Паказы, пітчынгі і незаўважная супраца. Адшукалі беларускіх кінематаграфістаў на 76-ым «Берлінале»

14.02.2026 Кіно

12 лютага ў Берліне распачаўся 76-ты міжнародны кінафорум «Берлінале» — адна з найбольш знакамітых і дэмакратычных (найперш для гледачоў) кінакультурных падзей Еўропы. Беларускіх стужак сёлета ў асноўным конкурсе ўсё яшчэ няма, што не змяншае плён айчынных кінематаграфістаў, праца якіх заўважная ў цітрах замежных рэжысёраў і на Еўрапейскім кінарынку (EFM).

Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі распавядае, дзе можна сустрэць суайчыннікаў.

berlinale-2026.jpgУ берлінскім кінатэатры CinemaxX Lounge / Studio Babelsberg Lounge адбываецца пітчынг беларускіх кінапраектаў у межах European Film Market. Фота: тг-канал "Свяшчэнны Белавуд"

Успаміны пра чалавечнасць і «камеа» ў еўрапейскіх стужках

Вакуум адсутнасці беларусаў у асноўным конкурсе часткова кампенсуецца іх прысутнасцю ў паралельных праграмах. Атрымалася не так заўважна, як у мінулым годзе з «Лебедзінай песняй Фёдара Озерава» ў праграме Forum, але і выбіраць не выпадае.

У секцыю караткаметражнага кіно Berlinale shorts вярнуўся дакументальны эсэіст Павел Мажар, аўтар такіх стужак пра сучасную Беларусь, як «Метадычка» (Handbook) і «Непажаданае сваяцтва» (Unwanted Kinship).

У сваёй новай працы пад назвай «З найлепшымі пажаданнямі» (With a Kind Regard) рэжысёр звярнуўся да напрацаванай тэмы — аналізу сутыкнення чалавека з хваляй раптоўных пераменаў.

Праз візуальны шэраг закінутай фабрыкі часоў ГДР Мажар цытуе анкеты нямецкіх працоўных з сярэдзіны нулявых гадоў, якія шукаюць сабе ў вольнай рынкавай эканоміцы. Чалавечы і эмацыйны тэкст адцяняе змрочны і халодны візуальны шэраг прадпрыемства, разлічанага на эксплуатацыю і вынік. Па змесце — гэта актуальнае выказванне пра разгубленасць людзей у эпоху росквіту індустрыі штучнага інтэлекту.

У цітрах аўстрыйска-ўзбекскага фільма «Маё сэрца» (Yuragim) Кірыла Комара і Вары Гарыб можна адшукаць Сашу Кулак («Мара», «Хронікі ртуці»). Кінематаграфістка працавала над праектам у якасці аператара-пастаноўшчыка, чым звычайна займаецца як у сваіх, так і партнёрскіх праектах. «Маё сэрца» выбіваецца з агульнага шэрагу яе прац, бо гэта ігравое кіно, з якім у Кулак няшмат досведу. Звычайная стыхія рэжысёркі — дакументалістыка.


Падзеі «Сэрца» адбываюцца ў сучасным Узбекістане і засяроджваюцца на Саідзе — жанчыне, якая жыве паміж рознымі светамі і ролямі. Для сваёй маці яна — сціплая школьная настаўніца. Пры гэтым яна працуе перакладчыцай для замежных бізнес-дэлегацый. Але наканаванне лёсу прымусіць жанчыну расставіць прыярытэты ва ўласным жыцці.

Яшчэ адно нечаканае камэа чакае гледачоў секцыі Forum. Тут у фільме нямецкага дакументаліста Волькера Коэпа «Хронас — плынь часу» (Chronos — Fluss der Zeit) у якасці адной з гераінь можна пабачыць беларускую літаратарку і гендарную даследчыцу Вольгу Гапееву. Беларуска даўно жыве і працуе ў Германіі, і таму яе з’яўленне ў стужцы, хоць і выглядае нечаканым, было справай часу.

У «Хронасе» рэжысёр праз тэксты і лірыку даследуе рэгіён паміж Балтыйскім і Чорным марамі, праходзіць уздоўж рэк Нёман, Днестар і Прут. У гэтым культурна-этналагічным даследаванні Коэп вывучае мінулае і сучаснасць рэгіёну, на які ўздзейнічае вайна ва Украіне.

Гапеева становіцца адным з галасоў, які дапаўняе аўтарскае разважанне пра месца чалавека ў часе і прасторы. Сама аўтарка прызналася, што трапіла ў стужку дзякуючы ўласным вершам, якія заўважыў рэжысёр.

Аматараў дакументальнай рэтраспектывы чакае сюрпрыз — на фестывалі праз 33 гады пакажуць стужку «Аранжавыя камізэлькі» ветэрана палітычнага кіно Юрыя Хашчавацкага. Фільм стаў вынікам нямецка-беларускай супрацы, створаны ў 1992 годзе і ўпершыню паказаны на Берлінале ў секцыі «Панарама» ў 1993 годзе.

