Горадня: кіно, тэатр, цырк

04.11.2011

Больш чым 100-гадовую гісторыю гарадскіх адпачынкаў прадставілі гарадзенскія краязнаўцы Віктар Саяпін і Таццяна Касатая ў адной з залаў Гарадзенскай бібліятэкі імя Карскага, што месціцца ў Новым Замку.

Пра кнігу расказвае Віктар Саяпін: “Гэтая кніжка ў першую чаргу апавядае гісторыю гарадзенскага цырка, якому ўжо 130 гадоў. Наш гарадзенскі цырк звязаны з цыркавой дынастыяй Фероні. Хацеў бы заўважыць, што наш лялечны тэатр, пра які вядзецца гаворка ў кнізе, мае ўжо 70-гадовую гісторыю, а не 30-гадовую, якую адзначалі гарадскія ўлады. У першую чаргу гэтая гісторыя звязаная з гастролямі ў 1940 годзе ў нашым горадзе тэатра Сяргея Абразцова. Пра гарадзенскія кінатэатры можна расказваць даволі шмат. Але большасці з іх ужо няма. Галоўная мая тэма, пра якую не пішуць гарадзенскія гісторыкі, — гэта пасляваенная Горадня: як тут жылі людзі, дзе набывалі рэчы, чым харчаваліся, куды хадзілі ў кіно, дзе адпачывалі. Я рыхтую ў наступным годзе яшчэ дзве кніжкі па гісторыі горада”.

Кніга аздобленая фатаграфіямі з прыватных калекцый гарадзенскіх краязнаўцаў і гісторыкаў і распачынае серыю “HronoГродна”, у якой будзе расказвацца пра малавядомыя факты з гісторыі горада.

На прэзентацыі было шмат гарадзенскіх студэнтаў, гісторыкаў і простых людзей, што цікавяцца гісторыяй гарадскога адпачынку мінулага.

Андрэй Мялешка

Тэгі: