У канцы траўня адбыўся азнаямленчы візіт у Грузію пад назвай “Прынцыпы добрага кіравання ў сферы культуры і ўстойлівага развіцця: грузінскі досвед”, які арганізавалі Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” у межах акцыі “Разам да справы”. Цягам яго адбыўся шэраг сустрэч з прадстаўнікамі грузінскіх дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый і нават з супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў Геогі Сахокія і Сафіяй Чхаідзэ.
Трэба адзначыць, што на дадзены момант з рознай хуткасцю і эфектыўнасцю рэформы ў Грузіі ідуць ва ўсіх сферах. Гэта адзначаюць усе без выключэння прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, з якімі даводзілася сустракацца. Але найбольш уражваюць змены менавіта ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Яны мелі не толькі станоўчы эфект для грузінскага грамадства – істотна павысіўся давер насельніцтва да працы праваахоўных органаў, але і для саміх супрацоўнікаў МУС.
Пачынаць варта з таго, што пасля развалу Савецкага Саюза грузінская міліцыя была наскрозь карумпаваная. Не вырашыў гэтай праблемы ні першы прэзідэнт Грузіі, нацыяналіст Звіяд Гамсахурдыя, ні другі – былы намеклатуршчык Эдуард Шэварнадзэ. Радыкальныя змены ў праваахоўнай сістэме пачаліся толькі з прыходам да ўлады Міхаіла Саакашвілі.
Шырокая рэформа Міністэрства ўнутраных спраў пачалася ў 2004 годзе і найперш закранула кадры. Было звольнена шмат праваахоўнікаў і істотна скарочаны штат. У першую чаргу гэта тычылася дарожнай інспекцыі, якая замест выканання сваіх абавязкаў літаральна займалася зборам хабару з насельніцтва. Ведамства было цалкам ліквідаванае ў 2004 годзе.
На змену дарожнай інспекцыі прыйшла патрульная паліцыя, супрацоўнікаў якой адбіралі праз спецыяльны кастынг. Была істотна абноўленая матэрыяльна-тэхнічная база: паліцэйскія былі забяспечаныя і забяспечваюцца цяпер самым сучасным абсталяваннем. Для навучання будучых праваахоўнікаў была створаная паліцэйская акадэмія, аналаг нашай Акадэміі МУС. Праца ў праваахоўных органах лічыцца прэстыжнай і аплачваецца адпаведна. Такі падыход мае і яшчэ адзін плюс – выкараняецца карупцыя, якая, як адзначалася вышэй, захлынула ў пэўны час усю Грузію.
У 2004 годзе пачынаецца сапраўдная вайна з арганізаванай злачыннасцю, у першую чаргу з так званымі “злодзеямі ў законе”. Каб адправіць за краты буйных прадстаўнікоў крымінальнага свету, грузінскія праваахоўнікі скарысталіся той акалічнасцю, што сапраўдны “злодзей у законе” не можа публічна адмаўляць свайго статуса. У адрозненне ад іншых постсавецкіх краін, у Грузіі на аснове гэтага факту быў прыняты закон, на падставе якога ўжо адной такой публічнай “заявы” дастаткова, каб злачынец атрымаў тэрмін. Просты прыклад: падазраванага затрымліваюць праваахоўнікі і пытаюцца: “Ты злодзей у законе?”. Калі чуюць станоўчы адказ – чалавека чакае турма.
Паралельна з барацьбой са “злодзейскім светам” адбываецца жорсткае змаганне з карупцыяй. Такі тандэм не мог не даць плёну: цяпер большасць грузінскіх “злодзеяў у законе” або ў турмах, або ў эміграцыі.
Празрыстасць – адзін з асноўных прынцыпаў працы сучаснай грузінскай паліцыі. Каб максімальна яе паказаць, быў уведзены новы фармат для пастарункаў – вялікія вокны дазваляюць любому грамадзяніну ўбачыць, чым займаюцца паліцэйскія на сваіх працоўных месцах.
Падчас рэформы адбылася ментальная рэвалюцыя ў свядомасці як насельніцтва Грузіі, так і прадстаўнікоў праваахоўных структураў. Цяпер ужо ніхто і не надумае даваць хабар паліцэйскаму.
Наступны крок – дэпалітызацыя МУС: праца паліцыі ніяк не павінная залежаць ад тых, хто прыходзіць да ўлады. Паліцыя заўжды мусіць якасна выконваць свае функцыі і абавязкі.
Згодна са статыстыкай, у Грузіі пасля рэфармавання вельмі моцна знізілася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх крымінальных злачынстваў, а раскрывальнасць крадзяжоў цяпер складае каля 65%. Разам з гэтым адзначаецца рост колькасці выпадкаў, звязаных з гвалтам у сям’і, але ён абумоўлены не тым, што раптоўна гэтая з’ява стала распаўсюджвацца па краіне, а тым, што паліцыя навучылася рэагаваць на праблемы грамадзян. Калі паступае такі выклік, на яго выязджаюць мужчына і жанчына, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку і могуць даць здарэнню прававую ацэнку.
Ізалятары, камеры часовага ўтрымання і іншыя пенітэнцыярныя ўстановы адпавядаюць еўрапейскім стандартам. Некаторыя з паліцэйскіх пастарункаў былі адкрытыя ў дамах, якія нелегальна належалі “злодзеям у законе” і былі канфіскаваныя ў іх згодна з пастановай суда. Што цікава: за 2015 год упершыню не паступіла ніводнай скаргі ад затрыманых на ўмовы абыходжання пры затрыманні – ні на фізічны, ні на маральны ціск.
У межах рэформы адбыўся зрух і ў галіне праваабарончай дзейнасці: з нядаўняга часу амбудсмэн у Грузіі і яго калегі (каля 140 чалавек), якія працуюць на ўсёй тэрыторыі краіны, атрымалі дазвол на доступ да матэрыялаў спраў затрыманых. Акрамя гэтага амбудсмэн або яго прадстаўнікі маюць права бесперашкодна наведаць любы паліцэйскі аб’ект і павінныя быць прынятыя ў любы час.
Паліцыя актыўна прыцягвае да сваёй дзейнасці грамадскія і праваабарончыя арганізацыі. Штогод служба амбудсмэна пасля праверкі дзейнасці МУС выносіць сваё заключэнне і фармуе шэраг каментароў і заўвагаў, якія павінныя быць выпраўленыя цягам наступнага года. Часам, калі гэтыя заўвагі з тых ці іншых прычынаў аказваюцца невыканальнымі, паліцыя прыцягвае незалежных экспертаў з боку праваабарончых арганізацый для ацэнкі альбо абмеркавання.
На дадзены момант у склад Міністэрства ўнутраных спраў уваходзяць патрульная паліцыя, крымінальная паліцыя, памежная паліцыя, ахоўная паліцыя, служба па барацьбе з надзвычайнымі сітуацыямі, паліцэйская акадэмія, бюро паліцэйскіх інспектараў, унутраныя войскі – самае вялікае падраздзяленне МУС Грузіі, аддзел па супрацьдзеянні тэрарызму і аддзел канстытуцыйнай бяспекі.
Рэформы праваахоўнай сістэмы Грузіі працягваюцца, але ўжо цяпер бачны іх плён: давер насельніцтва да паліцыі цяпер складае болей за 90%, што ў параўнанні з дарэформенным часам, калі ён складаў 4-5%, выглядае проста неверагодна. “Болей толькі ў царкве!” – жартуюць паліцэйскія.
Лявон Асіповіч
Чытайце таксама артыкул Югасі Каляды “Незадаволеная Грузія: адваротны бок рэформаў”.