Цікавасць да фільма «абудзілася» пасля пачатку вайны ва Украіне — фільм паказвалі ў Германіі ў 2022 годзе на фестывалі GoEast і ў межах пабочных падзей Berlinale Forum & Friends восенню 2024 года.

Такая цікавасць да праекта цалкам зразумелая — Хашчавацкі ў кампаніі кінематаграфістак Элы Міловай і Ірыны Пісьменнай, стваральніц студыі «Таццяна», распавядае пра жыццё людзей, што апынуліся на развалінах Савецкага Саюза. Больш за 30 гадоў прайшло, а праблемы герояў стужкі ўсё яшчэ выглядаюць не да канца вырашанымі. Ды і сама імперыя паволі падымае галаву.

Дзвіж на кінарынку

У адрозненне ад фестывальнай, кінаіндустрыяльная актыўнасць беларускіх кінематаграфістаў выглядае больш жывой.

Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) ужо чацвёрты год запар пасля свайго адкрыцця арганізоўвае працу ўласнага стэнда на ЕFM.

bifa-work-in-progress_IMG_1780.pngBIFA на Берлінале

BIFA прэзентуе загадзя адабраныя для пітчынга праекты на стадыі распрацоўкі. Сёлета іх шэсць:

  • «Невялікая размова» дакументаліста і аператара Сяргея Кавалёва

  • «Міс Усходу» палітычнай і грамадскай актывісткі Яны Шостак

  • «Чырвонагаловая вавёрка» рэжысёркі Ульяны Шаграевай

  • «Купальская ноч» рэжысёркі Лізы Чаканавай

  • «Ад сэрца да сонца» рэжысёра Андрэя Кашперскага

  • адзін праект будзе прадстаўлены цалкам ананімна

У нас атрымалася загадзя даведацца, пра што раскажуць некаторыя працы.

Стваральнік серыялу «Працэсы» Андрэй Кашперскі распрацоўвае паўнаметражную камедыю «пра польскага байкера-скінхэда па мянушцы Кабан, які пасля страшнага інцыдэнту вымушаны перагледзець свой светапогляд».

Дакументаліст Сяргей Кавалёў у «Невялікай размове» збіраецца распавесці пра каланіяльную спадчыну постсавецкага рэгіёна, дзе руская мова выціснула з ужытку ўсе астатнія. Героям стане шасцігадовы хлопчык, які «сумесна за бацькамі выпраўляецца ў лінгвістычнае падарожжа».

«Чырвонагаловая вавёрка», па словах суаўтаркі праекта Ульяны Шаргаевай, стане адаптацыяй дакументальнай п’есы ананімнай драматургіні.

Праект распавядзе пра былую палітзняволеную, якая спрабуе вярнуцца да нармальнага жыцця. Аднойчы яна выпадкова ратуе ад арышту і хавае ў сябе цяжарную 19-гадовую дзяўчыну, за якой прыйшоў АМАП. Гэта вымушае галоўную гераіню шукаць спосабаў нелегальна пакінуць краіну разам з яе новай знаёмай. Цяпер іх адзіны шанец на выратаванне — праваднік, але той аказваецца не менш небяспечным за беларускі рэжым, ад якога яны ўцякаюць.

У творчай лабараторыі Berlinale Talents заўважаны рэжысёр Аляксей Палуян, аўтар фільмаў «Смеласць» і «Возера радасці». Ён удзельнічае ў сёлетняй праграме Berlinale Talents з новым праектам «Інкубатар» (Іncubator), для якога ўдасканальвае сцэнар.

Сюжэт у стужкі інтрыгуючы — 35-гадовая Марыя, беларуская маці, трапляе ў сумнеўны свет сурагатнага мацярынства ва Украіне, каб вызваліць свайго мужа Віктара ад дзевяцігадовага турэмнага прысуду ў Беларусі. Але калі пачынаецца вайна, планы Марыі рэзка змяняюцца, і яна разам са сваім нованароджаным дзіцём — прызначаным для нямецкай пары — апынаецца ўцягнутай у небяспечныя выпрабаванні штодзённага жыцця ў зоне вайны.

«Інкубатар» — другі поўнаметражны ігравы фільм, які ствараецца ў супрацы нямецкай і французскай студыямі. Яго Палуян плануе рабіць пасля вытворчасці фільма «Спадчына», таксама прысвечанага Беларусі ў пераломныя часы пратэстаў 2020 года і пачатку вайны ва Украіне. Апошні праект, па словах аўтара, будзе здымацца ўжо ў гэтым годзе. Бюджэт на яго атрыманы, і хутка будзе праходзіць кастынг.

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org