Горад Мінск заняў ганаровае месца ў жывапісе і графіцы айчынных мастакоў. Гэта зафіксавалі нават складальнікі некалькіх кніг-альбомаў, прысвечаных гэтай тэме. Але ж як у кожнага сваё ўяўленне аб беларускай сталіцы, свае ўлюбёныя куточкі, так і ў выяўленчым мастацтве ўсім даспадобы свой Мінск, піша Яўгенія Шыцька ў выданні «Звязда».
Хтосьці выбірае дастаткова натуральны, панарамны асенні горад Уладзіміра Лагуна (гаворка пра карціну «Мой Мінск» 1972 года), нехта аддае перавагу адметнаму па форме казачнаму Мінску Зоі Літвінавай (яе палатно" Мой Мінск" таксама створана ў 1972-м), іншыя ж дагэтуль захапляюцца бачаннем сталіцы Мая Данцыга (карціна з той жа назвай «Мой Мінск» напісана крыху раней — у 1967 годзе). Нікога нельга папракнуць у яго выбары — пералічаныя работы не саступаюць адно аднаму ў арыгінальнасці аўтарскай задумы, яркасці і маштабнасці адлюстраванага, у рэшце рэшт, у адчувальнай любові кожнага са стваральнікаў да мясціны, у якой давялося жыць і працаваць. Натуральна, у іх творах рэальнае і выдуманае змяшалася, пераплялося паміж сабой. У якой ступені, у якіх суаадносінах — гаворка асобная.
На гэтую тэму, між іншым, — новая выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі. Яе назва «І ты закрасуеш, наш Мінск старадаўні».
— Дарэчы, ніводнага з вядомых вышэйпералічаных твораў яна не ўключае ў сябе. У цэнтры ўвагі гэтым разам — аблічча горада праз погляд мастакоў пачатку ХХ стагоддзя і да 1968 года. То-бок, ёсць магчымасць прасачыць, якім творцы — галоўным чынам жывапісцы і графікі — бачылі Мінск да Вялікай Айчыннай вайны, у перыяды разбурэння і аднаўлення, а таксама ў часіны, калі ён ачуўся ад трагедыі. Так, сталіцу ў пачатку мінулага стагоддзя, калі яе архітэктурны выгляд мяняўся, выяўлялі, напрыклад, Аркадзь Астаповіч, Мікалай Дучыц, Мікалай Тарасікаў, Міхаіл Філіповіч, Меер Сляпян, а яшчэ Язэп Драздовіч. Пазней спалены горад, руіны сталіцы, якая да вайны толькі-толькі пачынала квітнець, жывапісцы і графікі Аскар Марыкс, Монас Манасзон, Павел Гуткоўскі, Анатоль Тычына ды іншыя адлюстравалі ў многіх творах таго перыяду. Аб пасляваенным часе сучаснікам і нашчадкам падрабязна расказалі такія творцы, як Леў Лейтман, Натан Воранаў, Сяргей Каткоў, Давід Генін, Сямён Герус, Ізраіль Басаў...
Выстаўка атрымалася змястоўнай — усё ж фонды Нацыянальнага мастацкага музея даволі багатыя. Аднак некаторыя работы, што ўвайшлі ў экспазіцыю, дэманструюцца дзякуючы ўдзелу ў праекце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Работы большасці аўтараў — быццам ілюстрацыі да таго ці іншага часу ў жыцці не толькі сталіцы, але і краіны, своеасаблівыя гучныя прамовы аратараў і нешматслоўныя высновы тых, каму ці не было чаго сказаць, ці не было магчымасці выказацца.
Між тым выстаўка добра сведчыць аб тым, наколькі выяўленчае мастацтва суб’ектыўнае. Так, перад гледачом іншы раз паўстаюць звычайныя краявіды, нічым не знамянальныя пейзажы... У іншай экспазіцыі, дзе меней важны кантэкст, у шэрагу другіх выразных твораў глядач, пэўна, прайшоў бы міма... Каштоўнасці, важнасці шэрагу работ надае тое, што, па-першае, яны паказваюць асаблівае месца — Мінск, якога ўжо няма, па-другое, зразумела, істотны перыяд стварэння — складаны час, зразумелы сёння не кожнаму.
