Гурт “Балцкі субстрат” завітаў у госці да Язафата

Разам з першымі сняжынкамі гурт “Балцкі субстрат”завітаў у старажытны Полацк, каб даць канцэрт у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Менавіта 16 лістапада грэка-каталіцкая парафія г. Полацка святамучаніка Язафата святкавала ўгодкі Язафата Кунцэвіча – полацкага ўніяцкага архібіскупа і рэктара віленскай Троіцкай царквы.

Выступ гурта адбыўся акурат пасля ўрачыстай імшы ў гонар Язафата наўпрост у будынку царквы св. Параскевы Полацкай. Як і ў часы Вялікага княства Літоўскага, усе службы ў храме праходзяць на беларускай мове. Маленькі драўляны будынак месціцца ў прыватным сектары ў прадмесці Полацка.

Максім Іўкін, лідар гурта “Балцкі Субстрат”, павіншаваў прысутных песнямі на словы беларускіх паэтаў, музыку да якіх напісаў ён сам. Максім – пладавіты кампазітар з Беларусі, які зараз працуе ў Маскоўскім тэатры лялек. Зала горача прымала выступоўцаў.  Госці канцэрта ахвотна  адквазвалі на пытанні віктарыны на прызы кампаніі “Будзьма беларусамі!”:

У якім храме ў Вільні служыў Язафат Кунцэвіч?

У якім горадзе апошнія гады жыцця служыў Язафат Кунцэвіч?

Адкуль пайшла назва возера Медзазол, што знаходзіцца ў Віцебскай вобласці?

Колькі раённых цэнтраў у Віцебскай вобласці?

Прадстаўнікі царквы падарылі музыкам па асобніку кнігі Сяргея Абламейкі “Настальгія” і запрасілі на Калядны канцэрт напрыканцы 2014 года. Пасля канцэрту выступоўцаў і гасцей чакаў сапраўдны полацкі пачастунак: знакаміты бігас і духмяная гарбата.

 

 

Тэгі: