Фолк-гурт Vuraj распачынае працу над чацвёртым альбомам пад назвай «Lito», у аснову якога пакладзеныя старажытныя песні беларускага Палесся. Музыкі запусцілі краўдфандынг на платформе Ulej.by.
«Што спяваеце?» – «Літо!»
Вось так проста – адным словам «літо» – на Палессі называюць цыкл абрадавых песень, у якіх знайшлі адбітак звычаі, павер’і і ўяўленні нашага народа.
«Літо» – гэта беражліва сабраныя, вывучаныя, пераасэнсаваныя і літаральна наноў створаныя каляндарна-абрадавыя песні беларускага Палесся.
Сяргей Доўгушаў і Vuraj на працягу чатырох гадоў шукалі іх у экспедыцыях, знаходзілі і надавалі кожнай сваё адметнае «вурайскае» гучанне.
У новым альбоме будзе падкрэслівацца ўнікальнасць кожнага рэгіёна Палесся – аўтэнтычныя мелодыі і музычны строй, адметнасці мікрамоў і дыялектаў, – усё гэта будзе захоўвацца, каб перадаць магію абрадавых песень, таямніцу старажытных рытуалаў і моц сувязі з продкамі.
Падчас запісу будуць выкарыстоўвацца колавая ліра, беларускія народныя духавыя інструменты.
Запіс, звядзенне і мастэрынг плануюцца на студыі TRStudio у Варшаве.
Перадзамовіць дыск з унікальнымі песнямі можна наўпрост зараз, падтрымаўшы праект на краўдфандынгавай платформе Ulej.by.
А для тых, хто асабліва паспрыяе запісу і выданню дыска, музыкі падрыхтавалі крутыя падарункі: запрашальнікі на канцэрт, майстар-клас па народных спевах, карпаратыўны канцэрт, напісанне музыкі і ўдзел у сапраўднай этнаграфічнай экспедыцыі!
Некаторыя песні з новага альбома прагучаць на канцэрце 17 красавіка, дзе Vuraj зайграюе разам з польскім этна-джазавым гуртом T/Aboret.
Мінскі фолк-гурт, які спалучае лірыку і мелодыі народных песень з элементамі розных музычных стыляў. Вандруючы па Беларусі, музыкі збіраюць аўтэнтычныя спевы, якія пераасэнсоўваюць і надаюць ім сучаснае гучанне.
Узнагароды:
Пераможцы прэміі «Героі Году 2016» ад Tuzinfm.by за ўнёсак у беларускую музыку;
лепшы фолк-альбом 2014 па версіі experty.by.
Рэлізы: «Вурай» (2010), «Песні, казачкі ды танцы» (2011), «Rajok» (2014) и «Шэсць загадак» (EP, 2015).
Сінглы: «Святы вечар» – 2016; «Ой, лятала» – 2016
Людзі сыходзяць, разам з імі сыходзяць і песні. Давайце разам захаваем галасы продкаў і дамо старажытным спевам новае жыцце! Падтрымайце палескі альбом Vuraj на Ulej.by. Краўдфандынг будзе доўжыцца да 8 чэрвеня.