Дзень сьвятога Censored. Казка для дарослых ад Яны Вольскай

13.02.2026 Культура

Гэтым тэкстам мы распачынаем аўтарскую рубрыку пісьменніцы Яны Вольскай «Казкі жыцця». Гэта казачныя гісторыі для дарослых, у якіх Яна з гумарам і іроніяй піша пра нашы штодзённыя беларускія рэаліі. Першая казка пра тое, як у Беларусі цяпер адзначаюць забароненае свята — Дзень святога Валянціна.

Jana-Volskaia.pngЯна Вольская. Фота Дар'і Каляды

Намесьніца дэкана дзяржаўнага унівэрсытэта Любоў Аляксандраўна сядзела за сталом у сваім кабінэце і ўважліва глядзела на аркуш паперы, пакладзены перад ёй на стале. На ім быў бачны надпіс вялікімі друкаванымі літарамі: Расклад мерапрыемстваў на тыдзень.

— Добра, добра, — задаволена адзначала Любоў Аляксандраўна, гледзячы на расклад. — У панядзелак у нас выязны спартова-адукацыйны форум актыва творчага саюза унівэрсытэта «ФізкультУра», у аўторак — фэстываль студэнцкіх хароў «Галасісты салавей», у сераду армрэстлінг «Непераможны кулак».

Тут яна на хвіліну задумалася над словам «армрэстлінг». На мінулым тыдні яны з сяброўкай схадзілі на пастаноўку ў Тэатр юнага гледача, і пасьля пастаноўкі сяброўка шматзначна намякнула, што можа пачаставаць рыслінгам. Любоў Аляксандраўна была заінтрыгаваная і ахвотна пагадзілася, а назаўтра ледзь паднялася на працу і правяла дзень з моцным галаўным болем. Пасьля гэтага слова «рыслінг» выклікала ў яе цьмяную, але ўстойлівую няпрыязь. Яна падняла вочы і перавяла позірк на мэтадыстку:

— Алена Вячаславаўна, а што гэта за «армрыслінг» такі стаіць у нас у раскладзе?

— Як? — мэтадыстка ледзь не падскочыла. — Дык ужо трэці месяц кожны тыдзень праводзім. Армрэстлінг — настольныя спаборніцтвы на адной руцэ. Потым прэміруем пераможцаў квіткамі на спартакіяды ў Палац спорту.

Любоў Аляксандраўна паморшчылася. Адзін успамін пра гэты «рыслінг» выклікаў у яе фонавы галаўны боль.

— Ну калі на адной, тады добра, — замірэнча, але строга адказала яна.

— Так, далей, — яна працягнула вывучаць расклад. Далей у раскладзе стаяў легкаатлетычны крос «Першы джэнтэльмен» сярод першакурснікаў.

— Што гэта яшчэ за «Першы джэнтэльмен»? — Любоў Аляксандраўна зьдзіўлена паглядзела на мэтадыстку.

— Дык... — спалохана ўжо хацела адказаць тая, заўсёды гатовая да адказу.

— У нас толькі адзін Першы джэнтэльмен! — голасна і цьвёрда, як на чаканцы, адрапартавала намесьніца дэкана. І на ўсялякі выпадак выразна перавяла позірк з мэтадысткі на партрэт, які вісеў пасярод сьцяны.

— Дык... — зноў прамовіла Алена Вячаславаўна, у жаху заўважыўшы, што партрэт крыху скасабочыўся.

— Перапісаць назву, — мэталёвым голасам адрэзала начальніца.

Алена Вячаславаўна апусьціла вочы. І праз імгненьне раздаўся ня проста вокліч, а сапраўдны крык. Мэтадыстка ўжо насамрэч падсочыла на крэсьле.

— Што? Што гэта такое? — лямантавала Любоў Аляксандраўна, утаропіўшы вочы ў расклад. — Не, ты мне патлумач! Гэта ўжо ня ў тын, не ў вароты! Урачыстае сьвяткаваньне Дня сьвятога...

— Валянціна, — аднымі вуснамі прашаптала мэтадыстка.

— Што ты сказала? — разьятрана перапыталася намесьніца дэкана.

— Валянціна Міхайлаўна, — з камяком у горле прамармытала мэтадыстка.

— Якая яшчэ... — пачала Любоў Аляксандраўна.

— Добры вечар, дзяўчаты! — Валянціна Міхаўлаўна Фурса, навуковы супрацоўнік унівэрсытэта, ветліва ўсьміхалася зь дзьвярнога праёма.

— Не, яна давядзе мяне да ручкі! — паскардзілася Любоў Аляксандраўна. — Паглядзі, што яны зьбіраюцца тут ладзіць!

Валяціна Міхайлаўна падышла да стала і паглядзела ў расклад.

— Ну, Дзень сьвятога Трыфана, — прачытала яна. — А што цябе тут бянтэжыць?

І ўжо абедзьве, навуковая супрацоўніца і мэтадыстка, вельмі ўважліва і, як падалося Любові Аляксандраўне, з падозраньнем паглядзелі на яе. Любоў Аляксандраўна нават пацерла вочы. І сапраўды, у раскладзе было напісана: Урачыстае сьвяткаваньне Дня сьвятога Трыфана.

Любоў Аляксандраўна вярталася дахаты і ліхаманкава думала, як гэта так здарылася, што ёй прымроілася ў раскладзе зусім іншае. А калі калегі дакладуць на яе, куды трэба? Што ў яе неляяльныя думкі пра крамольнае сьвята! У нас ёсьць дакладныя патрабаваньні, інструкцыі, мэтадычныя лісты. Усё ў межах праграмы правільнага выхаваньня.

Яна паўтарыла некалькі разоў «патрабаваньні», «інструкцыі». На душы стала крыху спакайней. «Правільнае выхаваньне».

Занураная ў гэтыя думкі, Любоў Аляксандраўна больш-менш ачомалася толькі на касе ў «Кароне». Супакоена яна паглядзела па баках — аніякіх плюшавых мішак, ружовых чакалядак, паветраных шарыкаў з надпісамі «I love you».

Ужо амаль цалкам прыйшоўшы ў сябе і сьпісаўшы ўсё на запрацаванасьць, Любоў Аляксандраўна палезла ў торбу за гаманцом, каб разьлічыцца за прадукты, як з торбы нечакана выпала вялікая чырвоная паштоўка ў форме сэрца. Дрыготкімі рукамі жанчына кінулася, каб падабраць злачынную паштоўку.

Dzień śviatoha Censored Illustration.jpegМалюнак Лявона Вольскага

Уся чарга павярнулася і ўтаропілася ў агромністае чырвонае сэрца. Стала вельмі ціха, і нават касавы апарат перастаў стракатаць. Любоў Аляксандраўна схапілася ўжо не за паштовачнае, а за сваё сэрца.

І тут з чаргі хтосьці прамовіў:

— Зь Днём сьвятога Трыфана!

І ўся чарга гучна зарагатала.

Яна Вольская, Budzma.org