“Горад Святога Губерта” будзе выходзіць!

25.08.2011

Пытанне далейшага выхаду гарадзенскага гістарычнага альманаха “Горад Святога Губерта” ўздымалася падчас прэзентацыі яго 5-га нумару. Прэзентацыя адбылася 24 жніўня ў Гародні.

Кожны з гісторыкаў і краязнаўцаў выказваў спадзяванне на тое, што знойдуцца грошы на выхад гэтага гістарычнага альманаха і пытанні, што ўздымаюцца ў публікацыях на яго старонках, дойдуць да ўладаў гораду.

Тэмай гэтага нумару, а дакладней, тэмай, што займае большую палову нумару, складае Каложская царква, праблема рэканструкцыі ці захавання храма. У мінулым годзе адбыліся грунтоўныя першыя грамадскія слуханні прысвечаныя Каложы, у якіх удзельнічалі вядомыя беларускія эксперты. Іх публікацыі і склалі гэтую частку нумару. Наступнымі тэмамі сталі: суднаходства на Нёмане у ХХ стагоддзі, гарадзенскія казармы ХІХ стагоддзя па вуліцы Гая, экалагічная тэматыка, а таксама вяртанне да папярэдняй дыскусіі па гістарычным раёне Гродна ”Новы Свет”.

Сурэдактар гэтага нумару Андрэй Вашкевіч расказаў прысутным, што за апошнія 3 гады горад страціў больш за 15 гістарычных будынкаў, аднак гарадзенскія гісторыкі не адмовіліся ад сваіх ідэяў і пазіцыяў наконт таго, што раён Новы Свет павінен быць уключаны ў гістарычную частку Гродна, што павінная быць змененая транспартная развязка горада.

Падчас выступу гарадзенскіх гісторыкаў Алеся Краўцэвіча, Ігара Лапехі, Віктара Саяпіна і Юрыя Гардзеева абмяркоўвалася тое, што ніводнае пытанне гісторыі горада над Нёманам не даходзіць да гарадзенскіх уладаў.

Андрэй Мялешка

Тэгі: