Апошнім тыднем беларускія музыкі не спалі ў шапку і накідалі нам за каўнер якасных, а месцамі і надта цікавых з пункту гледжання сэнсаў і гуку рэлізаў. Пра тое, каго і чаму маці не пускае на паці, як іранічна-сатырычна, але ў той жа час натхняльна і пранікнёна сумаваць па Радзіме і дзе губляюць сваю маладосць, распавядаем у гэтым выпуску «Гітары Мулявіна». Рыхтуйце вочы і вушы, бо мы ўжо пачынаем!
Дзікі дэнс ці дэкаданс?
Як жа мы сумавалі па танцавальных трэках апошнім часам! Каб было з густам, а яшчэ і па-беларуску.
У спявачкі nevika з новым трэкам «Вечарына», атрымалася зрабіць 2 справы адначасова, не горш, чым у Цэзара. Рэліз прапітаны духам маладосці, дзёрскасці, рызыкі і, канешне ж, момантамі самых вогненых варушнякоў, якія ладзяцца з сябрамі.
Бадай, гэта першы яе трэк, які сапраўды ўразіў сваёй вакальнай разнастайнасцю: артыстка паспела і паспяваць, і пачытаць рэп, а падчас гэтага пару разоў яшчэ і змяніць флоў. Заўважны таксама безумоўны рост з боку гукавога складніка песні, бо менавіта гэты рэліз гучыць як цэласная кампазіцыі.
Структурна, песня падзелена на кананічныя для танцавальнага поп-трэка кавалкі: куплет, прэ-хорус, выбухны прыпеў. Аднак, не абысціся тут без лыжкі дзёгцю, бо фанетычна прысутнічае адчуванне, што з беларускай мовай у артысткі тут ёсць пэўныя складанасці. Як і з усім тэкстам у прынцыпе. У астатнім, раю паслухаць трэк раз і яшчэ раз, а яго матыў можа засесці у галаве на цэлы дзень, нібыта гэта гук з цік-току.
Падсумуем тое, што творчыя пошукі Невікі нарэшце далі свае плады і менавіта ў такім амплуа хацелася б і далей бачыць маладую спявачку.
Мой родны кут, як ты мне мілы...
І тут раптам прыбягае гурт Leibonik. Што гэта за кексы? Вядомы ў Беларусі і па за яе межамі калектыў, з такімі сатырычнымі песнямі як «Пазітыўны настрой», «Купала» на чале з бардаўскім бэкграўндам Сяргея Башлыкевіча.
Не так даўно яны прэзентавалі сінгл «Emigrant Song», які па першых дзясятках секундаў таксама падаецца даволі жартоўным, але слухаючы далей, мы разумеем увесь боль, які перададзены праз простую формулу параўнання «сваё/чужое».
Тэкст сапраўды можа крануць кожным радком, але найбольш эмацыйна адчуваецца «выяджаў на пару год, а ад’ехаў назаўжды». Для згушчэння фарбаў, у адным з момантаў кампазіцыі выкарыстоўваецца цяжкая гітарная партыя з яркімі рокавымі ноткамі. Песня, відавочна, не разлічана на шырокага слухача, бо, каб зразумець долю эмігранта — трэба самому быць эмігрантам.
Гурту зычым не забывацца смак «настоечкі на хлебе» і «аксамітнага», а таксама як мага хутчэй прыяджаць «мінімальна пакалдырыць ля дняпроўскіх берагоў».
Малы пасталеў
Не маглі мы абмінуць і яшчэ адзін трэк пра эмігранцкую долю ад рэпера пад псеўданімам MANDZIK. У сваёй кампазіцыі «Маладосць», Дзяніс дзеліцца самым патаемным і асабістым, але, у адрозненне ад гурта Liebonik, яго метафары лепей падыдуць маладому пакаленню беларусаў.
Гэты сінгл — трансляцыя ўнутранага маналога, які не сціхае ў галаве выканаўца працяглы час. Разам з тым можна заўважыць, што музыка нядрэнна падцягнуў свае скілы, што па частцы гучання і тэксту. Відавочна, зараз гэта нефарматны рэп у акіяне аўтацюнавага балбатання, але ці можна назваць гэта яшчэ адным штуршком беларускай музыкі да сваёй незалежнасці? Безумоўна.
Любіце беларускую музыку, слухайце беларускую музыку, і да наступнай сустрэчы! Будзьма!
Чытайце яшчэ:
Лепшая песня пасля няўдалых стасункаў і бясконцы выпускны: пра беларускія музычныя навінкі па-свойску і без фанабэрыстасці
Хатні Томпсан, budzma.org