Гуканне вясны ў Строчыцах

22.03.2009 Культура

Свята “Гуканне вясны” ладзілася ў Музеі народнай архітэктуры і побыту 22-га сакавіка (ля в. Строчыцы пад Менскам). Культурніцкая акцыя арганізаваны сумесна са Cтудэнцкім этнаграфічным таварыствам.

Пра найноўшую гісторыю  традыцыйных святаў распавядае рэжысёрка  Наталля Ермалінская:

— Прыблізна ад сярэдзіны 80-х гадоў у Інстытуце культуры ды іншых навучальных установах  пачалі рыхтаваць рэжысёраў святаў. Менавіта тады з’явілася тэндэнцыя да аднаўлення традыцыйнай культуры. Што тычыцца мяне, то я ладжу “Гуканне вясны” першы раз.

Нягледзячы на амаль зімовае надвор’е, людзей на пляцоўцы музею сабралося багата. У праграме свята былі абрадавыя песні, карагоды, этнічныя гульні пад дуду ды выступ фальклорных гуртоў.

На “Рамеснай вуліцы” можна было набыць сувеніры на любы густ, ды пракаціцца на сапраўднай брычцы.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі свята былі сябры Студэнцкага этналагічнага таварыства. Пераапранутыя ў аўтэнтычныя строі, яны рабілі святкаванне больш цікавым ды таямнічым. Сябра этналагічнага таварыства Ева:

— Ужо сем год як мы ладзім гэта свята, і яго папулярнасць з кожным годам узрастае. У людзей узнікае цікавасць да сваіх традыцый, да сваёй культуры.

Не адставалі ад аматараў этналогіі і звычайныя наведвальнікі імпрэзы. Студэнтка Юля:

— Я першы раз патрапіла на “Гуканне вясны”. Зараз шкадую, што раней не ездзіла. Музыка, гульні, карагоды – усё гэта стварае добры настрой на некалькі дзён наперад!

Галоўнай часткай святочнай праграмы мусіла стаць распальванне вогнішча на Вербавай гары.  Разам з усімі спяваў і вадзіў карагод вакол вогнішча кіраўнік Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксей Глушко:

— Гэта свята прымеркавана да веснавога раўнадзенства. На раўнадзенства прачынаецца зямля, прылятаюць птушкі, з-пад зямлі выходзяць змеі. Многія прыродныя цыклы звязаны з гэтым часам. У некаторых народаў лічылася, што ў гэтую пару зімовае сонца зыходзіць і саступае месца летняму. У старажытнасці зіма была мужчынскай парой, вясна – наадварот жаночай. Умоўна яна дзеліцца на вясну – дзявочую пару, і лета – жаночую пару. Таму “Гуканне вясны” – гэта дзявочае свята.

Глядзі фота

для www.budzma.org!