Увогуле, эпоха фарміравання адмысловай хронікі, якая паўстае перад гледачом выстаўкі «І ты закрасуеш, наш Мінск старадаўнi», заслугоўвае асобнай увагі. Так, даволі працяглы адрэзак часу панаваў сацыялістычны рэалізм, хоць нават па некаторых работах, што экспануюцца, бачна, як творцы імкнуліся хоць зрэдку адыходзіць ад канонаў, выяўляць свае мастацкія пошукі. Так, творцы заўжды знаходзіліся пад націскам ідэалогіі, крытыка была надзвычай жорсткая, патрабаванні да аўтараў — даволі высокія. І гэта выразна дэманструюць некаторыя работы, дзе відавочныя непатрэбная манументальнасць ці прыхарошванне... Яшчэ адзін несуцяшальны вынік — тэматычнае абядненне, бо некаторыя праблемы ўздымаць было проста немагчыма. Аднак нават у такіх умовах творцы маглі ісці сваім шляхам. Напрыклад, да сённяшняга гледача дайшло шмат работ Льва Лейтмана — надзвычай актыўнага графіка, якога ў свой час абвінавачвалі ў адмаўленні ад прынцыпаў сацрэалізму. І сапраўды, вельмі часта мастак, адлюстроўваючы нават той жа Мінск, выяўляў сябе як тонкі лірык.
Між тым творчасць Льва Лейтмана сціпла прадстаўлена ў экспазіцыі. Значную частку выстаўкі склалі творы іншага графіка — Анатоля Тычыны, які лічыцца летапісцам сталіцы. «Вугал вуліцы Энгельса і Савецкай» (1929), «Мінск. Дзяржаўная бібліятэка імя У. І. Леніна» (1930-я), «Стары Мінск. Вуліца Леніна» (1931), «Мінск. Савецкая вуліца ў 1930-я» (1931), «Мінск. На беразе Свіслачы» (1940-я), «Каля помніка У. І. Леніну» (1945), «У разбураным горадзе» (1945), «Адраджэнне Мінска» (1948), «Парад савецкай арміі» (1948) — да ўвагі гледача прадстаўлены ўнікальныя работы, прысвечаныя і Мінску даваеннаму, і перыяду пасляваеннага аднаўлення горада. У яго творах знаходзіцца месца і параднасці, афіцыяльнасці, і паэтычнасці, праніклівасці. Знайшліся, між іншым, і нечаканыя творы, напрыклад, «Гарадскія матывы. Каля кафэ» (1928), дзе ў рэшце рэшт глядач сустракаецца не толькі з Мінскам, але і з адным з яго жыхароў, а яшчэ «Стары Мінск. Казьма-Дзям’янаўская вуліца» (1930) — жывапісны твор Анатоля Тычыны, якога большасць ведае як графіка.
Так ці інакш, многае ў экспазіцыі можна назваць унікальнымі. Як не здзівіцца знаёмаму краявіду «Від з боку бальнічнага саду на плошчы Свабоды» (1919), ужо не пазнавальнаму пейзажу «Абрывістае ўзвышша Замкавай гары і веславанне на правым беразе Свіслачы» (1920-я) ці нетыповай кампазіцыі «Дом судзілішча Мінскага замка, які ўцалеў ад пажару і разбурэнняў» (1920) Язэпа Драздовіча? Як не спыніцца каля графічнага ліста «Вугал Ленінскай і Інтэрнацыянальнай у 1928 годзе» (1929), каля жывапісных пейзажаў «Двор па вуліцы М. Астроўскага» (1943), «На руінах Мінска» (1944) Мікалая Дучыца? Як не замерці каля мініяцюрных работ «Мінск» (творы 1945 і 1947 гадоў), «Мінск. Камароўка» (1963) Яўгена Красоўскага? Як прайсці міма палотнаў «Мінск. Поўдзень» (1960), «Зялёны Мінск» (1961) ды іншых Ізраіля Басава? Для тых, хто любіць горад і хоча даведацца пра яго яшчэ болей, выстаўка «І ты закрасуеш, наш Мінск старадаўнi» абавязковая для наведвання. Пазнаёміцца з работамі, змешчанымі ў дзвюх залах выставачнага корпуса Нацыянальнага мастацткага музея (вул. Карла Маркса, 24), можна да 6 кастрычніка.
Фота Яўгеніі Шыцька.