• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
30.06.2017 | Гісторыя

Гусіцкая карона для князя Вiтаўта

29 чэрвеня 1424 года ўнук вялікага князя Альгерда Жыгімонт Карыбутавіч увайшоў у Прагу, жадаючы стаць каралём Чэхіі. Увайшоў ужо другі раз, прычым гэтым разам яго родны дзядзька Ягайла і стрыечны Вітаўт ніякай падтрымкі пляменніку не аказалі. Сёння будзем распавядаць пра гусіцкую шматхадоўку Вітаўта, як яна атрымалася і да чаго прывяла.

Image result for Вітаўт

Пачаць варта з Грунвальдскай бітвы. Бліскучая перамога, разгром тэўтонцаў, “ордэн больш ніколі не ачуняў” — гэта лірыка. А фізіка ў тым, што істотнай змены міжнароднага становішча ВКЛ адна з найвялікшых бітваў Сярэднявечча, у прынцыпе, не прынесла. Хаўруснікі — Княства і Польшча — не здолелі ні дабіць крыжакоў, ні напалохаць іх настолькі, каб навязаць па-сапраўднаму выгадны мірны дагавор. Мiр у Торуні аддаваў Жамойцію Вітаўту, але толькі да смерці яго і Ягайлы. Ордэн выплачваў кантрыбуцыю, але i гэта не было сведчаннем радыкальнай змены міжнароднага становішча. Словам, выйграўшы бітву, саюзнікі не змаглі паўнавартасна выйграць вайну.

Тое, што ВКЛ у Еўропе па-ранейшаму не разглядалі як сілу, з якой варта лічыцца ўсім, яшчэ раз пацвердзілася праз некалькі гадоў, у 1420 годзе, ва Уроцлаве. За год да гэтага Ягайла і Вітаўт зноў вырашылі паспрабаваць шчасця ў баі з Ордэнам, гэтым разам вырашыўшы крыжацкае пытанне канчаткова. Быў заключаны саюз з каралём Даніі Эрыкам, сабраныя войскі і складзены вельмі амбіцыйны план. Ордэн пасля яго непазбежнага (як думалі Вітаўт з Ягайлам) разгрому планавалася адправіць займацца богаўгоднымі справамі аж на Кіпр, а багатыя ордэнскія землі падзяліць. І тут умяшаўся германскі імператар. Жыгімонт Люксембургскі, якi займаў тады трон Святой Рымскай імперыі, і нагадаў стрыечным братам, што менавіта ён у 1412 годзе гарантаваў Торуньскі мір, і не варта так мала шанаваць яго працу. 6 студзеня ва Уроцлаве, дзе сабраўся імперскі сойм, быў вынесены вердыкт — абсалютна не на карысць ВКЛ і Польшчы. За яго аснову былі ўзятыя торуньская ўмовы, але тэрыторыя Жамойці і Занёмання, якая належала ВКЛ, яшчэ і памяншалася. Гэта была аплявуха, якую давялося стрываць.

Затое яна пераканала Вітаўта, што сядзець і чакаць, пакуль Еўропа прызнае яго за роўнага і аддасць Жамойцію, бескарысна. І герой Грунвальда пачаў сваю дыпламатычную гульню ў самым цэнтры Еўропы, у месцах, далёкіх ад Вільні.

Яшчэ ў 1415 годзе Канстанцкі сабор асудзіў і спаліў як ерэтыка чэшскага багаслова, магістра Яна Гуса, які заклікаў да рэфармавання каталіцкай царквы. Канстанцкае вогнішча сталася іскрай, з якой разгарэлася полымя па ўсёй Чэхіі. Нянавісць да немцаў, якая тлела дзесяцігоддзямі, раптам выбухнула — па ўсёй краіне пачаўcя гусiцкi рух. Пачаўшыся як чыста рэлігійны, ён неўзабаве ператварыўся ў рух за выгнанне немцаў, за ўсё чэшскае — царкву, дзяржаву і караля. А каралём Чэхіі якраз імкнуўся стаць ужо знаёмы нам Жыгімонт Люксембургскі. Менавіта ён “здаў” Яна Гуса на расправу, і чэхі і слухаць не хацелі пра такога манарха. Для прагматычнага Вітаўта гэта быў шанец пабольшыць сваю еўрапейскую значнасць. Жыгімонту як ніколі патрэбная была падтрымка ў яго пачынаннях (тым больш што гусіты ўжо стварылі ўласныя вайсковыя сілы, і хутка выбіць іх з Прагі і навесці парадак было складана). І 11 сакавіка 1420 года вялікі князь літоўскі піша імператару, патрабуючы адклікаць уроцлаўске пагадненне, у адваротным выпадку пагражае спыніць сяброўства з Люксембургскім. Фармальнай нагодай была адсутнасць пячаткі Вітаўта пад дакументам. Ужо 10 мая таго ж года былі атрыманыя першыя вынікі — Жыгімонт пагадзіўся перагледзець межы Жамойціі на карысць ВКЛ. Прыкладна ў гэты ж час князь пачаў прамыя сустрэчы з кіраўніцтвам Тэўтонскага ордэна, ужо без санкцыі і ўдзелу Ягайлы. Разам з тым, у 1421 годзе Вітаўт заключыў саюз ужо з Брандэнбургам і Польшчай супраць тэўтонцаў.

