддзі збудавалі цывілізацыю, якая не магла грунтавацца на нечым іншым, апроч хаця б адноснага раўнапраўя і роўных магчымасцяў.

У Лацінскай Амерыцы калоніі засноўвалі на руінах велічных цывілізацыяў. Народу мясцовага было багата, таму яго запусцілі на плантацыі. Іспанцы з партугальцамі не столькі працавалі самі, колькі выкарыстоўвалі індзейцаў: не выстаялі перад спакусай, але гэтым самым працягнулі феадальную мадэль на гады і стагоддзі. На Поўначы «індзейскага матэрыялу» нават фізічна б не назбіралася на такія праекты.

Так, той жа Балівар не аб’явіў сябе каралём і нібы стараўся дзейнічаць па дэмакратычных лякалах. Але нічога не атрымалася: зламаць алігархічны ўклад было не так проста. Усё круцілася і круціцца дагэтуль вакол зямлі, а «свабода» засталася прыгожай рыторыкай для рэвалюцыянераў накшталт Чавеса ці Кастра.

Новыя эліты, Джон Адамс і «сінія пальцы» па-амерыканску

Амерыканцы дагэтуль вельмі пяшчотна ставяцца да сваіх сімвалаў і рэліквіяў эпохі атрымання незалежнасці. Гэта першы варыянт канстытуцыі, які ў спецыяльнай вітрыне пад браніраваным шклом захоўваецца на 12 метрах пад зямлёю. Гэта нават штучная сківіца Вашынгтона. Усе гэтыя артэфакты — святыні Новага Свету.

Гэта важна, бо тыя людзі сапраўды былі «айцамі нацыі» — без лішняга пафасу. Не каралямі ці князямі, якія засноўвалі дзяржавы, выключна для сябе і сваіх нашчадкаў, каб выціскаць усе сокі з людзей і тэрыторыі. У Амерыцы сэнсам элітаў было акурат служэнне — адсюль і адпаведнае стаўленне. Цікава, што ў большасці гэта не былі «прафесійныя рэвалюцыянеры» або філосафы-тэарэтыкі накшталт Вальтэра. Гэта былі паспяховыя і адукаваныя людзі, якія няблага сябе адчувалі пры ангельскай уладзе. Ёсць добры прыклад Джона Адамса — другога прэзідэнта ЗША. Пра яго нават неблагі дакументальны серыял знялі, паглядзіце. Пачынаецца з таго, што ангельскія жаўнеры страляюць па людзях. Іх хапаюць і судзяць яшчэ ангельскім каланіяльным судом.

Адамс — адвакат. Бярэцца за справу, і жаўнераў апраўдваюць! Зразумела, што яго самога людзі пасля гэтага ненавідзяць: уявіце, што было б у Беларусі з адвакатам, які ўступіўся за АМАПаўцаў... Але пазней Адамс далучаецца да рэвалюцыі, хоць і за ангельцамі ў яго ўсё было «ў шакаладзе». Больш за тое, робіцца прэзідэнтам пасля Вашынгтона! А заканчваецца фільм цікава: ужо адбыўшы прэзідэнцкі тэрмін, Адамс займаецца сваёй фермай. Працуе-майструе, а на даляглядзе будуецца Капітолій. На ўсё гэта ён глядзіць ужо як звычайны фермер: вось вам і «сінія пальцы» па-амерыканску.

Так, адмовіўшыся ад заманлівых рэчаў, «айцы-заснавальнікі» далі краіне небывалы штуршок і надзею. Эканамічная свабода наклалася на вялікія тэрыторыі і рэсурсы, пастаянны прыток свежай крыві з Еўропы. І гэта спрацавала!

Чаму Сібір не стала «Дзікім Захадам»?

Тут можна зрабіць невялікае адступленне. За часамі Аляксандра І, калі Расійская імперыя знаходзілася на піку велічы, у яе былі ці не ўсе шансы пайсці амерыканскім шляхам — паўтарыць гісторыю поспеху. Сібір — агромністыя незаселеныя тэрыторыі. Поўна рэсурсаў, якія можна адкрываць ды эксплуатаваць. Мікс розных нацыянальнасцяў, якія ў тую Сібір ехалі: расійцы, немцы, беларусы, палякі, украінцы, татары... Пасіянарнасці і сілаў дакладна б хапіла. Не было толькі аднаго — ідэі свабоды. Таму ўся расійская пасіянарнасць стагоддзямі вылівалася толькі ў адно — ідэю арміі ды мілітарызм. У Расійскім ваенна-гістарычным архіве захоўваюцца цудоўныя фонды з мільёнамі адзінак, каб ацаніць маштаб пытання: вопісы бясконцых гарнізонаў, гарматаў, афіцэраў, фэльчараў, прызыўных камісіяў. Складаецца ўражанне, што Расійская імперыя — гэта агромністая армія. Уся рэшта — эканоміка, земляробства, культура — толькі заплечча, тыл, які мае яе забяспечваць.

«Служылыя людзі» што 200 гадоў таму, што цяпер у Расіі з’яўляюцца безумоўнай элітай. Не прафесары, банкіры або камерсанты, не. Вайскоўцы. Зірніце на людзей, якія труцілі Навальнага, паводле яго расследавання. Гэта тыповыя «служылыя людзі», эліта Імперыі.

Беларус можа адслужыць у войску ці ў міліцыі, а пасля са спакойнай душой стаць айцішнікам, дальнабойшчыкам, паехаць да дзяцей у Варшаву. У Расіі — не. Бо гэта вечная эліта — рэзерв для будучых войнаў і касцяк, які «стабілізуе» дзяржаву. Зрэшты, гэта таксама цывілізацыйны выбар, ОК.

