Варшава з беларускім акцэнтам: працяг вялікага шпацыру

Стагоддзі гісторыі шчыльна звязваюць беларусаў з палякамі: сумесная дзяржава, магнацкія роды, музыкі, пісьменнікі, вайскоўцы, навукоўцы... Сучасная польская сталіца захавала ў сабе адбіткі гэтага супольнага існавання.

Працягваем вандраваць па Варшаве і вывучаць мясціны, якія фармуюць беларускі ландшафт польскай сталіцы. Наш сённяшні маршрут пачынаецца з дома чалавека, чыя музыка стала сімвалам яднання культур, — Станіслава Манюшкі.

1. Дом Манюшкі (Krakowskie Przedmieście 81)

Dom Maniuški
Дом Манюшкі

Гэтая камяніца была пабудавана да 1754 г. для заможнага купца Мацея Куроўскага ў модным тады класістычным стылі. Менавіта тут у 1858-1860 гг. жыў выбітны беларускі кампазітар ды піяніст, аўтар больш як 300 беларускіх і польскіх песень Станіслаў Манюшка. 

Нарадзіўся будучы кампазітар у маёнтку Убель, што на Міншчыне. У 1858 г. Манюшка перасяліўся ў Варшаву, у камяніцу на фота. Пражыў у ёй Манюшка ўсяго 2 гады, але ў памяць пра гэта на камяніцы ёсць шыльда, прысвечаная выбітнаму кампазітару. 

Pamiatnaja šylda
Памятная шыльда

У Варшаве Манюшка стаў дырыжорам і дырэктарам опернага тэатра, прафесарам Музычнага інстытута. 

2. Катэдральны сабор Святога Яна (Świętojańska 8) 

Гэта адно з найважнейшых месцаў польскай культуры і нацыянальнай традыцыі. У яго сценах прапаведаваў ксёндз Пётр Скарга — заснавальнік і першы рэктар Полацкага езуіцкага калегіума , прысягаў Уладзіслаў IV Ваза, тут адбываліся вяселлі, каранацыі двух польскіх каралёў , пахаванні многіх славутых асобаў, прысягі на Канстытуцыі 3 траўня.

Katedralny sabor Sviatoha Jana Chrysciciela
Катэдральны сабор Святога Яна Хрысціцеля

Як дакладна выглядаў сярэднявечны будынак, мы можам ведаць толькі з прыблізных выяваў XVI-XVII стст. У часы расейскага панавання касцёл быў грунтоўна перабудаваны ў стылі моднай тады ангельскай неаготыкі. У такім выглядзе ён захаваўся на фотаздымках пачатку ХХ ст. 

У 1944 г. катэдра была знішчана нямецкімі самаходнымі міннымі танкеткамі Галіяф. Пасля вайны будынак быў адноўлены згодна са сваім першасным выглядам у стылі т.зв. мазавецкай готыкі. У катэдры пахаваныя апошнія мазавецкія князі — Януш і Станіслаў, сыны Ганны Радзівіл, якая адстойвала незалежнасць Мазовіі, і як лічыцца, кіравала княствам праз сваіх сыноў. Тут знайшоў спачын апошні кароль Рэчы Паспалітай і апошні Князь Літоўскі, ураджэнец вёскі Воўчын Берасцейскай вобласці — Станіслаў Панятоўскі. Менавіта ў гэтай катэдры адбывалася ягоная каранацыя, што ў пэўным сэнсе парушыла традыцыю прыняцьця кароны ў Кракаве. 

Галоўны алтар у катэдры фундатавала Ганна Гальшанская — дачка вядомага баярына, паплечніка князя Вітаўта Івана Гальшанскага. Менавіта з гэтым родам звязанае беларускае мястэчка Гальшаны, якому свой твор «Чорны замак Альшанскі» прысвяціў беларускі класік Уладзімір Караткевіч.

3. Касцёл Святога Марціна (Piwna 9/11)

Насупраць катэдральнага касцёла, на суседняй вуліцы Piwnej, знаходзіцца яшчэ адзін старажытны касцёл Варшавы. Гэта касцёл Святога Марціна, які быў пабудаваны, як лічыцца, у XIV ст. Гэты касцёл вядомы тым, што ў ім за часамі Другой сусветнай вайны выкладаў і праводзіў імшы Пятро Татарыновіч — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, ксёндз, які нарадзіўся ў вёсцы Гайнін на Случчыне.

Kascioł Sviatoha Marcina
Касцёл Святога Марціна

Татарыновіч скончыў Мінскую духоўную семінарыю і займаўся душпастарскай дзейнасцю на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У часы Другой сусветнай вайны быў у складзе Беларускага нацыянальнага камітэта, які знаходзіўся ў Варшаве на вуліцы Swietojarska, і таксама праводзіў імшы, у тым ліку на беларускай мове, у тутэйшым касцёле Святога Марціна. Пасля вайны Татарыновіч эміграваў у Нямеччыну, адтуль — у Італію. Жыў у Рыме і выдаваў беларускі каталіцкі часопіс «Źnič», таксама займаўся мастацкім перакладам.