А Чэхія тым часам давала Вітаўту новыя магчымасці. Спехам распрацаваная гусітамі тактыка аказалася настолькі паспяховай, што Жыгімонт, які летам 1420 года дайшоў да Прагі, быў разбіты чэхамі, а восенню пацярпеў яшчэ адно паражэнне. Разумеючы, што без саюзнікаў не пратрымацца, самыя багатыя колы гусітаў (так званыя чашнікі) прапанавалі чэшскую карону Вітаўту або Ягайлу — хто возьме, абы не немец. Ягайла адмовіўся амаль адразу — прыняцце наклікала б на караля гнеў папы і ўсіх каталіцкіх уладароў, — а Вітаўт аказаўся больш гнуткім палітыкам. Карону князь, зразумела, не прыняў — яму патрэбная была іншая карона, уласнай дзяржавы. Але і супрацоўніцтва з чэхамі не адкінуў. Адправіўшы ў 1421 годзе пасла да гусітаў, ён выказаў жаданне адправіць да іх свайго як бы намесніка, які і прыняў бы стырно праўлення краінай. Так на сцэне з’явіўся Жыгімонт Карыбутавіч. Сын Карыбута, аднаго з не самых прыкметных сыноў Альгерда, нядрэнны, здаецца, воін, але дагэтуль вядомы толькі магчымым удзелам у Грунвальдскай бітве і даверам, які аказваў яму Ягайла. А цяпер князь, якому не было і трыццаці, рабіўся як бы чэшскім каралём.

Праўда, афіцыйна манархам быў абраны Вітаўт, але ён не прыняў “чатырох пунктаў” — гусіцкіх рэлігійных догмаў. Сапраўдным жа гусіцкім каралём мог стаць толькі той, які прысягне на “чатырох пунктах”, — і Жыгімонт, які прыбыў у Прагу з пяццю тысячамі войска, ахвотна зрабіў гэта. Чэшскі сойм прызнаў яго намеснікам Вітаўта, і ў красавіку 1422 года ён абвясціў вайну самому Жыгімонту Люксембургскаму. Камбінацыя Вітаўта працавала.

Цяпер, калі Люксембург быў заняты цэнтральнаеўрапейскімі справамі, можна было яшчэ раз разабрацца з Ордэнам. Войска ВКЛ пачало збор яшчэ да таго, як Карыбутавіч падрыхтаваўся ваяваць з імператарам. 14 чэрвеня 1422 года вайна крыжакам была абвешчаная. Жыгімонт спрабаваў дапамагчы “сваім” на сейме ў Нюрнбергу, пераконваючы нямецкіх князёў аказаць падтрымку. Але інтарэсы князёў зусім не пераконвалі іх класці галовы, грошы і салдат, ваюючы за тэўтонцаў, так што ўся падтрымка абмежавалася спачуваннямі. Рыцары схаваліся па замках, войскі Польшчы і ВКЛ рабавалі акругу, перайсці ў наступ у тэўтонцаў, якія не мелі падтрымкі, сіл ужо не было. Давялося, насуперак жаданню, заключаць Мельнiнскi мiр. Жамойць была аддадзеная Вітаўту — гэтым разам назаўжды. Палякі атрымалі Няшаўскую зямлю, заходнія межы ВКЛ былі нарэшце замацаваныя — Люксембургскi гэта пакуль не прызнаў.

У самой жа Чэхіі сітуацыя складвалася наступная. Гусіты на чале з Янам Жыжкам раз за разам білі крыжакоў, і гэта ўзмацняла пазіцыі іх радыкальнага крыла — табарытаў, якія і падтрымлівалі Жыжку больш за ўсіх. А Карыбутавіч табарытам быў патрэбны, так бы мовіць, як пятае кола ў возе. Падчас адной з ваенных кампаній Карыбутавіча табарыты нават паднялі ў Празе мяцеж, але той праваліўся. З чэшскімі каталікамі гусіцкі “недакароль” таксама не мог знайсці агульнай мовы, а чашнікаў не задавальнялі яго спробы памірыць усе сілы (такіх наогул мала хто любіць). Таму пазіцыі самога Жыгімонта, які марыў пра ўласнае каралеўства, былі катэгарычна слабымі.
Сваіх мэтаў Вітаўт цалкам дамогся, яго пачалі ўспрымаць як значную сілу ў Еўропе. Але для такога гаспадара было ўжо не ў парадку рэчаў падтрымліваць ерэтыкоў — тым больш што катэгарычнае патрабаванне спыніць з імі адносіны даслаў ужо сам папа Марцін V, які пагражаў ў іншым выпадку сабраць супраць ВКЛ крыжовы паход. І 30 сакавіка Вітаўт заключыў Кезмаркское пагадненне з прадстаўнікамі Польшчы і Святой Рымскай імперыі. Заходнія межы ВКЛ былі прызнаныя ўжо самім Жыгімонтам Люксембургскім, сам Вітаўт адмовіўся ад чэшскай кароны (на якую ў рэальнасці наогул не прэтэндаваў) і адклікаў Карыбутавіча з Чэхіі.