Кадры з амерыканскіх пратэстаў, якія абляцелі ўвесь свет.jpg
Кадры з амерыканскіх пратэстаў, якія абляцелі ўвесь свет

Амерыку зноў «трасе». Ці адновіцца баланс?

Вернемся да Штатаў. Зразумела, Амерыку трасе не ўпершыню. Грамадзянская вайна ў сярэдзіне ХІХ ст. знесла жыцці ад 600 тысяч да мільёну чалавек — гэта была нацыянальная катастрофа. Былі таксама «Дзікі Захад», алкагалізм, карупцыя, «Вялікая дэпрэсія», праблемы з расавай сегрэгацыяй, пратэсты 1968-га, эканамічны крызіс 1970-х... Шмат чаго было. Штаты ўсё перажылі. Пераварылі. Вялікі патэнцыял, закладзены 250 гадоў таму, увесь час спрацоўваў, ратаваў.

Цяпер аналітыкі таксама кажуць пра грамадзянскую вайну ў ЗША, але прыхаваную. Штаты паступова здаюць пазіцыі першай дзяржавы ў свеце. Пасля гісторыі з каранавірусам эканамісты прарочаць Кітаю стаць першай эканомікай ужо нават не ў 2030-м, а ў 2025-м — і гэта пры тым, што з таго ж Кітая вірус і пачаўся.

Тую ж «мексіканскую праблему» не Трамп прыдумаў. А праблема ў тым, што паўднёвыя штаты робяцца фактычна «філіялам Мексікі». Амерыканска-мексіканская мяжа ёсць найбольш перасяканай мяжой у свеце: за год яе праходзіць 350 мільёнаў чалавек. Лацінасы па канцэнтрацыі ўжо перагналі афраамерыканцаў: 18% супраць 12%.

ЗША рэгулярна робяць памылкі на міжнародным узроўні, чым карыстаюцца іх крытыкі па ўсім свеце. Можна лічыць Хусэйна пачварай, але інтэрвенцыя ў Ірак стала прэцэдэнтам, які яўна не ўмацаваў пазіцыі ЗША. А вось у 2011-м, падчас «Арабскай вясны», Абама не наважыўся дабіць Асада, бо дамовіўся з Пуціным. У выніку праблема Сірыі застаецца актуальнай да сёння. Зрэшты, нічога дзіўнага, бо сапраўды вялікіх асобаў накшталт Бжэзінскага або Кісінджэра побач з прэзідэнтамі Штатаў даўно не бачна.

Амерыканская гісторыя Z: «дэнацыфікацыя 2.0»

На ўнутраным палітычным рынку таксама цікава: баланс паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі, які здаваўся непарушным і стабілізаваў сістэму, цяпер фактычна размываецца. Бо размываюцца тыя слаі грамадства, якія падтрымлівалі гэтыя партыі. Адсюль актыўнасць сілаў, якія дагэтуль былі маргінальнымі: ад ультраправых да «Антыфы».

З боку ўсё гэта выглядае даволі трывожна, бо ЗША — краіна, на якую глядзіць увесь свет. Якая была лакаматывам, прыкладам, надзеяй. Краіна, на якую можна было азірацца як на пазітыўны варыянт свайго заўтра. Няважна, глядзіш ты з Грузіі, Украіны або Польшчы. А тут такое...

Зрэшты, можна зразумець фермераў у клятчастых кашулях, якім няма аніякай справы да Польшчы ці Грузіі. У іх краіне ёсць свае праблемы, ім гэта не падабаецца. Таму яны бяруць сцягі ды ідуць да Капітолія, бо «народ мае права на паўстанне», як казалі айцы-заснавальнікі.

Шкада толькі, калі яны самі не разумеюць, што іх Амерыка таксама сыходзіць. А дакладней — трансфармуецца. І зусім не факт, што ім самім у ёй будзе месца, як некалі ў ёй не стала месца ангельскай каланіяльнай адміністрацыі або індзейцам.

Маск: глабальная перазагрузка ў стылі Вашынгтона

Падаецца, сучасны свет стаў занадта складаным і розным. Старая сістэма не здольная даць адказы на ўсе пытанні — як у ЗША, так і па ўсім свеце. Па вялікім рахунку, Трамп і Байдэн рэпрэзентуюць два варыянты старой сістэмы — два прачытанні мінулага. Адзін з ноткамі сацыял-дарвінізму і духам свабоднага прадпрымальніцтва, другі — з раздачай кілбасак бедным, талерантнасцю і павагай да слабейшых. Да пэўнага часу яны чаргаваліся і трымалі баланс. Цяпер жа, відаць, паўстала патрэба ў нечым трэцім. Па-за дыскурсам застаецца толькі Ілан Маск — найбагацейшы чалавек у свеце, які раскрывае космас з перспектывай для чалавецтва. Намацвае варыянты будучыні, не падобныя да рэмэйкаў мінулага. Ну і спрабуе быць дэмакратам: заявіў жа пра ідэю глабальнага бясплатнага інтэрнэту для ўсіх і кожнага.

Як бы пафасна ні гучала, але Маск для сучаснасці — такі самы Вашынгтон для свету канца XVIII ст. Зорка надзеі на светлае заўтра, якое не будзе падобным на ўчора.

Маск нагадвае прагрэсара з сусвету Стругацкіх, які спрабуе перазагрузіць свет.

Зрэшты, стагоддзямі гэта і была ідэя Амерыкі — змяняцца не толькі самім, але і даваць прыклад іншым. Перазагружаць усё для ўсяго свету.

Алесь Кіркевіч, budzma.org