На іх канцэрты прыходзяць абсалютна розныя слухачы — і брутальныя металісты, і рамантычныя дзяўчаты, і патрабавальныя музычныя снобы. Падчас прэзентацыі новага альбома «Лекавыя травы» гурт з лёгкасцю сабраў аншлаг у адным з найбуйнейшых клубаў сталіцы. Яны выступаюць на прэстыжных еўрапейскіх плацоўках, але не грэбуюць невялікімі беларускім гарадамі, дзе часам прадстаўляюць больш лёгкую, акустычную версію гучання каманды. Ды і ў цэлым сёння складана ўявіць беларускую рок-сцэну без гурта Re1іkt! Колькі гадоў таму хлопцы літаральна ўварваліся ў свет айчыннай музыкі і, думаецца, надоўга застануцца ў топе. Пра тое, чым сёння жыве адзін з самых запатрабаваных айчынных рок-гуртоў, якія сюрпрызы рыхтуе для слухачоў і чаму так важна камунікацыю з публікай не абмяжоўваць толькі канцэртамі — наша гутарка з лідарам і барабаншчыкам Re1іkt Аляксандрам Дземідзенкам і гітарыстам гурта Віталём Макшуном.
Аляксандр: — Зараз рыхтуем новы альбом, вырашылі, што марудзіць і рабіць вялікія перапынкі паміж дыскамі ўжо нецікава. Хочацца запісваць больш матэрыялу, рабіць нешта новае. Ідэй хапае ўжо і на два альбомы наперад.
— А якія яны будуць? Падобныя на «Лекавыя травы» ці папярэдні — «Рэкі прабілі лёд»?
Аляксандр: — Канешне, не падобныя. Навошта людзям адно і тое ж прапаноўваць. Тым больш, што мы самі, пакуль ёсць імпэт і жаданне, хочам рабіць розную музыку, шукаць новыя гукі, новыя спосабы іх утварэння.
— Чым натхняецеся ў гэтых пошуках? Зразумела, што ў вашых песнях гучаць фальклорныя матывы. Але ж тут не толькі фальклор…
Аляксандр: — Гэта комплексна, яно збіраецца па жыцці. Ты бачыш цікавыя музычныя рэчы, проста слухаючы розныя запісы. Вандруючы па Беларусі, можаш захапіцца краявідам, людзьмі, з якімі сустракаешся і гутарыш, бачыш іх твары, эмоцыі. Натхняюць падарожжы, а яшчэ — вывучэнне тэорыі музыкі, калі гэта робіш не па прымусе, а па ўласным жаданні, з унутранай цікавасцю адкрываеш новыя шляхі для таго, каб зрабіць музыку добрай.
Віталь: — Складана сказаць дакладна, чым я натхняюся. Мы шмат рэпетуем, ёсць час, каб спрабаваць усё што заўгодна, сумесная праца таксама натхняе.
— Вы сябруеце паміж сабой у гурце?
Аляксандр: — Калі б мы былі проста калегамі, нам было б, напэўна, нецікава і некамфортна ў асабістых стасунках. Сяброўства ў музыцы, сугучча ў густах — самы дарагі капітал, што ёсць у гурта. У нас няма творчых спрэчак, заўсёды ўсё робіцца так, як усім падабаецца. Калі ўзнікаюць пытанні, то неістотныя, іх і спрэчкамі назваць нельга.
— Няма строгага дыктату з боку лідара?
Аляксандр: — Ёсць дыктатура добрай музыкі (смяецца)… Ніколі не дапусцім халтуры, калі нешта недакладна прадуманае, стараемся зрабіць добра, не лянуемся. Калі запісвалі «Лекавыя травы», маглі аб 11-й раніцы пачаць запіс і толькі а 3-й ночы пайсці спаць, перапынкі былі толькі на каву і ежу.
— Сёння часам можна пачуць меркаванне, што музыка, якую запісваюць новыя гурты, аднолькавая. Многія наўмысна ці выпадкова капіруюць ужо вядомыя рэчы. Паўтараюць самі сябе. Вам хочацца зрабіць музыку адметнай, каб яна вылучалася на беларускай сцэне?