ВКЛ выйграла, Вітаўт выйграў, прайграў толькі няшчасны Жыгімонт Карыбутавічам, якога выкарысталі і выкінулі. Гульня з гусітамі стала для Вітаўта рызыкоўнай, але ў выніку абсалютна паспяховай: нічога не страціўшы, ён прыдбаў тое, што не змог атрымаць пад Грунвальдам. Чашнікаў, якія прыбылі да князя ў красавіку 1424 года, Вітаўт груба выставіў, заявіўшы, што з ерэтыкамі не размаўляе.

А Карыбутавіч? Ён не змірыўся. І пачаў змагацца за чэшскі трон ужо самастойна. Заехаў у Прагу 29 чэрвеня 1424 года, абвясціў сябе каралём, зноў паспрабаваў аб’яднаць усе гусіцкія плыні (табарытаў, чашнікаў і Сiротак — так называлася частка табарытаў, якія пасля смерці Яна Жыжкі абвясцілі сябе яго “асірацелымi дзецьмі”), не атрымаў поспеху. Пачаў таемную перапіску аб магчымым перамір’і з Жыгімонтам Люксембургскім, яго выкрылі, пасадзілі ў замак. Выпусцілі, выправадзілі з краіны — у канцы 20-х гадоў ён спрабаваў стварыць уласнае каралеўства ўжо не ў Чэхіі, а ў Сілезіі. Не атрымалася і тут. Загінуў бедны сваяк князя Вітаўта ўжо пасля смерці абодвух сваіх дзядзькаў — падчас грамадзянскай вайны ў ВКЛ, у 1435 годзе, так і не атрымаўшы сваёй дзяржавы.

Дзяніс Буркоўскі

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

Фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды» ў Мінску

У пятніцу, 2 чэрвеня, музей Якуба Коласа ладзіць Фэст дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды». Праграма: ...

valiancina_shauchenka
Асоба

Мелказёраў: я не баюся быць тупаком

Мікіта Мелказёраў жыве ў Варшаве, а ягоныя думкі па-ранейшаму — у беларускай стужцы навінаў. П’е эспрэса памерам...

valiancina_shauchenka
Краіна

Найвышэйшы над Беларуссю помнік ўсталявалі ў Наваградку

Скульптуру сімвала старадаўняга мястэчка, Міхала Арханёла, усталявалі ў двары колішняга дамініканскага кляштара ля касцёла...

valiancina_shauchenka
Культура

Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына

Дасяжныя для спампавання новыя стыкеры, створаныя мастачкай Вольгай Бабурынай, больш вядомай у творчым асяродку як Palunisа. ...

Апошнія навіны

    Літаратура
    Фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды» ў Мінску
    Асоба
    Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    Краіна
    Найвышэйшы над Беларуссю помнік ўсталявалі ў Наваградку
    Культура
    Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына
    Грамадства
    Стала вядома, як будзе выглядаць надмагільны помнік Змітраку Бядулю на Усходніх могілках
    Грамадства
    «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    Грамадства Музыка
    «Краіна Ценю (Прывітанне)». Гурт «Маці Ветру» выпусціў новы трэк
    Грамадства
    Незададзеныя пытанні з непрыемнымі адказамі
    Літаратура Асоба
    «Чырвоная ўтопія» Святланы Алексіевіч — энцыклапедыя гвалту, у якой не пастаўлена кропка
    Культура
    Дзесьці ля анлайн-вытокаў. Гайд па віртуальнай музейнай прасторы Беларусі
    Музыка Забавы
    Тэст: Пазнай выканаўцу па радках з трэка
    Культура
    Успамiнаць Менск тут будзе не балюча. У Вільні пакажуць мультымедыйную фотавыставу для тых і пра тых, хто не можа вярнуцца ў родны горад
    Культура Музыка
    Беларускія песні ды танцы, майстар-класы ды купальскае вогнішча. Абвешчана праграма Фэстывалю Беларускай Традыцыі SONCAHRAJ
    Літаратура
    Першая кніга прозы аб пратэстах Беларусі — «Ператрус у музеі» Альгерда Бахарэвіча
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя за 5 хвілін
    Тэстамент Гедыміна: памылка ці поспех вялікага князя? Адказваем у «Гісторыі за 5 хвілін»

Афіша

  • 01.06 — 02.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: «Ich heiße Frau Troffea»: спектакль-перформанс Сяргея Шабохіна ў Варшаве

  • 01.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 01.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 01.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 01.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 01.06 — 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску
  • 01.06 — 08.06 Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Nothing Left» у Познані
  • 01.06 — 10.06«Past Garden». Выстава Рамана Камінскага ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand
    • Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы
    • Гайд па беларускім Кракаве: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
    • Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    • Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у раскопках Старога Менска
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип