Гукаем вясну “500-годнасьці”

“Вясна, вясна, што ты нам прынясла? Гу-у-у-у-у!” Гэткім стараладным заклікам вясны, цеплыні, птахаў нябесных была распачата наступная літаратурна-музычная сустрэча, прысвечаная 500-годнасці кнігадруку, у музеі-сядзібе “Стойлы”, што месціцца ў Пружанскай пушчы. Гэтым разам годную справу першадрукара Францішка Скарыны ўхваляла й сама прырода: Гуканне вясны, зладжанае для вучняў сярэдняй школы нумар тры горада Жабінкі на Брэстчыне, сталася традыцыйнай асновай мастацкай дзеі.

31-га сакавіка і 1-га красавіка ў культурна-адукацыйным цэнтры “Вясковы рэнесанс”, што працуе на базе сядзібы ў вёсцы Стойлы, гасцявалі паэтка Антаніна Хатэнка і музыка Кася Радзівілава.

Два дні запар адбываліся шчырыя гутаркі – пра кнігу, літаратуру, гісторыю, наш Край і нашу мову, пра звычаі і традыцыі, вольна гучалі вершы і песні. Ці не ўпершыню школьнікі ды настаўнікі горада Жабінка, студэнты і выкладчыкі Брэсцкага педуніверсітэту, што прыехалі аздобіць культурніцкі цэнтар фіранкамі-выцінанкамі, чулі старавечную музыку, спаўняную Касяй Радзівілавай на скрыпцы, дудзе і колавай ліры. Шчымліва і велічна, па-лірніцку, прагучаў твор Максіма Багдановіча “Страцім-лебедзь”. І вобраз мужнага, харобрага птаха, загінулага за святло і праўду, добра адцеміў і паглыбіў тэму нашай 500-годнасці, наўсцяж расхінутую, здавалася, у прасторы і часе.

Віктарыны і конкурсы, паэтычнае слова і архаічныя мелодыі кантаў, народныя танцы і гульні, спеўнае Гуканне вясны, майстар-класы па вырабе папяровых і драўляных птушак, як тое спрадвек было заведзена ў Беларусі, з’ядналі ў адну творчую супольнасць падлеткаў з Жабінкі, берасцейскую моладзь, майстроў-разьбяроў рэгіёну, мастакоў і актораў, што наведалі музей-сядзібу дзеля падрыхтоўкі батлейкавага спэктаклю пра выбітнага майстра Міколу Тарасюка, які жыў тут і ствараў драўляныя скульптуры да апошняй сваёй гадзіны.

500-годнасць кнігадруку і Закліканне вясны сталіся добрым, светлым святам: узлётныя птахі і сімвалы айчыннай годнасці луналі нават над старымі яблынямі, пад якімі гасцінныя гаспадары Ларыса і Аляксандр Быцко частавалі дзятву абедам і раздавалі печаных жаваронкаў. Тут жа былі разыграны імправізаваныя інтэлектуальныя “бойкі” за авалоданне падарункамі ад кампаніі “Будзьма” – значкамі, паштоўкамі, плякатамі ды іншымі сувенірамі.

Культурна-адукацыйны цэнтр “Вясковы рэнесанс” ізноў пацвердзіў адданасць Бацькаўшчыне і рупнасць пра яе будучынь праз мастацкае пазнанне мінуласці і паджыўленне традыцый далёкіх продкаў.

 

 

 

 

 

 

 

Тэгі: