Ігар Карней: Пісаў кнігу ў максімальна аўтэнтычных умовах — у кладоўцы без вокнаў

Журналіст Ігар Карней быў у першай групе палітычных вязняў,  вызваленых з‑за кратаў і прымусова дэпартаваных з Беларусі 21 чэрвеня 2025 года. У вялікім інтэрв’ю БАЖ Ігар Карней распавядае пра свой рукапіс, над якім сёння працуе ў бельгійскім Антверпенене, пра кругі беларускага турэмнага пекла.

karniej-1.jpgІгар Карней, Антверпен, Бельгія, 2026 год. Фота з асабістага архіва

Кнігу «Катаванне адзінотай. Як выбіваюць іншадумства» Ігар Карней піша ў Бельгіі, дзе яшчэ два тыдні будзе на рэзідэнцыі ў мясцовым ПЭН-цэнтры (PEN Vlaanderen ці PEN Belgium/Flanders). Зараз твор знаходзіцца на стадыі рэдактуры. Урыўкі пад назвай «Ліст Еве» і «Лабірынты адчаю» ўжо можна пачытаць на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра.

— Тут ёсць такі ПЭН-флэт, у самым цэнтры. Мансардны паверх, дзе ўсялякія гароты і бядоты з праблемных краін могуць спакойна папрацаваць. У мяне тут яшчэ засталося два тыдні на працу. Потым якраз трэба ў міграцыйны офіс на партугальскіх Азорскіх выспах — пачынаць легалізацію, бо ўлетку сканчаецца мая літоўская віза.

Да мяне сюды прыехала жонка, і мы тут яшчэ крыху пападарожнічалі. Былі ў Люксембургу (усе закуткі аблазілі ў гэтай маленькай краіне), потым у Швейцарыі. Знайшлі па акцыі дзённыя квіткі за 55 франкаў ды ехалі цэлы дзень праз усю краіну ад Базеля да Жэневы — праз Альпы, праз усе гарналыжныя курорты. Спыняліся ў знакамітым Мантро — вельмі прыемны гарадок са славутымі музычнымі традыцыямі, дзе праводзіцца знакаміты джаз-фэст, дзе шануюць Фрэдзі Мерк’юры ды дзе быў напісаны «Smoke on the Water» Deep Purple.

Тым больш, паўсюль зараз ёсць беларусы. Не прыйшлося нават па гатэлях спыняцца.

— Калі і дзе выйдзе кніга?

— Выйдзе ў выдавецтве «Полацкія лабірынты». Зараз рэдактарская праца засталася. Я трохі апярэдзіў чаканні, пэўна, напісалася яна вельмі хутка. 

«Гэта пра рэжым сінгл-рум»

— Зараз ужо можна казаць пра цэлую хвалю беларускай турэмнай літаратуры. Не згубіцца ваш твор? Як увогуле нарадзілася ідэя кнігі?

— Шчыра кажучы, калі я выйшаў, было не да кнігі. Вось зараз, гляджу, хлопцы, якія выйшлі другой, трэцяй партыяй, неяк адразу кажуць пра кнігі. Пэўна, ёсць ідэі, і яны пра гэта гавораць — пра рэалізацыю менавіта кніжную. У мяне ж было не так, хаця б таму, што я ніколі ў гэтым не практыкаваўся.

То-бок я даволі актыўны журналіст, але абсалютна пасіўны пісьменнік. Не меў ніколі ніякіх літаратурных амбіцый, не разумеў гэтага ўсяго і не было і нагоды нешта такое рабіць. Хаця, шчыра кажучы, на «Радыё Свабода» практычна ўсе сталі пісьменнікамі з той маёй рэдакцыі, апроч мяне з Віталём Цыганковым.

Неўзабаве пасля выхаду я прыехаў у Польшчу пабачыцца з дочкамі. Натуральна, сустрэліся з калегамі, пасядзелі. І прагучала такое пытанне, ці не хачу зрабіць пэўнае падсумаванне сваёй адсідкі. Тады я ўспрыняў гэта нянадта сур’ёзна: чаму менавіта я? Што ў мяне там такога адметнага? Іншыя людзі выходзяць з такімі ідэямі!

— І што ўсё ж такі натхніла?

— Тым не менш, была настойлівасць з боку Таццяны Нядбай, кіраўніцы беларускага ПЭНа, але не столькі ад цэнтра, колькі ад свайго выдавецтва «Полацкія лабірынты». Прапанавала падумаць. І з’явіўся такі варыянт: акцэнтавацца, звузіцца на катаванні адзінотай. У мяне не самы вялікі тэрмін у параўнанні з іншымі, я адбыў там два гады ўсяго, але тэрмін быў сапраўды вельмі канцэнтраваны і  насычаны.

Насычаны, перадусім, прэсінгам адзіночнага зняволення. У мяне агулам 200 сутак штрафных ізалятараў, памяшканняў камернага тыпу. З іх амаль паўгода ў рэжыме, як я называю, сінгл-рум.
 

karniej-2.jpg
Ігар Карней адразу пасля вызвалення, Фота з яго старонкі ў Facebook

Вось гэты сінгл-рум мне даўся ў знакі яшчэ як. У прынцыпе, калі чалавека заперці ў звычайнай кватэры аднаго на пару дзён без права выхаду — будзе даволі нявесела, нават з поўнай лядоўняй, тэлевізарам і інтэрнэтам. А іншая зусім справа, калі месяц за месяцам, у абсалютнай невядомасці наконт тэрміну гэтага выпрабавання, ты сядзіш у шклоўскай калоніі ў памяшканні на сем квадратных метраў. Потым на восем квадратаў — у мяне нават загаловак ёсць пра бонус-метр. Сядзіш і вар’яцееш. У літаральным сэнсе — я бачыў людзей, якія проста з’язджалі з катушак. Гэта даволі цяжкае выпрабаванне.

«Для беларусаў ужо любыя пакуты і катаванні ўспрымаюцца як нешта шараговае»

— Кніга для каго?

— Магчыма, гэта кніга будзе выдадзеная потым на іншых мовах, акрамя беларускай.

Таццяна Нядбай і мой рэдактар мяркуюць, што гэта можа быць карысна для разумення нашай сітуацыі менавіта публікай, якая жыве не ў Беларусі. Бо для беларусаў, на жаль, гэта стала руцінай, якая ўжо нікога не здзіўляе. Любыя пакуты і катаванні ўспрымаюцца ўжо як шараговае. Гэта тычыцца фактычна кожнай сям’і. Хутка будзе так, што ў кожнага ці сваяк, ці блізкі сябар, ці прыяцель, ці знаёмы быў ці ёсць там. Ці прысеў, ці вымушана з’ехаў, ці на якой «хатняй хіміі». 

Але, нават не кажучы пра далёкае замежжа, тым жа літоўцам, ці палякам, ці нават украінцам мала вядома пра тое, што літаральна ў іх пад носам, у крокавай дасяжнасці існуюць канцлагерныя ўмовы, дзе чалавека прэсуюць толькі за іншадумства, за каментары ці проста за лайкі, за нязгоду з палітыкай дзяржавы.

А рэальныя турэмныя тэрміны ўсё растуць і растуць. Тое, што раней было на ўзроўні адміністрацыйнага пакарання на 5–7‑10 сутак арышту, зараз вымяраецца такімі ж лічбамі, але толькі ў гадах, а не сутках. Са мной сядзелі людзі, якія атрымалі па два гады за адзін лайк. І ўсе з прафілактычным ўлікам № 10 — «палітычныя», якія ідуць мэтанакіравана пад прэсінг.
 

karniej-3.jpgІгар Карней пасля вызвалення трымае ўласны здымак двухгадовай даўніны. Фота: БАЖ

З першага дня ў калоніі ты атрымліваеш «парушэнні-парушэнні-парушэнні». Урэшце па сукупнасці іх ты трапляеш ў ШІЗА (штрафны ізалятар. — Рэд.), а там таксама «парушэнні». Потым ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — Рэд.). Яно крыху лепшае, але азначае, што цябе рыхтуюць да пераводу на больш жорсткі турэмны рэжым ці будзе заводзіцца ўніверсальны артыкул 411 нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі.