4. Катэдра Святога Фларыяна і Міхала Арханёла (Floriańska 3)

Katedra Sviatoha Fłaryjana
Катэдра Святога Фларыяна

На правым беразе Віслы ў раёне Прага месціцца прыгожая базіліка — катэдра Святога Фларыяна і Міхала Арханёла. Касцёл быў узведзены ў 1888–1904 гг. Форма і прасторавае размяшчэнне касцёла адносяцца да г.зв Мазавецкай ці Віслінскай готыкі. Гэты храм разглядаецца знаўцамі як узор польскай сакральнай архітэктуры. 

Ускосна катэдра звязана з Мінскім касцёлам Святога Роха. Рэч у тым, што галоўным архітэктарам катэдры Святога Фларыяна быў Пій Дзяконскі, вядомы варшаўскі архітэктар, які лічыў свой твор найлепшым у жыцці. І калі ў сувязі з павелічэннем мінскага касцёла ў 1903 г.прыхаджане хадайнічалі аб пашырэнні будынка, Дзяконскі ўзяў удзел у конкурсе праектаў. У 1904 г. варшаўскі архітэктар зрабіў праект пашырэння Залатагорскага касцёла, амаль паўтараючы свой гатычны твор у Варшаве, запраектаваў крыжападобную ў плане прыбудову да правай фасаднай сцяны. Але касцёльны камітэт адхіліў гэты праект праз ягоную дарагавізну... Так што аблічча мінскага Залатагорскага касцёла магло быць зусім іншым.

5. Касцёл Святой Ганны (Krakowskie Przedmieście 68)

Касцёл Святой Ганны ў Варшаве (пабэрнардынскі, акадэмічны храм) — рымска-каталіцкі храм на Кракаўскім прадмесці ў раёне Старога горада, цэнтр акадэмічнага капеланства ў Варшаве. Храм пабудаваны ў XV ст., разам з кляштарам манахаў бернардынцаў з Кракава, што і надала імя прадмесцю ля замкавага пляца — Кракаўскае.

Kascioł Sviatoj Hanny
Касцёл Святой Ганны

За стагоддзі свайго існавання храм некалькі разоў перабудоўваўся, тым не менш часткова захаваў першапачатковыя рысы. Гэтая акалічнасць надае яму вельмі цікавае архітэктурнае аблічча — задняя частка захоўвае гатычныя рысы, а фасад адлюстроўвае класістычныя матывы.

Галоўнай фундатаркай касцёла была дачка Мікалая Радзівіла «Старога» Ганна Радзівіл, якая пабралася шлюбам з мазавецкім князем Конрадам, і цягам жыцця старалася адстойваць незалежнасць Мазовіі ад Кароны Польскай. Сыны Ганны Радзівіл — Януш і Станіслаў — сталі апошнімі князямі Мазовіі, смерць якіх прывяла да канчатковага паглынання мазавецкіх земляў Польшчай. Ганна Радзівіл была пахаваная ў гэтым храме. Разам з ёй тут спачывае яшчэ адна прадстаўніца роду Радзівілаў — Крысціна Радзівіл, дачка вядомага магната-асветніка Мікалая Радзівіла Чорнага, які ператварыў беларускі горад Нясвіж у цэнтр Рэфармацыі і Асветы.

6. Прэзідэнцкі палац (Krakowskie Przedmieście 48/50) 

Палац, у якім юны Фрэдэрык Шапэн даў свой першы канцэрт, а ў гады нямецкай акупацыі тут размяшчаўся гатэль «deutsches house», цяпер з’яўляецца прэзідэнцкай рэзідэнцыяй. Але таксама ён вядомы як Радзівілаўскі палац. У розныя часы тут гасцявалі Напалеон Банапарт і Пётр І, месціўся польскі ўрад у гады Лістападаўскага паўстання. Падчас Чатырохгадовага сейму палац быў сядзібай Сходу сяброў урадавай канстытуцыі, а ў гады паўстання Касцюшкі тут размяшчаўся вайсковы шпіталь.

Prezidencki pałac
Прэзідэнцкі палац

Палац быў адбудаваны ў ХVII ст. для гетмана кароннага Станіслава Канецпольскага, пасля перайшоў да роду Любамірскіх, на пачатку XVIII ст. трапіў да Радзівілаў.

Доўгі час палацам валодаў адзін з найзаможнейшых еўрапейскіх магнатаў і самых вядомых прадстаўнікоў нясвіжскай лініі Радзівілаў — Караль Радзівіл ці «Пане Каханку»

У палацы Каханку ладзіў свае ўлюбёныя пышныя балі і банкеты, прымаў разнастайных гасцей на вышэйшым узроўні. 

