17 лістапада на запрашэнне суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны на Полаччыне адбыліся творчыя сустрэчы, прысвечаныя 100-годдзю лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1980 года, паэта і перакладчыка Чэслава Мілаша. Сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Адзін з арганізатараў праекту «Чэслаў Мілаш у Беларусі», вядомы беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч выступіў перад досыць разнароднымі аўдыторыямі. Першая сустрэча адбылася перад навучэнцамі гімназіі №2 Полацка, другая – перад аматарамі беларускай культуры ў бібліятэцы імя Я. Коласа ў Наваполацку.
Перад уважлівымі слухачамі разгарнуліся поўныя трагізму старонкі доўгага жыцця аднаго з апошніх духоўных грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага, які праз увесь свой амаль векавы бег, бег ад бальшавіцкай навалы, ад польскага вялікадзяржаўнага шавінізму, людажэрнага гітлерызму, савецкага таталітарызму пранёс уражлівую і адкрытую душу, поўную спачування, цярпімасці і талерантнасці да іншых людзей, народаў, культураў, пранёс амаль нерэальны ў такіх умовах жыццёвы аптымізм.
У сваёй «роднай» Усходняй Еўропе Чэслаў Мілаш столькі разоў бачыў, як надыходзіць “канец свету”, што яму не трэба было быць прарокам, каб зразумець, што канец свету – гэта не звон анёльскіх трубаў, а вынік чалавечай нянавісці ды абыякавасці.
Падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя беларускага чатырохтомніка Чэслава Мілаша: «Выратаванне», «Даліна Ісы», «Родная Еўропа» і «Зямля Ульра», — у якім Мілаш прадстаўлены ва ўсіх сферах свае дзейнасці — паэзіі, эсэістыцы, прозе і філасофіі, а таксама аўдыёкнігі Чэслава Мілаша «Чалавек шматпавярховы».
Ад Наваполацкага ТБМ і грамадзянскай ініцыятывы «Будзьма беларусамі» найбольш актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі падарункі — кнігі, дыскі, паштоўкі і інш.