Такая ўстаноўка там — прэсаваць, дзяўбсці, каб чалавек не толькі фізічна страціў свае кандыцыі, але і псіхічна таксама быў на мяжы вар’яцтва. Калонія № 17 пад Шкловам, напэўна, найгоршае месца, для «палітычных».

Ды і потым у іншых месцах ты трапляеш бясконца ў ШІЗА, ПКТ. Я апісваю гэта, каб паказаць людзям, што творыцца ў гэтай абмежаванай прасторы, як выжываць, асабліва, калі ШІЗА — і ты проста цэлы божы дзень топчашся і не можаш нічым сябе заняць. Думак там шмат, канешне, але ў асноўным толькі пра тое, як сагрэцца ў гэты татальны холад, асабліва ў міжсезонне.

У такіх умовах у тваёй галаве вымалёўваюцца толькі катастрафічныя, апакаліптычныя карціны.

Холад і голад

Арганізм пачынае есці сам сябе ў стане пастаяннага холаду і вельмі абмежаванай ежы. Я ў гэтай катавальні страціў 25 кілаграмаў вагі. Раз на тыдзень водзяць у душ, глядзіш на сябе — рэбры тырчаць, выгляд амаль канцлагерны, клубы сінія да чарнаты, бо ляжыш на дошках. Дарэчы, вагу я аднавіў, а вось гэтыя чорныя пролежні яшчэ са мной дагэтуль.

karniej-4.jpgІгар Карней адразу пасля вызвалення, 21 чэрвеня 2025 года. Фота «Радыё Свабода»

У ПКТ ратуешся кнігамі, даюць тры кнігі на тыдзень. І ў самы холад я чытаў Мітчэла Зукафа «Замёрзлыя: пяць месяцаў у снягах Грэнландыі». Вельмі па тэме, скажу, вельмі. Там пра лётчыкаў гуманітарных канвояў, якія пацярпелі катастрофу ў Грэнландыі падчас Другой сусветнай. І пра выжыванне ва ўмовах вечнай мерзлаты. Якраз там медычныя высновы прыводзяцца наконт таго, як арганізм можа выжыць на мінімальных рэсурсах, але пры тым з’ядае сам сябе.

— Якай структура ў гэтай кнігі, гэта дзённік у лістах ці мемуары?

— Кніга будзе на 300 старонак, яна складаецца з чатырох раздзелаў, якія я суадносна са зместам назваў этапамі.

Першы этап — «Ізаляцыя»

Ён пачынаецца з ліста да малодшай дачкі Евы.

Адзінота, безвыходнасць і няпэўнасць — ты не ведаеш, калі гэта ўсё скончыцца, табе ўсё працягваюць і працягваюць гэтыя суткі. Паступова ты становішся небаяздольным элементам, разумееш, што ні на што ты ўплываць не можаш, што ад цябе ў гэтым месцы не залежыць нічога. Тым больш, ведаючы, што ў гэтым месцы скончылася жыццё Вітольда Ашурка. Ты разумееш: а чым ты лепшы? Ты такі ж самы, з касцей і мяса. Адчай.

Цікава, што ў гэтай шклоўскай калоніі пачынаў свой працоўны шлях Лукашэнка — пасля Горацкай акадэміі паехаў на камбінат будаўнічых матэрыялаў на прамысловай зоне, дзе працавалі зэкі. І на поўным сур’ёзе некаторыя ахоўнікі даводзілі, што для нас вялікі гонар сядзець тут, дзе пачынаў наш незаменны зямляк Лукашэнка. «Ён сюды прыязджаў у нулявых», — вельмі ўспамінаюць тыя, хто ўжо працаваў тады тут у адміністрацыі.
 