Аляксандр: — Хочам і робім. Мы прыслухоўваемся да водгукаў, якія атрымліваем ад слухачоў, гэта могуць быць і дарослыя, дасведчаныя музыкі, і проста гараджане, якім нецікава разбірацца ў стылях. Імкнуліся рабіць арыгінальную музыку, і ў прынцыпе водгукі паказваюць, што вынік адпавядае гэтаму імкненню.
— Ваша музыка за час творчасці досыць моцна змянілася. Раней песні Re1іkt мне падаваліся надта флегматычнымі, наўмысна зацягнутымі. Цяпер жа яны сталі больш разнастайнымі па форме, больш жывымі…
Віталь: — Хочацца паспрабаваць іграць па-рознаму. У свой час мы хацелі запісаць такі альбом, як «Рэкі прабілі лёд», навошта рабіць яшчэ адзін падобны?
Аляксандр: — Трэба заўсёды рухацца далей, не спыняцца. «Рэкі…» мы наўмысна рабілі па асаблівай формуле: каб у песні ніводны кавалачак не паўтараўся. Там кожны наступны куплет ці прыпеў адрозніваецца ад папярэдняга. Гэты альбом даволі добра быў адзначаны крытыкамі і слухачамі па-за Беларуссю, у Еўропе дыску ставілі высокія адзнакі. Але ў нашай краіне яго знайшлі, хутчэй, нудным. Нічога страшнага. Гэта нармальна. Але мне здаецца, што мінорны лад захаваўся і ў «Лекавых травах», адзінае, што песні сталі больш рытмічныя, мы перасталі ламаць памеры, змяняць тэмп.
— У гурта досыць многа ўсялякіх узнагарод — як адзнак прафесіяналаў, так і слухачоў, музычных журналістаў. Яны для вас важныя?
Аляксандр: — Дзіўна, але мы ніколі не атрымлівалі адзнакі за лепшы дэбют. Адразу былі названыя «Гуртом года», атрымалі прыз за найлепшы «Альбом года».
Віталь: — Канешне, узнагароды для нас важныя, прыемна, калі адзначаюць тваю працу. Але гэта не самае галоўнае.
— Што ж тады галоўнае?
Віталь: — Людзі, якія прыходзяць на канцэрты, слухаюць нас, падыходзяць пасля выступленняў; для нас важна, калі можа адбыцца невялікая размова.
— А вось некаторых музыкантаў стасункі з публікай, наадварот, вельмі стамляюць, і яны аддаляюцца ад яе пасля выступленняў. Вы спецыяльна да прыхільнікаў выходзіце? На прэзентацыі «Лекавых траваў» нават арганізавалі фотазону, дзе слухачы маглі сфатаграфавацца з гуртом.
Віталь: — Гэта таксама частка музычнага шоу. Канцэрт не павінен абмяжоўвацца толькі выступленнем.
Аляксандр: — Фотазона — нармальная практыка ў іншых краінах. Нават на немузычных імпрэзах ёсць спецыяльныя месцы, дзе можна сфатаграфавацца на памяць. Для нас зладзіць такое месца было нескладана, затое так мы далі слухачам магчымасць захаваць новыя кавалачкі ўспамінаў з нашага канцэрта. Калі гурт развіваецца, ідзе далей, то ён прадстаўляе не толькі музыку. Гэта ўжо пэўная міфалогія, якую стварае каманда.
— Над чым працуеце зараз?
Аляксандр: — Над сабой, а ў планах — зрабіць нашую музыку яшчэ лепшай, канцэрты — больш захапляльнымі. Наша мэта рабіць так, каб творчасць Re1іkt аб’ядноўвала людзей розных музычных густаў. Рыхтуем на восень новы альбом, які будзе складацца з розных запісаў з 2013 па 2016 год, якія не ўвайшлі ў іншыя дыскі.