Пасварыўшыся з Чартарыйскімі і каралём Станіславам Панятоўскім, Радзівіл перастаў наведваць сталіцу, а палац здаваўся ў арэнду, што прыносіла немалы прыбытак. Пасля ад’езду Пане Каханку ў палацы размясціўся тэатр. Па вяртанні палаца Радзівілу ў ім працягнулася традыцыя разнастайных імпрэз: баляў, маскарадаў і інш. Пасля смерці Караля Радзівіла (1790 г.) палац атрымаў у спадчыну чатырохгадовы сын яго зводнага брата Дамінік Радзівіл. Да 1818 г. палац арандавалі для тэатральных мэт. 

7. Палац Тышкевічаў (Krakowkie Przedmieście 32)

Гэты вытанчаны палац будаваўся ў 1785 г. для прадстаўніка славутага беларускага роду Людвіка Тышкевіча, палявога гетмана літоўскага, і яго жонкі Канстанцыі Панятоўскай, пляменніцы караля Станіслава Аўгуста.

Pałac Tyškievičaŭ
Палац Тышкевічаў. Фота: pl.wikipedia.org

У XVIII стагоддзі будынак быў адным з найпрыгажэйшых класіцыстычных палацаў у Варшаве. Прыгожыя скульптуры Атлантаў, якія падтрымліваюць балкон з боку Кракаўскага прадмесця, былі створаны каралеўскім скульптарам Андрэ Ле Брунам. На мяжы XVIII і XIX стагоддзяў палац знаходзіўся пад кіраваннем сям’і Тышкевічаў, якія здавалі яго ў арэнду высокапастаўленым асобам і вайскоўцам за мяжой. Цяпер тут месціцца музей варшаўскага ўніверсітэта.

8. Магіла Невядомага Жаўнера (plac Marszałka Józefa Piłsudskiego 1-3)

Варшаўская магіла невядомага жаўнера была адкрыта ў міжваенны час 2 лістапада 1925 г. пад каланадай яшчэ існага Саксонскага палаца. У гэты дзень там былі пахаваныя парэшткі неапазнанага жаўнера, прывезеныя падчас адмысловай цырымоніі з Могілак абаронцаў Львова. Пры помніку стаіць ганаровая варта і гарыць вечны агонь. На аркадах былога палаца былі выгравіраваныя самыя важныя бітвы ў польскай, а таксама беларускай гісторыі. 

Mahiła nieviadomaha žaŭniera
Магіла невядомага жаўнера

На каланадзе можна ўбачыць славутую Грунвальдскую бітву, дзе беларуска-польскае войска паставіла кропку на набегах нямецкіх рыцараў. І таксама Аршанскую бітву — адну з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Еўропы ў пачатку XVI стагоддзя. Перамога ў ёй дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасць вярнуць захопленыя праціўнікам землі.

На помніку таксама бачым шэраг беларускіх гарадоў, якія ўпісалі сябе ў польскую вайсковую гісторыю. Напрыклад Бабруйск, у фартэцыі якога размяшчаўся польскі гарнізон падчас Першай сусветнай вайны. Перад эвакуацыяй на падставе пастановы камандавання 1-га корпуса ў Бабруйскай фартэцыі быў насыпаны мемарыяльны курган на могілках польскіх жаўнераў, загінулых у баях з бальшавікамі. Паводле розных дадзеных, на тэрыторыі фартэцыі было пахавана каля 2000 польскіх жаўнераў. У Бабруйску курган не захаваўся. Але яго паменшаную копію адкрылі ў міжваенны час на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве. 

На помніку ўшанаваная таксама абарона Горадні палякамі ў верасні 1939 г., калі ў горад паводле савецка-нямецкага пакту ўваходзіла Чырвоная армія.

9. Хлопчык з лебедзем (Ogrod Saski)

На заканчэнне вандроўкі наведаем Саксонскі сад, заснаваны каралём Аўгустам ІІ Саксонскім, а пазней перададзены ім жа гораду ў 1727 г.. Гэта першы грамадскі сад у Варшаве.

Saksonski sad
Саксонскі сад

У сярэдзіне ХІХ ст. у Варшаве будуецца першы водаправод, інжынер Генрык Марконі праектуе помпавую станцыю ў выглядзе старажытнарымскіх храмаў. Яе дагэтуль можна ўбачыць на ўзвышшы ля штучнай сажалкі ў садзе. А ў цэнтры сажалкі ёсць скульптура, якую пазнае кожны мінчук і мінчанка — хлопчык з лебедзем. Яна мае сувязь з мінскай скульптурай у Аляксандраўскім скверы. У іх адзін і той жа аўтар — Тэадор Калідэ з польскага горада Глівіцы. 

Chłopčyk z lebiedziem u Varšavie
Хлопчык з лебедзем у Варшаве. Фота: kolekcjapublicznawarszawy.wordpress.com

Chłopčyk z lebiedziem u Minsku
Хлопчык з лебедзем у Мінску. Фота: bel.wikipedia.org

Падобныя хлопчыкі аздабляюць багата публічных і прыватных прастораў у Еўропе, і ёсць візітнай карткай Калідэ. Што цікава, з’яўленне і варшаўскага і мінскага хлопчыкаў павязанае адзінай падзеяй — адкрыццём гарадскога водаправоду!

Ю.К., Budzma.org