Тады ж Лукашэнка ў звароце да працаўнікоў калоніі сказаў, што «вы — мае людзі». У нейкім сэнсе ён, падобна, лічыць сябе ахоўнікам «зоны» пад назвай Беларусь. Ён і дзейнічае па гэтых зонаўскіх законах, і нават у мове ягонай усё гэта прарываецца: «галубятні», «накланяць», «нагібаць» і ўвесь падобны слэнг.

Другі этап — «Камера»

Другі этап тычыцца катавання пераменай месцамі. У мяне было за два гады восем пераездаў — ад Жодзіна і Акрэсціна да Шклова і Мазыра. Але ўсё роўна, колькі б ні было людзей вакол, адзінота насамрэч нікуды не знікае. Бо ты тут не па сваёй волі, цябе выцягнулі з твайго звыклага жыцця і кінулі ў мясарубку.

У «Пераездах» дэталёва распісваю і месцы, і людзей, і абыходжанне.

Трэці этап — «Галасы»

Гэта галасы калег па няшчасці, гісторыі людзей, якія прайшлі гэтыя выпрабаванні, яны ўсе «палітычныя» таксама. Будзе каля 20 гісторый. У тым ліку і таму запісаў іх, каб не падавалася, што я такі вось выключны герой-пакутнік. Гэтыя здзекі — гэта норма там.

У сёняшняй Беларусі ад 2020-га — не дзясяткі і сотні, а тысячы такіх гісторый. Людзей мэтанакіравана катуюць толькі за тое, што яны не згодныя з пазіцыяй дзяржавы, аўтарытарнага лідара і г. д. Мяркую, калісьці выйдзе шматтомная хроніка, дзе ўжо пра кожнага чалавека будзе напісана.

Дарэчы, гэта гісторыі не толькі пра калоніі. Вось, напрыклад, ёсць меркаванне, што хатні арышт — гэта мяккае нават не пакаранне, а так сабе нешта. Але, як сведчыць Юлія Чарняўская, гэта пакаранне зусім не лайтовае, жыццё ў адной кватэры з супрацоўнікамі спецслужбаў яшчэ тое выпрабаванне. Ці гісторыя Віктара Пархімчыка — ён атрымаў «хімію», а потым праз безліч надуманых «парушэнняў» паехаў у калонію.

Будуць гісторыі Паўла Севярынца, Уладзя Лабковіча, Вольгі Класкоўскай, Паліны Шарэнды-Панасюк, Змітра Казлова і іншых. Гісторыя ўкраінца Аляксандра Катовіча, мы з ім разам былі на этапе з Магілёва ў Шклоў.

karniej-5.jpgІгар Карней, Базель, Швейцарыя, 2026 год. Фота з асабістага архіва

Чацвёрты этап — «Апора»

Гэта тое, што табе не дае звар’яцець, капітуляваць, пераўтварыцца ў расліну і дазваляе застацца чалавекам.

Апора ў маёй гісторыі — гэта сям’я. Мне падфарціла, што мяне было каму падтрымліваць. Я ў спіс «тэрарыстаў» не патрапіў, я ўсяго толькі «экстрэміст» — і камунікацыя праз лісты мяне вельмі падтрымлівала.

Што праўда, было ўдарам, калі седзячы ў «адзіночцы», у лісце даведаўся пра анкалагічны дыягназ у жонкі Іны. Было вельмі цяжка. Асабліва ў тых умовах сталага кашмару — і пачынаеш думаць, што ты ўжо ніколі не ўбачышся. Маральны тупік.

«Пры гэтым адміністрацыя ж чытае лісты, ніводзін ліст не абыходзіцца без цэнзурнага прагляду. І ведаючы, у якім стане я і жонка, яны працягвалі катаванні. І дадалі амаль дадатковы год турмы.

Лісты ад родных — гэта і падтрымка, і інфармацыя, і стымул выжыць.

Таксама ў гэтым раздзеле праводжу паралелі са сваімі дзядамі. Доўгія гады не было мне нічога вядома пра пацярпелых ад Саветаў продкаў у даваенны і паваенны час. Мяне заўжды здзіўляў той страх нашых людзей, адмова гаварыць пра савецкія рэпрэсіі нават у познія савецкія часы. Але гэта, на жаль, закальцоўваецца з цяперашняй гісторыяй.

Людзі ў Беларусі запалоханыя, як і ў часы Сталіна. Таму і вялізная эміграцыя, гэта тое, што адрознівае ад поўнага падабенства з савецкімі рэпрэсіямі. Людзі скарыстоўваюць любую магчымасць з’ехаць, каб не быць растаптанымі гэтым дзяржаўным катком. Нягледзячы на нялёгкую эмігранцкую долю.

На пральнай машыне ў кладоўцы без вокнаў

— Давялося ўзгадваць ужо ці гэта ўсё было яшчэ з вамі?

— Вырашыў пісаць адразу пасля прапановы, пакуль яшчэ ў маёй галаве гэта ўсё.

1 верасня, не выходзячы з вобразу, прысеў за стол. Хаця не зусім за стол. Жонка з малодшай дачкой знялі жытло на Азорах даволі сціплае, а калі мы ўз’ядналіся, то з месцам стала яшчэ больш сціпла.

Мой працоўны кабінет — кладоўка з пральнай машынай, прывалок яшчэ з вуліцы пластыкавае крэсла. Там няма вокнаў, прыцемкі, плошча маленькая, лічы, аўтэнтычна, як у ШІЗА. Але з вялікім адрозненнем — у любы момант мог выйсці на кухню да лядоўні ці на вуліцу ўвогуле.

karniej-6.jpgІгар Карней падчас напісання кнігі, Азорскія выспы, Партугалія, восень 2025 года. Фота з асабістага архіва

Пісалася лёгка, як канвеер працаваў. У мяне былі запісы і ў турме, дзённікі, вершы пісаў да родных, але ўсё вынішчана пад нуль. З папер у мяне на руках застаўся толькі пашпарт. Усё прыйшлося ўзнаўляць з галавы. Але прызнаюся, што каб не прапанавалі, сам наўрад ці ўзяўся б — не меркаваў, што магу ўзяцца за паўнавартасную кнігу.

«Не выключаю вяртання ў медыя»

— Ці думаеце вяртацца ў журналістыку?

— Складанае пытанне. Зараз такая сітуацыя, што рынак медыйны сціснуўся, прапаноў нянадта багата. Тое ж «Радыё Свабода», дзе я прапрацаваў апошнія 22 гады, само зараз не ведае, што і як далей. Унікальная сітуацыя, калі адміністрацыя Трампа адной рукой выцягвае журналістаў з турмаў, а іншай рукой згортвае і абнуляе медыйныя праекты, якія існавалі з амерыканскіх грошай. Я выйшаў — а майго рэсурсу няма. 

karniej-7.jpgІгар Карней з прэзідэнтам «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода» Стывам Капусам і намеснікам памочніка дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Крыстафэрам Смітам. Літва, Вільня, 21 чэрвеня 2025 года

З іншага боку, і добра, што адразу пасля выхаду не кінуўся адразу ў медыйны вір. Бо гэта якраз і дало магчымасць напісаць гэту кнігу. Натуральна, калі б я працаваў, не змог бы канцэнтравацца над мемуарнай дзялкай. Якасць бы схібіла — ці там, ці там. Да таго ж, беларуская журналістыка зараз не можа працаваць у сваёй краіне — таксама найважнейшая акалічнасць. Але не выключаю, што вярнуся ў медыя.

Спадзяюся, у бліжэйшай будучыні мне ўдасца легалізавацца. То тады, можа быць, і вярнуся да гэтага пытання.